Гамяльчане стварылі клон Цар-дуба
Спецыялісты Інстытута лесу НАН Беларусі пры дапамозе навукі робяць сапраўдныя батанічныя цуды. У адной з лабараторый установы стварылі клон Цар-дуба, правобразам для якога стала дрэва, што расце ўжо больш за 850 год каля вёскі Дубічна ў Пажэжынскім лясніцтве Маларыцкага раёна.
Самы стары дуб Беларусі узвышаецца прыкладна на 46 метраў, а ствол дрэва ў дыяметры складае 2,14 метра. Менавіта з Брэсцкай вобласці быў прывезены прыродны матэрыял для кланавання. Для эксперыменту былі ўзятыя галінкі з верхняй кроны, паведамляе Гомельскі Зялёны партал.
Зараз у Гомелі «блізнюк» батанічнага цара пад святлом пражэктараў і абагравальнікаў беражліва песціцца ў лабараторыі. За яе дзвярыма створаны асаблівы мікраклімат, падабраны неабходны светлавы рэжым. На доўгіх паліцах стэнда-галерэі — мноства прабірак, слоічкаў і розных сасудаў з праросткамі іншых парод дрэў. А цар-дуб з «прабіркі», магчыма, адправяць у дэндрарыі краіны.
Навуковыя супрацоўнікі ў Гомелі селекцыянуюць, узнаўляюць і клануюць незвычайныя культуры. Дуб рашэцісты, ясень, карэйская бяроза і шматлікія шэрагі зялёных насаджэнняў у некалькіх шэрагах грэюцца пад штучным сонцам, пакуль за акном нябёсная канцылярыя правярае на трываласць прадстаўнікоў фаўны і флоры рэгіёну.
Інакш як гонарам і здабыткам далікатныя «парасткі» у шкляным посудзе навукоўцы не называюць. На гэта сышлі гады карпатлівай працы і навуковых эксперыментаў. З адной такой прабіркі можна вырасціць у выніку тысячы асобнікаў рэальных дрэў, якія будуць шумець лясамі.
Перажываюць навуковыя супрацоўнікі аб тым, што пакуль у іх не атрымоўваецца кланаваць фундук. Далей прабіркі справа, нажаль, не даходзіць, але працы працягваюцца. Калі вынік будзе паспяховым, то плантацыі беларускага фундука дазволілі б адмовіцца ад дарагога імпарту.
Блізкія навукоўцы і да рэальнасці: яны дапамагаюць апантаным дачнікам вырошчваць на сваіх участках незвычайныя грыбы і іншыя расліны. Навуковыя дасягненні выкарыстоўваюцца і на прысядзібных участках, і на вытворчасцях.
Дарэчы, гарадскія ўлады разлічваюць на падтрымку навукоўцаў інстытута ў пытанні азелянення Гомеля. Спецыялісты раскажуць, якія расліны, дрэвы і хмызнякі лепш выкарыстоўваць, каб не толькі ўпрыгожыць горад, але і экалагічна яго ачысціць.