ЕС прыпыніў дзеянне спрошчанага візавага рэжыму для беларускіх чыноўнікаў

Савет ЕС часткова прыпыніў прымяненне пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Рашэнне было прынята сёння ў адказ на «сталую гібрыдную атаку з боку беларускага рэжыму».

p002274018ah.jpg


Прыпыненне тычыцца палажэнняў, якія адмяняюць дакументальнае пацвярджэнне пры падачы на візу, рэгулююць выдачу шматразовых віз і памяншаюць памер візавых збораў. Дзеянне гэтых пунктаў будзе прыпынена толькі для прадстаўнікоў беларускага рэжыму і не закране звычайных грамадзян Беларусі, піша REFORM.by са спасылкай на прэс-службу Савета.

«Мы рашуча асуджаем і адпрэчваем інструменталізацыю міграцыі беларускім рэжымам. Для Беларусі непрымальна гуляць чалавечымі жыццямі ў палітычных мэтах. Сённяшняе рашэнне ў чарговы раз паказвае, што мы будзем працягваць сумесна адбіваць гібрыдную атаку», — заявіў Алеш Хойс, старшыня Савета кіраўнікоў МУС ЕС.

Рашэнне будзе апублікавана ў афіцыйным часопісе ЕС і ўступіць у сілу на другі дзень пасля апублікавання.

У верасні Еўракамісія прапаноўвала зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўезду для беларускіх чыноўнікаў. Меркавалася, што ўзмацненне жорсткасці закране членаў афіцыйных дэлегацый Беларусі, якія па афіцыйных запрашэннях на адрас Беларусі ўдзельнічаюць у афіцыйных сустрэчах, кансультацыях, перамовах, праграмах абмену, іншых мерапрыемствах на тэрыторыі ЕС, а таксама членаў урада і прадстаўнікоў мясцовых уладаў, парламента, Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага суда пры выкананні сваіх абавязкаў.