Суд у Літве адхіліў скаргу «Беларуськалія» на забарону транзіту ў Клайпеду

Літоўскі Вярхоўны адміністрацыйны суд адхіліў скаргу «Беларуськалія» на забарону чыгуначнага транзіту ў Клайпедскі марскі порт калійных угнаенняў беларускай вытворчасці, паведамляе Delfi.

klaipedos_biriu_kroviniu_terminalas_89031611.jpg
  • Адпаведна, ніякай кампенсацыі за «страчаную выгаду» ці нешта яшчэ Беларусь не атрымае.

9 чэрвеня суд прызнаў, што дамова Літоўскіх чыгунак з беларускім вытворцам і экспарцёрам угнаенняў стварала пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны. Такім чынам былі прызнаныя законнымі і абгрунтаванымі ранейшыя рашэнні ўраду Літвы і спецыяльнай камісіі.

Прававое рэгуляванне ў рамках Еўрасаюза палягае ў тым, што пытанні нацыянальнай бяспекі знаходзяцца ў выключнай кампетэнцыі нацыянальных інстанцый. Таму суд пастанавіў, што Літва мела права на ацэнку з гэтых пазіцый дамоваў з "Беларуськаліем", які трапіў пад санкцыі з боку ЕС і ЗША.

Транзіт калійных угнаенняў з Беларусі праз Літву быў спынены з 1 лютага 2022-га. Улады Беларусі дагэтуль не вырашылі праблему з альтэрнатыўнымі шляхамі паставак за мяжу.

«Беларуськалій» падаваў скаргу ў літоўскі суд яшчэ ў студзені, нагадвае «Еўрарадыё».