Мікалай Аўтуховіч: Прадпрыемствы таксі бяруць крэдыты, каб заплаціць падаткі
Складаную сітуацыю каментуе былы палітвязень, прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.
— У народа проста няма грошай. Паслугамі таксі карыстаюцца толькі ў выключных выпадках, напрыклад, калі чалавек некуды спазняецца або выклікаюць таксі замест хуткай дапамогі, бо мы прыязджаем літаральна цягам 3–5 хвілін. Таму выручкі фактычна няма. Ведаю, што прадпрыемствы таксі бяруць крэдыты, каб заплаціць падаткі. А гэта ўжо не бізнес!
Таксама Аўтуховіч зазначыў, што машыны таксі двойчы ў год праходзяць тэхагляд і, адпаведна, двойчы плацяць дарожны падатак:
— Літаральна нядаўна было пазбаўлена каля 500 перавозчыкаў ліцэнзіі за нейкія нязначныя парушэнні. Вы ўяўляеце, колькі людзей застаецца без працы? Я, дарэчы, разумею, для чаго гэта робіцца. Людзям дазваляюць хуценька адкрываць іншыя фірмы. А гэта — перарэгістрацыя транспартных сродкаў, трэба заплаціць ДАІ, за тэхагляд, страхоўку. Гэта вялікія грошы. Але іх няма. І многія прадпрыемствы проста закрываюцца.
Акром таго, па словах Аўтуховіча, падаткавікі спрабуюць увесці дадатковы кантроль за таксі. Фірмы мусяць набываць трэцюю версію таксометраў. Дадамо, што перавозчыкі ў Гомелі патрабуюць змяніць кіраўніцтва “Гомельаблпасажыртрансу”. Яны скардзяцца на незаконныя грашовыя зборы ды штрафныя санкцыі.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя