Арцём Шрайбман: «Баявы дух нападнікаў слабне, і гэта наўрад ці можна выправіць колькасцю войскаў»
У чым фатальны пралік расейскай улады?
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман распавёў, да чаго
прывядзе працяг расейскай агрэсіі ва Украіне і «Саюзная» эскалацыя з
Захадам.
— З таго, што я чую — з Беларусі бягуць усе, хто можа бегчы.
Па даступных напрамках «Белавія» рэйсы да сярэдзіны сакавіка былі
раскупленыя яшчэ тры-чатыры дні таму, — прыводзіць словы аналітыка «Салідарнасць» са спасылкай на «Эхо Москвы».
Ці можна казаць аб паўнавартаснай эканамічнай вайне Расеі і
Беларусі з Захадам, ці гучныя заявы хаваюць пад сабой паддывановыя перамовы?
— Я б нават не назваў гэта вайной, а «санітарнай
аперацыяй» — ідзе поўнае адключэнне нашых краін ад таварных і фінансавых
плыняў, — адзначае Арцём Шрайбан. — Хай нераўнамерна, але трэнд абсалютна
відавочны. І пры працягу вайны — а яна, мяркуючы па ўсім будзе працягвацца, і
Захаду прыйдзецца рэагаваць, асабліва з павелічэннем колькасці ахвяр сярод
грамадзянскіх, павелічэннем жудасных малюнкаў у заходніх СМІ — будзе ўзмацняцца
і эканамічная блакада.
Ёсць адчуванне, што нават Кітай з асцярогай ставіцца да
таго, каб прадастаўляць Расеі свае магчымасці для абыходу санкцый.
Аналітык кажа, што ўсё яшчэ не адчувае дасягнення нейкага
эквілібрыума, у якім сітуацыя стабілізуецца, і Расея і Беларусь на гады
пагрузяцца ў стан Паўночнай Карэі:
— Будзе, на мой погляд, альбо нейкі адкат ад вайны — Пуцін ці
зразумее выдаткі, ці людзі вакол усведамляюць, што трэба нешта з ім зрабіць,
альбо ўбачым нейкую эскалацыю, якая зробіць нашы сённяшнія праблемы дзіцячымі.
Цяперашні стан — не бачу, як яно можа ўтрымлівацца ў
доўгатэрміновай перспектыве, проста з пункту гледжання таго, што з-за
перапынення імпартных ланцужкоў базавых прадуктаў хутка можа пачаць не хапаць.
Праз нейкі час у гарадах, пабудаваных на імпартазалежнай прамысловасці,
перастане плаціцца зарплата... Далей, па ідэі, пачнецца хваля забастовак, і
гэта можа прывесці да разбалансіроўкі сістэмы кіравання на лакальным узроўні і
паднімецца ўверх.
Гэта будзе палітызацыя грамадства праз халадзільнік, праз
беспрацоўе. Гэта не той від палітызацыі, які здарыўся ў Беларусі ў 2020-м годзе — гэта быў пратэст этычны, і яго пастаянна забівалі дубінкамі пад асфальт. Але
тым, хто выходзіў на пратэсты, усё ж заставалася, што губляць.
А ў сітуацыі, калі ў вас будуць сотні тысяч беспрацоўных,
якія выйшлі на адсутны рынак працы — гэта будуць іншыя пратэсты. Не ведаю, ці
скончыцца вайна да гэтага, ці ўдасца расейскай уладзе пазбавіцца ад часткі
санкцый да наступлення такіх наступстваў, але мой тэзіс у тым, што устойлівым
статус-кво быць не можа.
Украіна, на думку палітаглядальніка, сёння жыве ў рэжыме
Айчыннай вайны. І вялікая памылка расейскай улады — недаацэнка розніцы ў настроях
нападнікаў і абаронцаў:
— З кожным днём маральны дух тых, хто абараняецца, асабліва з улікам таго, што яны бачаць ахвяры і разбурэнне інфраструктуры, мацнее, а воінскі, любы іншы баявы дух нападнікаў — слабне. І гэта тое, што наўрад ці можна выправіць колькасцю войскаў. Я не бачу стратэгіі выхаду расейскай улады з гэтага тупіку. Гарызантальнае грамадства — гэта не казарма, змяніць лейтэнанта ў казарме недастаткова для таго, каб усе астатнія перасталі супраціўляцца.