«Тым, хто хацеў «як у СССР», засталося чакаць нядоўга»

Аптовы і рознічны таваразварот — вельмі жывыя працэсы. Па сутнасці, гэта ўнутраная і знешняя сістэма кровазвароту эканомікі, і любыя збоі або змены ў яе працы сігналізуюць аб канкрэтных праблемах.

f3982e8dddd97f7e6cc60e0e28c0e29b.jpg


І калі некрытычныя змены ВУП або ЗВР адаб'юцца на дабрабыце шараговага беларуса паступова і, магчыма, нават незаўважна, то падзенне або рост аптовага і рознічнага таваразвароту адчуецца вельмі хутка, і негатыўны эфект будзе нарастаць, калі праблема не выправіцца, тлумачыць тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Груба кажучы, рознічны таваразварот — гэта пра тое, ці можаце вы сёння пайсці ў краму і якія прадукты там купіце. Аптовы — пра тое, што аптовыя сеткі і лагістычныя кампаніі пастаўляюць на паліцы гэтых крам. Памятаеце галодныя часы Перабудовы, якімі нас так доўга палохалі: «Хочаце як у пачатку 1990-х?» Дык вось, гэта час, калі і з рознічным і аптовым таваразваротам былі праблемы. У крамы нічога не завозілі, а ў пакупнікоў не было грошай на самыя простыя прадукты.

Змены ў аптовым і рознічным таваразвароце Беларусі прыводзяць да невідавочных, але вельмі цікавых высноў. Днямі Белстат абнавіў звесткі, і па іх бачна, што, на жаль, аптымізму няма.

У жніўні мы казалі пра тое, што разам з падзеннем аптовага таваразвароту працягне падзенне і рознічны. Здагадка аказалася слушнай. За некалькі месяцаў рознічны таваразварот запаволіўся з паказчыка 99,6% у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года да 97,5%. А падзенне аптовага таваразвароту паглыбілася з 84,3% да 83,3%. Атрымліваецца, што рознічны таваразварот знаходзіцца ў адкрытым «мінусе» ужо 4 месяцы, а аптовы пачаў набіраць «адмоўную вышыню» яшчэ з сакавіка.

На скарачэнне рознічнага таваразвароту ўплывае зніжэнне заробкаў і высокая інфляцыя, а аптовага — лагістыка, якая ўскладняецца, немагчымасць купіць многія тавары, санкцыі і іншыя прычыны. Мы бачым злавеснае комба.

photo_2022_10_26_11_57_55.jpg


Пра што гэта кажа?

Шараговы беларус з кожным месяцам зарабляе ўсё менш. Прыходзячы ў крамы, ён будзе шукаць больш танныя тавары, спадзеючыся, што яны застануцца адносна якаснымі. Але з краіны сыходзяць сеткавыя брэнды, якія прапаноўвалі такія тавары, а альтэрнатыва аказваецца ці не такой якаснай, ці даражэйшай.

На паліцах прадуктовых крамаў, вядома, застануцца прадукты, але часцей за ўсе гэта будзе фактычна аднолькавая прадукцыя аднаго вытворцы ў рознай упакоўцы. Нам давядзецца адвыкаць ад разнастайнасці. У беларусаў крок за крокам адбіраюць магчымасць выбіраць. Цяпер гэта закране нават сыры, каву або шакалад. Калі хтосьці хацеў «як у СССР», якраз час радавацца — мы да гэтага ідзем.

А асабліва сёння не пазайздросціш гандлёвым сеткам. З аднаго боку, спажывец патрабуе ад іх шырокага асартыменту і больш танных тавараў, з другога боку — усё менш пастаўшчыкоў, гатовых такія тавары пастаўляць, асабліва па «замарожаных» цэнах. Навошта вырабляць і пастаўляць сабе ў страту? Пасля, праўда, высветлілася, што цэны замарожаныя не цалкам і зусім не так, як мы ўсе падумалі, але гэта мала на што паўплывала. Ужо ёсць крымінальныя справы і запужаныя пастаўшчыкі, а прадаўцы замерлі ў чаканні, адкуль яшчэ «прыляціць». Цераз гэта праблемаў з асартыментам толькі пабольшваецца.

Што робіць дзяржава? Яна старанна шукае казлоў адпушчэння. Маўляў, не завозяцца тавары таму, што еўрапейцы наклалі санкцыі. Цэны растуць таму, што «крывапіўцы-гандляры» прагныя. Мы ж, урад, для вас зрабілі ўсё, што маглі! Нават рынкавую эканоміку адмянілі, сказаўшы цэнам «стоп». Вы, галоўнае, не задавайцеся пытаннем, у чым сапраўдная прычына ўсіх гэтых праблем. Хто вінаваты ў тым, што краіна трапіла пад санкцыі. Хто недарэчна спрабуе прымусіць эканоміку працаваць па загадзе, ігнаруючы законы рынку.