Дэнамінацыя ў пытаннях і адказах

Дэнамінацыя — гэта не страшна. Перажылі дзве, перажывём і трэцюю. Але напачатку варта ведаць пра некалькі простых момантаў, а потым і да новых грошай прызвычаімся.

nac_bank.jpg


Калі мы ўбачым новыя грошы?


Не раней 00 гадзін 1 ліпеня. Да гэтага дня ніхто і ні ў якім разе не можа вам прапанаваць абмяняць старыя грошы на новыя. Калі такая прапанова паступіла — гэта махлярства.


Як будзе адбывацца абмен?


Памяняць старыя грошы на новыя можна цалкам бясплатна. Ніякіх дакументаў для гэтага не трэба. Выключэнне, калі вы прыйдзеце ў банк з вельмі буйной сумай — 1000 базавых велічынь і больш (цяпер гэта 210 мільёнаў рублёў). Тады ў вас запатрабуюць пашпарт. Старыя грошы будуць знаходзіцца ў звароце нароўні з новымі да 31 снежня 2016 года, іх абавязаны прымаць усе банкі, крамы, цырульні, кавярні ды іншыя ўстановы. Так што не варта ў першы дзень бегчы і спрабаваць перавесці ўсю зарплату ў новыя купюры, — рэшту ў краме ўсё роўна могуць даць старымі грашыма.


Ці можна будзе разлічвацца адначасова двума відамі грошай: напрыклад, суму ў 10 рублёў разбіць на 5 рублёў і 50 000 рублёў?


Да 31 снежня 2016 года старыя і новыя грошы знаходзяцца ў паралельным звароце, абавязковым да прыёму без абмежаванняў. Да канца года можна адначасова разлічвацца і старымі, і новымі банкнотамі адначасова.

У якіх лічбах павінны паказвацца сумы ў чэках пасля 1 ліпеня?


Перапраграмаванне прылад — працэс доўгі і працаёмкі. Да таго ж, паралельнае хаджэнне грошай ідзе да 31 снежня. Таму чэк будзе выдавацца ў залежнасці ад таго, «перапілаваны» апарат на новыя грошы ці не. Гэта значыць, у адным месцы чэк будзе стары, у іншым — новы.


Як адрозніць чэк у дэнамінаваных рублях ад недэнамінаваных? Дапусцім, чалавек купіў тавар на суму 5000 новых рублёў, а пры вяртанні тавару яму выплацяць 5000 старымі, згодна чэку?


Нацбанк такія нюансы не агаворвае. Сябра ўправы Асацыяцыі прафесійных аўдытараў Святлана Шалудзякова парэкамендавала патрабаваць пацвярджэнне, што лічба ў чэку менавіта такая, бо касавы апарат перапраграмаваны (альбо не перапраграмаваны) пасля дэнамінацыі.

Фота sputnik.by

Фота sputnik.by


З крамамі зразумела, а «жыроўка»?


Як і цэннікі ў крамах, рахункі павінны мець указанне новых і старых коштаў. Прынамсі, Міністэрства ЖКГ абавяжа падначаленыя арганізацыі пасля дэнамінацыі фармаваць «жыроўкі» менавіта так. Але пакуль няма канкрэтнага рашэння, паказваць у двух варыянтах усе тарыфы, або толькі агульную суму аплаты. Хутчэй за ўсё, дублявацца будзе толькі агульны кошт.


Якія грошы можна будзе зняць у банкамаце?


Гэта залежыць ад таго, пераведзены банкамат на новыя грошы ці не. Да 1 кастрычніка банкі самастойна прымаюць рашэнне аб арганізацыі выдачы ў банкаматах старых ці новых купюр. Пры гэтым банкі павінны будуць павесіць аб'яву, з якімі грашыма той працуе. З 1 кастрычніка ў банкаматах будуць толькі новыя грошы. Нацбанк рэкамендуе банкам для загрузкі банкаматаў выкарыстоўваць банкноты наміналам 5, 10, 20, 50 і 100 рублёў. Банкноты наміналам 500 рублёў (пяць мільёнаў сёння) у банкаматы загружаць не будуць, іх можна будзе атрымаць у банках па папярэднім запыце.




Як абмяняць валюту?


Значэнні курсаў беларускага рубля (BYN) будуць устаноўленыя з дакладнасцю да чатырох знакаў пасля коскі. Напрыклад, калі курс 19880 недэнамінаваных рублёў за долар, ён будзе выглядаць як 1,9880 рубля за долар. З улікам акруглення ў касе вам выдадуць 1 рубель 99 капеек.


У мяне банкаўская картка ў беларускіх рублях, што будзе з грашыма на ёй?


Напрыканцы дня 30 чэрвеня 2016 года банкі зробяць разлік рэштаў, у тым ліку па рахунках кліентаў, якім выдадзеныя банкаўскія аплатныя карткі. Ваша картка пяройдзе на новыя грошы аўтаматычна.


Што будзе з дэпазітамі ў беларускіх рублях?


Сума ўкладу (дэпазіту) з 1 ліпеня 2016 года будзе пераразлічана аўтаматычна. Заключаць нейкія дадатковыя пагадненні да дамоваў банкаўскага ўкладу (дэпазіту) не спатрэбіцца.


У мяне крэдыт, што будзе з ім?


Запазычанасць па крэдыту і працэнтах за карыстанне ім, памер штомесячных плацяжоў з 1 ліпеня 2016 года таксама будуць пераразлічаныя аўтаматычна. Заключэнне дадатковых пагадненняў да крэдытных дамоваў таксама не патрабуецца.

Ці будуць прымаць манеты інфакіёскі і іншыя разліковыя прылады?


Рашэнне аб замене альбо даабсталяванні прылад па прыёме наяўных грошай банкі і іншыя арганізацыі прымаюць самастойна, зыходзячы з тэхнічных магчымасцяў.


Калі я не хачу карыстацца манетамі, ці могуць мне абмяняць іх на купюры?


Як асобная банкаўская аперацыя абмен манет на банкноты не прадугледжваецца. На практыцы і зараз касір можа памяняць дробязь на больш буйную купюру, і наадварот. У той жа час гэта не з'яўляецца яго абавязкам, і ён мае права адмовіць у абмене, бо грашовыя знакі з'яўляюцца законным плацежным сродкам, абавязковым да прыёму, незалежна ад наміналу.

Калі ў мяне старыя грошы застануцца пасля 31 снежня?


З 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года старыя грошы на новыя можна будзе абмяняць у банках краіны. З 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2021-га — толькі ў Нацбанку. Грошы ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі толькі з 1 студзеня 2022 года.