Кватэры ў Мінску падаражэлі ў 1,5 разы

Будаўнічая галіна —  сярод лідараў у росце коштаў у 2013 годзе. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.



novabud.jpg

У 2013 годзе лідарам у тэмпах росту коштаў сярод сфер эканомікі, паводле якіх камітэт разлічвае рост коштаў, апынуліся спажывецкія тавары і паслугі, што падаражэлі за год (снежань да снежня) на 16,5%. У снежні гэтыя цэны выраслі на 2,4%.
На другім месцы ў тэмпах росту коштаў за год апынулася будаўніцтва, дзе кошты ў снежні 2013 года ў параўнанні з лістападам 2013 знізіліся на 1,2%, але ў параўнанні са снежнем 2012 павялічыліся на 16%. У тым ліку на будаўніча-мантажныя работы кошты ў снежні скараціліся на 2,6%, але за год яны выраслі на 22,1%.
Кошты на машыны і абсталяванне ў будаўніцтве ў снежні павялічыліся на 0,1%, а за год - на 10,6%. Кошты на іншыя працы і выдаткі ў будаўніцтве павялічыліся за снежань на 0,2%, а за год - на 21,2%.

Пры гэтым рынкавы кошт кватэр у мінскіх новабудоўлях, мяркуючы па звестках спецыялізаваных сайтаў, вырас у 2013 годзе прыкладна ў 1,5 разы, гэта значыць прыбытак забудоўшчыкаў вырас прыкладна на траціну.


Трэцяе месца ў тэмпах росту коштаў у 2013 годзе падзялілі кошты вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і перавозчыкі грузаў. У гэтых сферах эканомікі Беларусі кошты за год павялічыліся на 15,2%.
Пры гэтым кошты вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў снежні 2013 года ў параўнанні з лістападам 2013 выраслі на 3,8%, у тым ліку ў раслінаводстве - на 3,2%, а ў жывёлагадоўлі - на 4%. За год кошты ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі павялічыліся на 27% і 11,3% адпаведна.
Тарыфы на перавозку грузаў усімі відамі транспарту ў снежні 2013 года ў параўнанні з лістападам 2013 выраслі на 1,6%.
Тарыфы на паслугі сувязі для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у снежні 2013 года ў параўнанні з лістападам 2013 павялічыліся на 1,7%, а ў параўнанні са снежнем 2012 года - на 11%.
У прамысловасці Беларусі рост коштаў у 2013 годзе апынуўся мінімальным. Кошты вытворцаў прамысловай прадукцыі ў снежні 2013 года ў параўнанні з лістападам 2013 выраслі на 1,2%, а з снежнем 2012 года - на 10,7%, у тым ліку інвестыцыйныя тавары падаражэлі адпаведна на 0,1% і 7,8%, прамежкавыя тавары - на 1,2% і 11,8%, а спажывецкія тавары - на 1,5% і 10%.
UDF.BY