На «Віталюр» пададзена звыш 20 пазоваў у эканамічных судах
Звыш 20 пасяджэнняў па пазовах у дачыненні да кампаніі «Віталюр» прызначана ў эканамічных судах Мінска і Мінскай вобласці на канец жніўня і верасень бягучага года. Некалькі пазоваў у дачыненні да «Віталюра» разглядаецца цяпер таксама і ў расійскіх судах, піша выданне «Беларусы і рынак».
У судовых пазовах, згодна з інфармацыяй з картатэкі Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, пазоўнікі, заяўнікі і тыя, хто імкнецца спагнаць з «Віталюра» пазыкі, скардзяцца на «невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельстваў па дагаворах», настойваюць на «выдачы выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне медыятыўнага пагаднення» і судзяцца за «адтэрміноўку або растэрміноўку выканання судовай пастановы».
Як высветліла выданне «Беларусы і рынак», прэтэнзіі да «Віталюра», у прыватнасці, прад'яўляюць такія вядомыя кампаніі, як «Машпищепрод», «Конте Спа», КФК «Сула», «Мясакамбінат «Славянскі», «Монтбрук», «Сипто», «БСБ Банк» і іншыя.
Цяпер некалькі пазоваў у дачыненні да «Віталюра» разглядаецца і ў расійскіх судах. У мінулым месяцы, напрыклад, пералік пазоўнікаў у Расіі папоўніў Гандлёвы дом «Камчатка».
Што адбылося з «Віталюрам»?
Праблемы ў разліках з пастаўшчыкамі паўсталі ў кампаніі «Віталюр», якая спецыялізавалася на імпарце і перапрацоўцы рыбнай прадукцыі і развіцці аднайменнай рознічнай сеткі, паўсталі ў 2021 годзе. У канцы 2022 года яе ўладальнікі, каб пагасіць дэбіторскую запазычанасць і палепшыць фінансавае становішча, перадалі большасць гандлёвых кропак у арэнду «Санта Рытэйл». Таксама «Санта» выкупіла абсталяванне і рэшткі тавару.
«Рух і закрыццё даўгоў перад пастаўшчыкамі будзе адбывацца пад кантролем кампаніі «Санта Рытэйл», — паведамляў у канцы 2022 года генеральны дырэктар «Віталюр» Аляксандр Калеснікаў.
Фактычнае паглынанне «Віталюра» дазволіла «Санта Рытэйл», якая ўваходзіць у групу кампаній «Санта» бізнесоўца Аляксандра Машэнскага, трапіць у тройку найбуйнейшых рытэйлераў на беларускім рынку. Другі ж удзельнік здзелкі працягвае высвятляць адносіны з крэдыторамі.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», у снежні 2020 года стала вядома пра закрыццё некалькіх крамаў «Віталюр». Нібыта падставай для закрыцця стала «адсутнасць чырвона-зялёнага сцяга».
У 2019-2020 гадах «Віталюр» адкрыў 30 новых гандлёвых аб'ектаў і на 60% павялічыў тавараабарот. У 2021-м планавалася адкрыць яшчэ 10 крамаў, а таксама новую вытворчасць па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў.
Кампанія Аляксандра Яцука, названая ў гонар сыноў Віталя і Юрыя, якія працавалі разам з бацькам, у 2022 годзе налічвала амаль 100 гандлёвых аб'ектаў у 14 гарадах Беларусі. У іх працавалі каля сямі тысяч чалавек. Акрамя рытэйлу, кампанія займала адно з вядучых месцаў як імпарцёр рыбы, а таксама садавіны і гародніны.
Пашырэнне бізнесу, запланаванае на 2019–2020 год, відавочна патрабавала інвестыцый. Мяркуючы па ўсім, менавіта з развіццём бізнесу было звязана акумуляванне даўгоў кампаніі. Сапраўды, у 2019 годзе бізнесу цяжка было прадбачыць эпідэмію каранавіруса, паслявыбарчыя пратэсты 2020 года, эканамічныя санкцыі ды напад Расіі на Украіну.