Накарміць старэйшага браціка
«Расія зніжае нам пастаўкі бязмытнай нафты? Дык мы адаб’ем сваё прадуктамі харчавання!» — менавіта так, мяркуючы па ўсім, вырашылі дзейнічаць ва ўрадзе Беларусі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў заявіў, што Беларусь плануе ў 2017 годзе захаваць аб’ём паставак прадуктаў на расійскі рынак. І гэта — нягледзячы на інтрыгі Рассельгаснагляду, якія сталі адным з галоўных чыннікаў канфлікту паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным у 2016 годзе.
«У нашай стратэгіі развіцця экспарту Расія застаецца найістотным гандлёва-эканамічным партнёрам. Мы туды пастаўляем ільвіную долю сельгаспрадукцыі, і гэта кажа аб тым, што Беларусь здолела дамагчыся папулярнасці і высокай лаяльнасці спажыўцоў да нашых тавараў. Стратэгія такая — захаваць на расійскім рынку тое, чаго мы дасягнулі за мінулыя гады, той аб’ём і ўзровень паставак, а дадатковы аб’ём сельгаспрадукцыі, які мы плануем вырабляць (у мясе і малацэ), абавязкова дыверсіфікаваць», — заявіў чыноўнік.
Узнікае лагічнае пытанне: а як быць, калі Рассельгаснагляд працягне трэціраваць беларускіх пастаўшчыкоў? Аляксей Багданаў паспрабаваў дыпламатычна абыйсці гэтую тэму: «Ёсць і недружалюбныя дзеянні на адрас беларускай прадукцыі. Часткова яны абгрунтаваныя, але праблема па якасці і бяспецы надуманая. Ні адна краіна свету не выказвае прэтэнзіі да якасці і бяспекі нашай прадукцыі».
Між тым, у апошнія тыдні ўсё больш актыўна абмяркоўваецца пытанне пра тое, што Беларусь можа паспрабаваць абараніць свае «харчовыя» інтарэсы ў Расіі праз суд. Яшчэ 11 студзеня былы прэм’ер-міністр Беларусі, а цяпер чалец Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловаму комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі асудзіў дзеянні Рассельгаснагляду ў дачыненні да беларускіх прадуктаў харчавання. Паводле яго слоў, выяўленне парушэнняў, не звязаных з ветэрынарнымі рызыкамі, не павінна з’яўляцца падставай для ўвядзення ветэрынарных мер па абмежаванні паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.
«У сувязі з адсутнасцю ў ЕЭК механізмаў уплыву на нацыянальныя органы дзяржаўнай улады Рэспубліка Беларусь мае права звярнуцца ў Суд Еўразійскага эканамічнага саюза для канчатковага рашэння дадзенага пытання», — заявіў Сяргей Сідорскі.
На гэтыя словы беларускага прадстаўніка 16 студзеня адказала калега Сідорскага, чалец Калегіі па асноўных кірунках інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Таццяна Валавая. На прэс-канферэнцыі ў Маскве яна заявіла, што Беларусь мае права звярнуцца ў суд па пытанні паставак прадуктаў у Расію. Валавая падкрэсліла, што калі беларускі бок не згодны з высновамі расійскіх органаў фітасанітарнага кантролю, у яго ёсць розныя фарматы, каб апратэставаць іх, у тым ліку звярнуцца ў суд: «Гэта цалкам нармальная практыка».
Ніхто не сумняваецца, што рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх прадуктаў носяць палітычны характар, а таму аспрэчваць іх у судзе — справа безнадзейная. Аднак у Мінсельгасхарчы, тым не менш, разлічваюць нарасціць пастаўкі беларускіх прадуктаў на расійскі рынак. Праграмай развіцця аграбізнесу на 2016–2020 гады прадугледжана павелічэнне экспарту харчовых прадуктаў у 1,4 разы — да прыкладна $7 мільярдаў.
Лічбы
Паводле інфармацыі беларускага міністэрства, Расія — дамінуючы рынак для беларускіх прадуктаў: туды ідзе 94,5% усяго харчовага экспарту. Больш за ўсё беларускіх прадуктаў паступае ў Маскву (20%), Санкт-Пецярбург (11,6%) і Маскоўскую вобласць (30,5%).
Паводле Белстату, беларускія прадукты харчавання і сельгаспрадукцыя па аб’ёме экспарту ў грашовым выразе дагналі нафтапрадукты, якім цяпер прыходзіцца нялёгка з-за «нафтагазавага канфлікту» з Масквой. Сельскагаспадарчаму экспарту, зрэшты, таксама нялёгка: кошты на шмат якія прадукты ў Расіі абрынуліся ў параўнанні з 2015 годам. І па гэтым чынніку, і з-за праблем на мяжы беларускі сельгасэкспарт у студзені-лістападзе 2016-га знізіўся на 5,2%, да $3,748 мільярда.
Пры гэтым яго структура памянялася. Тры лідарскія пазіцыі па экспарце прадуктаў займае «малочка»: экспарт сыроў і тварагу за год вырас на 13,4% (у грашовым выразе — на 6,2%), да $625 мільёнаў; пастаўкі сухога малака знізіліся на 11,5% (на 10,5% па грошах); экспарт сметанковага алею зваліўся на 5,6% (але вырас у грошах на 15,1%). Сярод лідараў па тэмпе прыросту таксама марожаная ялавічына (+30,1%, $138,5 мільёна) і кілбаса (+23%, $73,1 мільёна).
Таксама значна больш Беларусь зараз экспартуе моцнага алкаголю (+35,4%), шакаладу і цукерак (+36,6%), прадуктаў з мяса і кансерваў (+24,3%) і піва (+14,7%). У процівагу гэтаму, экспарт бульбы не нашмат скараціўся па колькасці (-2,1%, да 273,9 тысяч тон), але абваліўся па грошах (-40,7%, да $30,5 мільёна).
Планы на 2017-ы
Усё пералічанае вышэй важна напярэдадні лютага, калі Беларусь і Расія павінны ўзгадніць аб’ёмы ўзаемных паставак харчовых прадуктаў. Прадстаўнік Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў растлумачыў: «Штогод мы з Расіяй падпісваем узаемныя балансы па пастаўках прадуктаў, куды ўключаецца мяса-малочная прадукцыя і цукар. Гэтыя балансы падпісваем на сумеснай калегіі, мы ўжо прапрацоўваем пытанне правядзення такой калегіі ў лютым, дзе і падпішам балансы».
Па яго словах, Беларусь штогод павялічвае балансы паставак прадуктаў на расійскі рынак. У 2016 годзе балансы былі крыху павялічаныя і па мясе, і па малацэ. «Перамовы па гэтым пытанні на 2017 год мы ўжо вядзём на ўзроўні экспертаў, плануецца, што балансы сёлета будуць на ўзроўні 2016-га, магчыма, па малаку будзе невялікі рост», — распавёў ён. Праўда, чыноўнік ніяк не патлумачыў, чаму ўзгадненне прадуктовых балансаў не адбылося ў канцы мінулага года, як мае быць, а перанесена аж на люты.
Здагадацца нескладана — дастаткова прыгадаць, якой напружанасці беларуска-расійскія адносіны дасягнулі ў снежні. Зрэшты, як сцвярджае Аляксей Багданаў, падпісанне ўзаемных балансаў патрабуецца толькі для таго, каб ацаніць аб’ём рынка. «Гэта не квоты, гэта балансы для таго, каб рабіць прагнозы для разліку вытворчасці і бачыць запатрабаванне рынка. Мы ведаем, калі Расія пагадзілася, што мы ім паставім 4 мільёны тон малака, значыць, яны могуць яго прыняць», — тлумачыць ён.
Пры гэтым звышзадача беларускага боку — дамагчыся, каб нашы прадукты харчавання ў Расіі не ўспрымаліся як імпартныя. Што становіцца ўсё складаней, бо расійскія вытворцы прадуктаў скарысталіся з эмбарга на пастаўкі прадуктаў з Захаду, каб нарасціць уласную вытворчасць. І канкурэнты ў асобе беларускіх пастаўшчыкоў ім зусім не патрэбныя.
Аляксей Багданаў так пракаментаваў сітуацыю: «Гэта правільны шлях, мы тое ж самае рабілі некалькі дзесяцігоддзяў таму, цяпер мы экспартна арыентаваная дзяржава. Нам неабходна дамаўляцца з расійскім бокам аб варыянтах сумеснай працы і паставак нашай прадукцыі на іх рынак. Мы дамагаемся таго, каб беларускі тавар не ўспрымаўся як імпартны, тым больш цяпер дзейнічаюць такія інтэграцыйныя аб’яднанні, як Саюзная дзяржава, ЕАЭС… У Расіі шмат нішаў, дзе бракуе прадукцыі, і нам трэба разам працаваць над тым, каб накарміць абодва нашых народы… Рынак павінен быць адзіны. Нішаў на расійскім рынку вельмі шмат. Нам яшчэ разам карміць і карміць два нашых народы».
Расійскія эксперты, праўда, бачаць сітуацыю трохі інакш. «У 2016 году ў Расіі быў сабраны рэкордны ўраджай збожжавых, алейных культур, цукровага бурака, бульбы, кукурузы, гародніны. Але тое, што не будзе ўжыта непасрэдна, пойдзе на экспарт. Таму што вытворчасць расліннай прадукцыі вырасла, а жывёлагадоўлю нарасціць — нашмат складаней, — сказаў НЧ эксперт расійскай асацыяцыі сельгасвытворцаў «Руспродсоюз» Валер Ічкалаў. — Але паколькі большасць расіян не плануюць станавіцца вегетарыянцамі, беларускія вытворцы могуць моцна не хвалявацца: будзе попыт і на мяса, і на птушку, і на малочныя прадукты. Да таго ж ва ўрадзе ўжо кажуць аб хуткай адмене харчовага эмбарга, так што салодкія дні для расійскіх вытворцаў могуць нечакана скончыцца».