Праз бардак з цэнамі, які пасеяў Лукашэнка, не працуюць крамы абутку «Мегатоп», знікаюць аўтазапчасткі

Лукашэнку так захацелася спыніць рост коштаў, што сваім валюнтарызмам ён паставіў на мяжу выжывання прыватны бізнес. Сёння ў многіх гарадах не выйшлі на працу «іпэшнікі». А ў дадатак праблемы напаткалі сеткавыя крамы продажу абутку. 

megatop_4plyt_739ls.jpg

Як паведамляе «Н*ша Ніва», не працуе сайт буйной сеткі абутку «Мегатоп». «Ідуць тэхнічныя працы», сказана ў аб'яве. Аказалася, што сёння зачынены і фізічныя крамы сеткі па ўсёй Беларусі.

Напрыклад, увесь дзень зачынена абутковая крама ў Светлагорску. Там адказалі, што распараджэнне пра гэта паступіла з Мінска — супрацоўнікі не ў курсе, ці ўзновіцца праца заўтра.

Пасля гэтага журналістка «НН» не змагла дазваніцца ў ніводную краму Бабруйска і ў шэраг крам у Мінску.

На гарачай лініі сеткі крам адказалі, што цяпер гандлёвыя пункты вельмі занепакоеныя і занятыя з-за пытанняў рэгулявання цэн.

На афіцыйнай старонцы кампаніі ва «Укантакце» на пытанне пра тое, ці адчынены фізічныя крамы «Мегатоп», адказалі: «На гэты момант крамы зачынены па тэхнічных прычынах. Неўзабаве пастараемся аднавіць нашу працу».

Не працуюць сайты і іншых абутковых крам — «Белвеста», «Марка». Як пазначана, праз тэхнічнае абслугоўванне.

У сацсетках кампаніі «Белвест» адказалі, што крамы гэтага брэнда ў Беларусі сёння працуюць. Атрымаць адказ ад прадстаўнікоў «Марка» мы пакуль не змаглі.

Верагодна, гэта звязана са зменамі ў цэнарэгуляванні: улады прынялі новыя пастановы, але не змаглі аператыўна растлумачыць, як працаваць па новых правілах.

Акрамя таго, блогер Антон Матолька паведамляе, што з учарашняга дня не прымае заказы сайт сеткі «Міла», тэхпрацы абвешчаны на сайце «Шатэ-М» (гандлюе аўтазапчасткамі), а «Пінскдрэў» прыбраў усе цэны на канапы са свайго сайта.

«З учарашняга дня да сёння ляжаў аптовы сайт «Шатэ-М». Нядаўна запрацаваў — змяніліся кошты. Па некаторых пазіцыях у два разы ўпала цана. Акумулятары патаннелі на 20 рублёў. Да гэтага, тыдні два таму, баючыся скаргаў на павышэнне коштаў, «Шацік» выдаліў ва ўсіх акаўнтах гісторыю заказаў/зваротаў. У цэлым, вядома, з запчасткамі надыходзіць поўны п... У наяўнасці толькі Кітай, астатняе — ці цана «космас», ці няма ў наяўнасці. Але ўжо і не пад заказ. Маторных маслаў наогул не стала, астатняе ўсё вымятаюць», — паведамляюць крыніцы.

Таксама крыніцы кажуць, што ў крамах пачынаюць спыняць бонусныя праграмы. Так, сетка крам «Дыяніс» спыняе магчымасць назапашваць балы па сваёй карце лаяльнасці.