Мінус 500 тысяч чалавек за 13 год: сітуацыя занятасці ў беларускай эканоміцы
Як змянялася колькасць занятых у эканоміцы? У чым пагроза адтоку працаздольнага насельніцтва? Ці хвалюе гэтая праблема ўрад Беларусі?
Нядаўна Белстат апублікаваў звесткі пра тое, колькі беларусаў былі прынятыя на працу, а колькі былі звольненыя ў 2023 годзе. Мяркуючы па афіцыйных лічбах, колькасць звальненняў перавысіла колькасць працаўладкаванняў амаль на 63 тысячы.
Прычым гэтая тэндэнцыя захоўваецца не першы год, і калі адзін час разбежка была не гэтак значнай, каля 10 тысяч, то пасля 2020-га розніца вырасла ў разы.
Хоць здавалася б: калі вакансій на рынку працы куды больш, чым жадаючых, то і працадаўцы павінны больш актыўна прымаць новых супрацоўнікаў. Пра тое, што стаіць за статыстыкай і як гэта адбіваецца на беларускай эканоміцы, «Филин» даведаўся ў старэйшай навуковай супрацоўніцы BEROC Анастасіі Лузгіной.
— Для пачатку важна адзначыць, што справаздача Белстата па колькасці прынятых і звольненых работнікаў уключае ў сябе даныя арганізацый за выключэннем малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці і мікрапрадпрыемствашў, — звяртае ўвагу эканамістка, — і гэта важна. Таму што прыведзеныя лічбы — гэта прыкладна 66% ад усяго занятага насельніцтва. Гэта значыць для агульнай карціны больш правільна ўсё ж такі глядзець на колькасць занятага насельніцтва ў цэлым па краіне.
Але і з агульнай лічбай, адзначае Анастасія Лузгіна, не ўсё гладка. Калі на снежань 2022 года ў эканоміку Беларусі лічыліся ўцягнутымі 4 мільёны 189 тысяч чалавек, то за год скарачэнне склала 44 тысячы.
— Гэта ў любым выпадку шмат. І калі паглядзець на прамежак 10-15-гадовай даўніны, параўнаць цяперашнюю сітуацыю, напрыклад, з 2010 годам — за гэты час колькасць занятых у эканоміцы скарацілася дзесьці на 500 тысяч.
З 2020 года назіраецца яшчэ большая актыўная дынаміка скарачэння занятага насельніцтва. Акрамя таго, што мае месца быць дэмаграфічны фактар — на рынак працы выходзяць людзі, народжаныя ў перыяд зніжэння нараджальнасці, — да яго дадаліся і іншыя.
У прыватнасці, кавід, які паўплываў на занятасць у 2020-2021 гадах.
І, безумоўна, трэці значны фактар — рэлакацыя вялікай колькасці людзей з Беларусі, Уцечка кадраў. Нават афіцыйныя ўлады нядаўна заяўлялі, што, паводле іх ацэнак, краіну за 2021-2022 гады пакінулі каля 200 тысяч беларусаў. І гэта, зразумела, адбілася на агульнай карціне — як мы не раз казалі, з'язджаюць людзі працаздольныя, у большасці сваёй разлічваюць уладкавацца на працу за мяжой.
У пэўнай ступені была і вымушаная рэлакацыя, і людзі, якія з'язджалі з краіны з палітычных прычын, не маглі быць упэўненыя ў тым, што змогуць адразу добра ўладкавацца ў той жа Польшчы і Літве. Але былі, і ёсць, высокакваліфікаваныя спецыялісты — урачы, супрацоўнікі IT-кампаній, транспартнікі — хто ад'язджаў, сыходзячы з эканамічных фактараў, плануючы асесці, жыць і працаваць у іншай краіне. І гэта ўсё адбілася на агульнай сітуацыі з занятасцю.
Калі тэндэнцыя захаваецца працяглы час, нічога добрага для беларускай эканомікі ў гэтым не будзе, кажа Анастасія Лузгіна.
— Адток людзей з краіны дрэнны для яе перспектыў адразу з некалькіх пазіцый: па-першае, менш тых, хто стварае ВУП, груба кажучы, менш працоўных рук для вытворчасці чагосьці. А па-другое, раз скарачаецца колькасць работнікаў, скарачаецца і колькасць паступленняў у ФСАН, што, з улікам нашай размеркавальнай пенсійнай сістэмы, вельмі рызыкоўна.
Пенсіянераў з'язджае няшмат, у большасці сваёй яны застаюцца ў Беларусі, а колькасць людзей, якія іх могуць забяспечыць, усё памяншаецца.
Як следства, працягвае эканаміст, ФСАН становіцца дэфіцытным, нагрузка на бюджэт узрастае. І калі цяперашнім пенсіянерам дзяржава ўсё ж такі спрабуе захаваць сярэднегадавы ўзровень пенсій, які складае прыкладна 40% ад сярэдняй беларускай зарплаты, то чым далей, тым складаней будзе павышаць пенсіі, захоўваючы гэтыя суадносіны.
І хоць у публічных выступах урад РБ і асобныя чыноўнікі дэманструюць аптымізм, стабільнасць і рост эканомікі, праблема занятасці, якая нарастае, іх таксама турбуе, мяркуе Анастасія Лузгіна.
Пра гэта сведчаць і планавыя меры па замацаванні маладых спецыялістаў (павелічэнне адпрацоўкі для бюджэтнікаў і размеркаванне для платнікаў), і пашыраны пералік прафесій, па якіх замежнікам створаныя спрошчаныя правілы доступу на рынак працы, і прынятая нядаўна канцэпцыя міграцыйнай палітыкі:
— Гэта званочак, што пра праблему ўлады ведаюць, і, хоць і не хочуць выстаўляць напаказ, іх сітуацыя хвалюе.
Цікава будзе паглядзець на план дзеянняў, які павінен быць распрацаваны на працягу трох месяцаў да канцэпцыі міграцыйнай палітыкі — якія канкрэтныя меры туды закладуць, за кошт чаго будуць спрабаваць спыніць і эміграцыю, і прыцягваць спецыялістаў-замежнікаў.
Пакуль мы бачым, што нарасціць працоўныя рэсурсы дзяржава спрабуе мерамі адміністрацыйнага характару. Але наколькі гэта эфектыўна, вялікае пытанне.