У Беларусі чакаюць бюджэтны дэфіцыт каля 6 мільярдаў рублёў

Такую інфармацыю апублікавалі на сайце фінансавага ведамства, піша рэсурс banki24.by.

39476810_401.jpg

Таксама ўнесеныя папраўкі ў план выканання бюджэту па даходах і расходах. Згодна з удакладненым планам выканання рэспубліканскага бюджэту, да канца года яго дэфіцыт можа дасягнуць 6,057 млрд. BYN.

Дэфіцыт — гэта сітуацыя, калі выдаткі перавышаюць даходы казны. Звычайна ўлады дзеля пакрыцця дэфіцыту бюджэту альбо бяруць грошы з назапашаных рэсурсаў, альбо выходзяць на пазыковы рынак. Магчымы таксама камбінаваны варыянт з некалькіх опцый: рэшткі бюджэтаў мінулых гадоў, новыя даўгі і рэсурсы з рэзерваў і г. д.

Першапачаткова дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту ацэньваўся ў 4,047 млрд. BYN. Аднак на працягу года на выкананне бюджэту паўплывала дзяржпадтрымка буйных прадпрыемстваў і прагнозны дэфіцыт паступова пашырыўся.

Акрамя рэспубліканскага бюджэту ў Беларусі ёсць яшчэ мясцовыя бюджэты (Мінска, абласныя, раённыя і г. д.), а таксама бюджэт Фонду сацабароны. Разам яны ўтвараюць бюджэт сектара дзяржкіравання. Удакладнены дэфіцыт бюджэту сектара дзяржкіравання склаў 5,855 млрд. BYN.

Фармальна гэта значыць, што за межамі рэспубліканскага бюджэту фарміруецца невялікі прафіцыт. Але па факце мясцовыя бюджэты і бюджэт ФСАН атрымліваюць грошы (трансферты) з рэспубліканскага бюджэту.

Напрыклад, бюджэты абласцей маюць датацыі з цэнтральнай казны. Згодна з «Законам аб бюджэце на 2021 год», памер гэтых датацый рэгіёнам склаў 4,016 млрд. BYN. Падобная схема рэалізаваная з бюджэтам Фонду сацыяльнай абароны. Паводле «Закона аб бюджэце-2021», казна ФСАН атрымлівае з рэспубліканскай субвенцыю на суму 1,630 млрд. BYN.

У кастрычніку рэйтынгавае агенцтва «Moody's» спрагназавала, што на беларускі бюджэт у бліжэйшыя гады будзе ціснуць патэнцыйная неабходнасць аказання падтрымкі дзяржпрадпрыемствам, на якія распаўсюджваюцца санкцыі. Аналітыкі агенцтва чакаюць дэфіцыту бюджэту Беларусі на ўзроўні 2,6% ВУП у 2022 годзе пасля аналагічнага выканання бюджэту ў 2021-м.

У лістападзе рэйтынгавае агенцтва «Fitch» паведаміла: агульны аб'ём выплат валютнай дзяржаўнай запазычанасці ў 2022 годзе складзе блізу 3,23 млрд. USD, у 2023-м — блізу 4 млрд. USD. Таксама ў «Fitch» перагледзелі прагноз дэфіцыту пашыранага ўрада да 3,2% ВУП.

Паводле ацэнак «Fitch», у бюджэце на 2022 год прагназуецца скарачэнне дэфіцыту да 2,4% ВУП. Аналітыкі агенцтва выказалі здагадку, што капітальныя выдаткі бюджэту РБ будуць скарэктаваныя ў выпадку недабору даходаў.