У краіне дэфіцыт кадраў: звальненняў больш, чым працаўладкаванняў
Эміграцыя і звальненні па палітычных прычынах фарсіруюць дэфіцыт кадраў, які існуе ў Беларусі. На дадзены момант колькасць звольненых за год на 62,8 тысячы чалавек болей, чым колькасць прынятых на працу.
У 2023 годзе ў Беларусі былі звольнены амаль 693 тыс. чалавек, а на працу прынялі 630,15 тыс. чалавек. Такім чынам, колькасць звальненняў перавысіла колькасць працаўладкаванняў на 62,8 тыс., сведчаць даныя Белстата, піша Reform.by. У аператыўную справаздачу не ўключаюцца мікра- і малыя прадпрыемствы без ведамаснай падпарадкаванасці.
У параўнанні з 2022 годам колькасць працаўладкаванняў скарацілася на 1,2%, а звальненняў — на 2,3%.
У снежні баланс таксама склаўся на карысць звальненняў. За месяц былі звольнены 44,5 тыс. чалавек, або на 5,47 тыс. больш, чым было прынята на працу.
Летась у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках было звольнена на 9,88 тыс. чалавек больш, чым прынята на працу, у апрацоўчай прамысловасці звальненняў было на 6,05 тыс. больш, чым працаўладкаванняў. У будаўніцтве таксама склаўся негатыўны баланс: звольнілі на 6,5 тыс. чалавек больш, чым прынялі на працу. У аптовым, рознічным гандлі, рамонце аўтамабіляў і матацыклаў таксама звальненняў было больш — на 10,42 тыс.
У транспарце і лагістыцы баланс склаўся на карысць звальненняў: іх было на 6,2 тыс. больш, чым працаўладкаванняў.
У сферы «Інфармацыя і сувязь» за мінулы год было звольнена крыху больш за 18 тыс. чалавек, або на 6,93 тыс. больш, чым прынята на працу. Пры гэтым колькасць працаўладкаванняў скарацілася на 29,3% да 11,1 тыс. чалавек.
У фінансавай і страхавой дзейнасці звольнілі на 1,89 тыс. чалавек больш, чым прынялі на працу.
У дзяржаўным кіраванні звальненняў таксама было больш на 675 чалавек. На 7,9 тыс. больш звольнілі, чым прынялі на працу ў адукацыі.
У ахове здароўя колькасць звальненняў перавысіла колькасць працаўладкаванняў на 920 чалавек.
Больш працаўладкаванняў чым звальненняў было ў прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці. Тут на працу прынялі на 802 чалавекі больш, чым звольнілі.
Нагадаем, за мінулы год колькасць занятых у эканоміцы скарацілася на 49,5 тыс.чалавек. У снежні, паводле звестак Белстата, у беларускай эканоміцы было занята 4,14 млн чалавек.