«Такую зарплату лічу шалёнай». Паглядзіце, які заробак прапануюць маладым спецыялістам у Пінскім раёне
У рэдакцыю «М*дыя-Палессе» звярнулася пінчанка з просьбай апублікаваць, на якія заробкі адпраўляюць маладых спецыялістаў Пінскага каледжа тэхнікі і тэхналогій.
Як распавяла жанчына, яе сын паступіў у каледж пасля
заканчэння 9-га класа. Першыя тры гады — атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі,
яшчэ 2,5 года — навучанне спецыяльнасці. Сын вучыўся бясплатна, і ў гэтым годзе
ў яго размеркаванне.
У каледжы прапанавалі некалькі варыянтаў працаўладкавання.
Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што жыллё — пакой або месца ў інтэрнаце — прадастаўляецца практычна ўва ўсіх варыянтах. А вось зарплата паказаная не
ўсюды.
Так, ёсць варыянты з прыстойнай зарплатай. Напрыклад, у
аграгарадку Ржаўка ў Магілёўскай вобласці тэхніку-праграмісту абяцаюць 500
рублёў. На 100 рублёў больш зарплата ў аператара ЭВМ у Жыдчы.
Тэхніку-праграмісту ў Сінкевічах Лунінецкага раёна ў месяц заплацяць 700
рублёў.
Але ў двух выпадках зарплата проста не паддаецца разумнаму апісанню.
Мяркуйце самі, маладому спецыялісту прапануюць папрацаваць
два гады ў Бераставіцкай райбальніцы тэхнікам-праграмістам за заробак 255,31
рубля ў месяц. Або інжынерам-праграмістам у Лельчыцкім каледжы — за 256,52
рубля.
Каб атрымаць свабоднае размеркаванне, трэба кампенсаваць
выдаткі за навучанне. А гэта за першую ступень — 6765 рублёў, за другую — 9530 рублёў. У агульнай складанасці прыблізна 16 295 рублёў. Гэтыя сумы былі на
момант паступлення ў каледж. І, хутчэй за ўсё, іх яшчэ праіндэксуюць.
«Першае працоўнае месца, вядома ж, выдатна, але не з
месячнай зарплатай у 255 рублёў. Такую зарплату лічу шалёнай», — рэзюмавала
пінчанка.
Улады ўжо шмат гадоў хваляцца, што дзякуючы абавязковаму размеркаванню маладыя спецыялісты пасля атрымання адукацыі гарантавана атрымліваюць першае рабочае месца. На практыцы ж іх частка закідваюць на нізкааплатныя пазіцыі недзе ў глыбінцы, дзе ніхто працаваць не хоча. «Шчасце» размеркавання ў такім выпадку аказваецца прыгоннай кабалой на два гады, з якой нельга звольніцца. Таму ўсё часцей студэнты-бюджэтнікі імкнуцца неяк адкасіць ад размеркавання.
Нагадаем, што ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 8 снежня 2022 года з 1 студзеня 2023 года месячная мінімальная заработная плата ўстаноўлена ў памеры 554 рублёў. Як бачым, выпускнікам пінскага каледжа прапануюць удвая менш. Ці можна пражыць на 256 рублёў у месяц? Адказ відавочны. Цягам адпрацоўкі малады спецыліст, па сутнасці, працягне жыць за кошт бацькоўскай дапамогі. А потым адразу звольніцца і будзе шукаць іншае месца працы, дзе плацяць болей.