Што страціла ці набыла Беларусь ад вайны ва Украіне
Кожны дзень з’яўляецца шмат розных матэрыялаў з аналітыкай страт расійскай і беларускай эканомік праз санкцыі. Няма ніякага сэнсу абагульняць тое, што не аднойчы было абсмактанае ў розных рэдакцыях. Паразважаем?
Чамусьці ўсе вяшчаюць пра страты. Пра падзенні акцый, пра надыходзячы спажывецкі апакаліпсіс ці нешта яшчэ, не адразу зразумелае.
Так, канешне, мы ўсе пацерпім праз санкцыі і абмежаванні — тут пытанняў няма. Але трэба ўдакладніць, што звычайныя людзі ў параўнанні з «незвычайнымі» іх амаль не адчуюць. «Ну, як не адчуюць?» — спытаецеся вы. І будзеце таксама мець рацыю.
Так, курыныя «запчасткі», канешне, падаражэюць. Свініны і ялавічыны таксама будзе менш і па больш высокіх цэнах. Але гэтыя цэны не будуць такімі, каб значная большасць іх не здолела набыць. Я ўчора наведаў Камароўскі рынак, і там мяса са старту было вельмі дарагім, але праз размову з гандляром таннела адсоткаў на 20 мінімум. Дарэчы, беларуская мова вам у дапамогу — лайфхак такі.
Што датычыцца крамаў — там цэны рэгулююцца адміністрацыйна, асабліва ў буйных сетках кшталту «Кароны», «Еўраопта» ды іншых. Але яны, нават у гэтых абставінах, сябе ніколі не пакрыўдзяць і будуць трымаць цану на ніжняй планцы, каб наўпрост існаваць. Працуюць за кошт валу набыткаў з мінімальнай маржой.
А вось «незвычайным» зараз будзе цяжка — і нават вельмі. Маючы добрыя грошы ды звычкі да набыцця ўсяго класа «люкс», ім давядзецца пазнаёміцца з уваходамі ў мас-маркет. Не, я, канешне, сустракаў калісьці на той жа «Камароўцы» і Макея, і Навумава (былы міністр унутраных спраў) з кошыкам, але ж гэта было досыць даўно. Зараз «белая костка» беларускага, так бы мовіць, істэблішменту зноўку будзе вяртацца «да каранёў», бо есці-такі хочацца заўсёды. Санкцыі ды адмовы вядучых кампаній свету працаваць з Мордарам ды яго саюзнічкам хутка вярнуць «на зямлю» тых, хто побач з тронам. Я ўжо не кажу пра тых, хто побач з тымі, хто... Хутка мы ўбачымся ў крамах! Ці гэта не прыбытак?
Аўтасэрвісы таксама ўжо пачалі енчыць пра недахоп запчастак, але ж гэта толькі пачатак. Вы можаце сказаць: «Ай, ну што ім! У іх жа ж там...» А нічога ў іх «там» няма. Не, канешне, на месяц, можа, і хопіць тармазных калодак, але ведаеце колькі каштуе памяняць іх на адным аўто з гаража, які абслугоўвае «першых» асоб? Лепш вам і не ведаць. Дык вось, гэтаму таксама канец! Ці халадзец... Карацей, чакаем у тралейбусах ці метро, як нейкіх прэм’ераў Аўстрыі ці каралёў скандынаўскіх краін. Бліжэй да народа!
Лекі будуць яшчэ завозіцца, бо тут яшчэ пакуль не вельмі зразумела, але ж кошт іх чакаецца касмічны, бо лагістыка будзе каштаваць разоў у некалькі больш за лекі. Але ж здагадайцеся, за чый кошт будуць дастаўляць неабходнае, з улікам стану большасці «кіраўнікоў», у драздоўскую лякарню пад Мінскам!
А гэта мы яшчэ не ўзгадвалі пра «красаўцаў», якім патрэбна досыць часта абнаўляць форму, спецсродкі, сцягі на бусы і шмат чаго яшчэ.
Сюды б дадаць і сродкі на ўзбраенне Міністэрства па надзвычайных становішчах — дарэчы, штосьці там цішыня на гэты конт. А яшчэ ж паштары чакаюць сваіх рэвальвераў таксама. І яшчэ хтосьці... Дворнікі? Не?Вось каго шкада, дык гэта хатніх жывёлак. Кошт сухога корму рушыць у космас. Не завяду я сабе асобнага міністра хатняй гаспадаркі — нятанна абыдзецца.
Жартаваць добра, але выйсце трэба шукаць — і неадкладна. Падвышэнне цэн на ўсё пры захаванні існуючага памеру даходаў абавязкова прывядзе да сацыяльнага выбуху, бо абсалютная большасць насельніцтва — спажыўцы незаробленага. Пра гэта сведчаць памеры і колькасць крэдытаў і растэрміновак. Пікіруючы курс асноўных валют ужо пачаў палохаць людзей. Пакуль насельніцтва (я не магу і не хачу зваць іх Беларусамі) зноўку пачало набываць тэлевізары, лядоўні ды іншае. Грэчка і туалетная папера пакуль яшчэ сумуюць на палічках крамаў, але ўжо не паўсюль.
Так што мы страцілі? Нічога такога, пра што б мусілі сумаваць.
Што набылі? Таксама пакуль нічога, але ёсць пэўныя перспектывы.
Пакуль так.