Сетку крамаў «Бігз» чакае банкрутства. Яе падзеляць «Суседзі» і «Еўраопт»
Дні існавання крамаў «Бігз» (кампанія «Баніяр») палічаныя. Крыніцы ў бізнэс-колах паведамілі «Нашай Ніве», што сетка закрываецца.
«У гісторыі з «Бігзам» няма палітыкі. Банальнае банкруцтва
праз даўгі, арэнду і агульную неэфектыўнасць», — сказалі абазнаныя людзі са
сферы гандлю.
У сетку «Бігза» да нядаўняга часу ўваходзілі сем аб'ектаў.
Гэта гіпермаркет на «Экспабеле» (першы гіпермаркет Беларусі, адкрыты ў 2005
годзе), супермаркет у гандлёвым цэнтры Palazzo, кругласуткавыя крамы на
Лагойскім тракце, праспектах Дзяржынскага і Машэрава, вуліцы Кальварыйскай, а
таксама міні-маркет на вуліцы Жудро.
Крамы на Машэрава і Жудро ўжо закрытыя, у некаторых іншых
пакупнікі бачаць паўпустыя паліцы і рэшту тавару.
Удзельнікі рынка мяркуюць, што некалькі крамаў забяруць сабе
«Суседзі», астатнія адыдуць «Еўраопту». А вось гіпермаркет «падвіс» і пакуль не
мае пакупніка.
Таксама незразумела, што будзе з даўгамі.
«У «Бігза» была істотная памылка ў пазіцыянаванні, важным
для рытэйла. Яны сябе ніяк не пазіцыянавалі — не зразумела было, танныя яны ці
дарагія, што ўнікальнага прадаюць? Вось народ да іх і не пайшоў», — лічыць
аналітык са сферы.
Гаспадарамі кампаніі лічыліся Наталля Лукомская (30%),
Аляўціна Лукомская (23%) і Барыс Лукомскі (10%). Некаторыя з іх знаходзяцца за
мяжой.