Delfi.lt: Сотні нелегалаў ўжо каля мяжы Літвой, іх туды перакінулі беларускія памежнікі

Уначы беларускія памежнікі перакінулі да мяжы з Літвой сотні нелегальных мігрантаў, якія разбілі лагер на беларускім баку, побач з Капчамесцкай пушчай, каля населенага пункта Кадыш, піша Delfi.lt.

211453550_60af5e94_a5a8_45f8_b756_5ecf6512ef83_17twj.jpg

Літоўскае выданне паведамляе, што групу з 500 чалавек сюды даставілі з таго месца, дзе напярэдадні сабралася вялікая група мігрантаў ля мяжы з Польшчай.

Нелегалы разбілі лагер ля літоўскай мяжы, некаторыя з іх групамі спрабавалі прабрацца на літоўскую тэрыторыю мінулай ноччу (усяго за мінулыя суткі на тэрыторыю Літвы спрабавалі трапіць 73 нелегала). А з 24.00 да 8.00 9 лістапада ў Літву спрабавалі прайсці 82 мігранты.

Да вёскі Кадыш мігрантаў прывезлі нібыта на ваенных машынах. Узброеныя беларускія памежнікі праінструктавалі мігрантаў і распарадзіліся, каб яны ўначы ішлі ў Літву, адзначае літоўскае медыя. Для гэтага мігранты павінны былі падзяліцца на групы па 20-25 чалавек і чакаць далейшых указанняў. Пазней ім загадалі разбіцца на групы па 5-7 чалавек.

Самі нелегалы распавялі журналісту Delfi, што беларускія вайскоўцы позна ўвечары сілай пасадзілі 500 мігрантаў у вайсковыя грузавікі і павезлі ў невядомым кірунку.

«Было цёмна, калі з'явілася шмат вайскоўцаў. Мы з нядзелі знаходзіліся ля польскай мяжы, каля АЗС. Беларускія вайскоўцы былі там з абеду ў панядзелак, яны былі з сабакамі, узброеныя. Увечары іх стала яшчэ больш, на іх была іншая ўніформа, як у салдат. Тых, хто быў не ў цэнтры лагера, пасадзілі ў вялікія машыны, усіх — дзяцей, сем'і, 500 чалавек. Загадалі садзіцца, сказалі, што павязуць у Польшчу. Людзі плакалі, прасілі нікуды іх не везці, не аддзяляць ад лагера і блізкіх. Тады беларускія памежнікі пачалі страляць у паветра. Нас пасадзілі ў машыны і каля гадзіны кудысьці везлі», — распавялі нелегалы журналісту Delfi.

Каля паўночы высветлілася, што нелегалаў прывезлі да літоўскай мяжы, у вёску Кадыш на тэрыторыі Беларусі. Па дадзеных крыніц Delfi, туды перакінулі каля 500 чалавек. У іх ліку маладыя мужчыны, жанчыны, дзеці да 12 гадоў (малодшаму ўсяго 5 месяцаў) і старыя. Гэтая вёска знаходзіцца побач з Лаздыйскім раёнам Літвы, каля Капчамесціса.