Леанід Злотнікаў: Без новых крэдытаў Беларусь чакае тэхнічны дэфолт

Цяперашні узровень золатавалютных рэзрваў Беларусі знізіўся да крытычнага узроўню і за апошнія 12 месяцаў упаў да узроўню, які не дазваляе выплачваць старыя пазыкі.



down.jpg

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, знешняя запызычанасць Беларусі не такая і вялікая, аднак без новых крэдытаў краіну чакае фінансавы крах.

«Калі не будзе крэдытаў без дадатковага даходу ад экспарту, праз 3-4 месяцы краіна будзе ў стане тэхнічнага дэфолту, як Грэцыя. Расія зараз абяцае 3 мільярды… Просяць у МВФ. Але крэдыты зараз даюць скупа. Крэдытны рэйтынг Беларусі нізкі — няма магчымасці аддаваць папярэднія крэдыты, калі не возьме новыя», — сказаў ён Радыё Рацыя.

Нагадаем, што ў новым аглядзе цэнтра макраэканамічных даследаванняў расійскага «Сбербанка» цяперашні ўзровень золатавалютных рэзерваў (ЗВР) Беларусі названы «трывожным».

«Сітуацыю з уласнымі рэзервамі Беларусі можна ахарактарызаваць як трывожную. Паводле вынікаў чэрвеня агульны аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі складаў 4,6 млрд. долараў, ён зменшыўся на 1,8 млрд. долараў за апошнія 12 месяцаў. Пры гэтым рэзервы ў замежнай валюце складаюць усяго 1,7 млрд. долараў», — цытуе расійскіх аналітыкаў БелаПАН.

«Сбербанк» звяртае ўвагу на тое, што найбліжэйшым часам Беларусь ажыццявіць значныя выплаты па знешнім доўгу (прыкладна 1 млрд. долараў). Гэта «робіць далейшае зніжэнне ЗВР цалкам магчымым».

«Ва ўмовах адсутнасці ўстойлівага прытоку валюты ў краіну (дэфіцыт рахунку бягучых аперацый у першым квартале склаў 1 млрд. долараў) Масква застаецца асноўнай крыніцай знешняга фінансавання», — адзначаецца ў аглядзе.

Паводле вынікаў чэрвеня 2015 года ЗВР Беларусі, разлічаныя згодна з метадалогіяй МВФ, павялічыліся на 13,4 млн. долараў і на 1 ліпеня склалі 4,62 млрд. долараў ЗША ў эквіваленце.