Прэзідэнт ЕБРР: Супрацоўніцтва з дзяржсектарам Беларусі? Можа быць, як-небудзь потым.

Прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сума Чакрабарці не выключае магчымасці зняцця абмежаванняў на супрацоўніцтва банка з дзяржсектарам Беларусі з прыняццем ЕБРР новай краінавай стратэгіі. Пра гэта кіраўнік ЕБРР паведаміў 18 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 



ebrr.jpg

Ён адзначыў, што ўмовы цяперашняй стратэгіі зыходзяць ад акцыянераў ЕБРР. «Але нават пры гэтым у межах цяперашняй стратэгіі без яе перагляду ёсць досыць шмат магчымасцяў апасродкавана ўзаемадзейнічаць, якімі мы карыстаемся», — падкрэсліў Сума Чакрабарці.

Зараз распрацоўваецца новая стратэгія ўзаемаадносін Беларусі з ЕБРР на 2016—2018 гады. Стратэгія будзе рыхтавацца на працягу 2015 года, а яе зацвярджэнне чакаецца ў другім квартале 2016 года, паведамляе БелаПАН.

«У акцыянераў будзе магчымасць праз год звярнуць сваю ўвагу на новую стратэгію. Наогул магчыма, што да таго часу, як новая краінавая стратэгія будзе гатовая, акцыянеры будуць прытрымлівацца іншага, чым раней, падыходу», — падкрэсліў прэзідэнт ЕБРР.

Стратэгія ЕБРР для Беларусі на 2013—2015 гады не прадугледжвае фінансаванне беларускага дзяржсектара. У ёй пацверджаная гатоўнасць банка «садзейнічаць дзевяці з паловай мільёнам жыхароў краіны шляхам рэалізацыі праектаў, якія спрыяюць развіццю прыватнага сектара і ахове навакольнага асяроддзя».

На сустрэчы з Сумам Чакрабарці 18 лютага ў Мінску Аляксандр Лукашэнка папрасіў зняць «усякія абмежаванні па супрацоўніцтве з Беларуссю».

«Я б вас вельмі прасіў пасля вывучэння сітуацыі ў нашай краіне, каб банк зняў усякія абмежаванні па супрацоўніцтве з Беларуссю, асабліва што тычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў. Думаю, ва ўрадзе вам пакажуць прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасці, і вы для сябе зробіце выснову, ці можа банк шырока супрацоўнічаць з гэтымі прадпрыемствамі», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Беларусь, паводле слоў Лукашэнкі, зацікаўленая ў далейшым развіцці супрацоўніцтва з ЕБРР. Ён выказаў падзяку Суму Чакрабарці за супрацоўніцтва, адзначыўшы, што на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у Беларусь ад банка паступіла амаль 1,650 млрд. еўра.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — міжнародная фінансавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Лондане, створаная для падтрымкі трансфармацыі эканомікі ў дзяржавах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. ЕБРР пачаў дзейнічаць у красавіку 1991 года.

Асноўныя акцыянеры банка — ЗША, краіны Еўрасаюза, Японія. Беларусь з'яўляецца паўнапраўным членам ЕБРР з 1992 года. З 1994 года ў Мінску дзейнічае пастаяннае прадстаўніцтва банка. 31 сакавіка мінулага года ў Мінску быў адкрыты новы офіс ЕБРР.

За час сваёй дзейнасці ў Беларусі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ўдзельнічаў у рэалізацыі 66 праектаў. Сумарны аб'ём прыцягнутых інвестыцый ацэньваецца ў 1,6 млрд. еўра. Рэсурсы, якія выдзяляюцца Беларусі банкам, накіроўваюцца на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. У 2014 годзе ЕБРР разлічваў укласці ў эканоміку Беларусі прыблізна 220 млн. еўра.

Апошнім часам сумесна з ЕБРР у Беларусі распачата некалькі знакавых інвестыцыйных праектаў у сферы дрэваапрацоўкі (завод «Кронаспан»), вытворчасці напояў (піваварні «Хайнекен») і рухомага саставу (ААТ «Штадлер Мінск»).