Мінэканомікі прызналася
Чытач НЧ Андрэй Мініч прымусіў Міністэрства эканомікі адказаць на сваё пытанне: чаму цягам апошняга года так моцна выраслі цэны на харчовыя тавары, што вядзе народ да галечы ды парушае права грамадзян на годнае жыццё.
Адказ, зразумела, даволі расплывісты, але разам з тым цікавы і будзе карысным для азнаямлення ўсім, хто ходзіць у крамы ды штораз здзіўляецца цэннікам, якія ўсё больш становяцца падобнымі да
тэлефонных нумароў.
Андрэй Мініч ведае юрыдычныя тонкасці, да таго ж працуе ў дзяржорганах, мае спецыялізацыю адваката, таму, хаця і не з першай спробы, але ў яго атрымліваецца дамагчыся рэакцыі ад чыноўнікаў. Спачатку
зварот спадара Мініча па пытанню пратэсту на пастанову Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 8 мая 2012 года № 41 «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у пастанову Міністэрства эканомікі
Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2012 года №35, якой былі змененыя максімальныя адпускныя цэны на шэраг харчовых тавараў разглядала Генпракуратура. Яна прыйшла да высновы, што «ў звароце
няма якіх-небудзь звестак аб парушэнні законнасці», ды спасылалася на неіснуючыя палажэнні заканадаўства.
Пасля настойлівай перапіскі Мініча з дзяржструктурамі ў справу ўмяшаўся Камітэт дзяржкантролю. І ўжо па яго даручэнню Андрэй Мініч атрымаў тлумачэнні росту цэнаў у лісце за подпісам намесніка
міністра эканомікі Антона Кудасава.
Прапануем вашай увазе вытрымкі з гэтага ліста-тлумачэння.
«Летась з улікам значнай дэвальвацыі рубля ўрад быў вымушаны стрымліваць цэны, каб не выклікаць абвал спажывецкага рынку і захаваць рэальныя даходы насельніцтва. Таму ў гэтым годзе, калі
назіраецца рост рэальнай заработнай платы, прымаюцца неабходныя для эканомікі рашэнні аб падвышэнні цэн на шэраг прадуктаў харчавання.
Цяпер дыспарытэт цэнаў з суседнімі рэгіёнамі па большасці прадуктаў харчавання значна скараціўся, а па асобных таварах — ліквідаваны. Калі ў снежні 2011 года па дадзеных органаў статыстыкі
сярэднія рознічныя цэны ў Цэнтральнай федэральнай акрузе Расіі былі вышэй цэнаў у Рэспубліцы Беларусь па ялавічыне і свініне — да 50%, малочнай прадукцыі — ад 70% да 2,5 разы,
птушцы — 12%, муцэ пшанічнай — 66%, цукру — 14%, то ў кастрычніку 2012 года з улікам прынятых рашэнняў дыспарытэт склаў па ялавічыне і свініне — 31–37%,
малочнай прадукцыі — 26–27%, муцэ — 52%, цукру — 8%.
Галоўнай задачай дзяржаўнай палітыкі ў галіне аплаты працы ў 2012 годзе ёсць падвышэнне дабрабыту насельніцтва рэспублікі, у тым ліку дасягненне ўзроўню заработнай платы па рэспубліцы дакрызіснага
перыяду, то бок 500 долараў ЗША на канец года. ...Ва ўмовах інавацыйнага развіцця эканомікі рост заработнай платы мусіць падтрымлівацца ростам ВУП. Урад падкрэслівае, што незаробленыя грошы нікому
выплачвацца не будуць. Для збалансаванага развіцця эканомікі неабходна жорстка звязваць падвышэнне заробку і вытворчасць працы.
Для даведкі: асноўнымі прычынамі падвышэння цэн на харчовыя тавары з’яўляюцца: стратная вытворчасць сацыяльна значнай прадукцыі (малочнай, мясной, хлебабулачнай) у сувязі са значным
падвышэннем для сельскагаспадарчых вытворцаў закупачных цэнаў на прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі (дыспрапорцыя ўнутры таварных груп па малочнай, мясной і хлебабулачнай прадукцыі, цэнавы
дыспарытэт з сумежнымі краінамі».
Андрэй Мініч мяркуе, што ў гэтым лісце Мінэканомікі фактычна распісалася ў сваёй неэфектыўнай палітыцы ды засведчыла, што беларускія ўлады не маюць ўцямнага плану нешта канкрэтнае рабіць у кірунку
выпраўлення сітуацыі.
«Урад прызнаў, што быў вымушаны стрымліваць кошты, была дапушчаная істотная дэвальвацыя беларускага рубля, мае месца стратная вытворчасць сацыяльна значнай прадукцыі, рост цэнаў на харчовыя
тавары. Ці ёсць гэта эфектыўнай дзяржаўнай палітыкай?» — задае рытарычнае пытанне наш чытач Андрэй Мініч.