Крыніцы: уначы з ДФР выйшаў кіраўнік банка БелВЭБ Васіль Мацюшэўскі. У чым прычына?
Выказваецца меркаванне, што сэнс выпуску банкіра ў тым, каб ён змог аператыўна знайсці сродкі для «кампенсацыі» «шкоды».
Нагадаем, што ўчора стала вядома пра затрыманне васьмі супрацоўнікаў банка «БелВЭБ», у тым ліку члены праўлення.
Як пішуць СМІ, апошнім часам Нацбанк шмат правяраў БелВЭБ, былі знойдзеныя значныя парушэнні, банку выпісалі вялізныя штрафы — агулам набегла на восем мільёнаў долараў.
І тут Расія нападае на Украіну, Захад уводзіць санкцыі супраць расійскага Внешэканомбанка. БелВЭБ як даччыная арганізацыя таксама трапляе пад таго ж каня.
«Пачаўся вялізны адток дэпазітаў у матчынай арганізацыі, і ў беларускім банку таксама. Замежныя партнёры рвуць кантракты, даводзіцца скарачаць міжнародныя аддзелы, Внешэканомбанк дапамагаць не можа, кажа Мінску: «Вы ж там навыдавалі крэдытаў на паўмільярда, дык забірайце і будуць вам грошы, у нас не прасіце». А аддаюць самі разумееце як: там дзяржсектара вельмі шмат, у якога таксама грошай няма і не прадбачыцца, словам, поўны кашмар для менеджара», — кажа крыніца з банкаўскага сектара.
Тым часам вынікамі нацбанкаўскіх праверак БелВЭБа зацікавіліся сілавікі.
«Цягам праверак былі выяўлены некалькі момантаў, якія паставілі ў віну менеджменту БелВЭБа. Першае — гэта IT-дэпартаменты банка. Сітуацыя такая. У банка ёсць ліцэнзія з пералікам відаў дзейнасці, якімі ён можа займацца — гэта ўсё фінансавая дзейнасць. У той жа час, мы ведаем, банкі пішуць свае ІТ-рашэнні. Праграмы, сайты і гэтак далей. Аб'ём работы вялікі, але што адбываецца? У іх стандартнае падаткаабкладанне, яны не могуць плаціць праграмістам канкурэнтныя заробкі.
У выніку праграміст працуе пару месяцаў, а потым выкладвае рэзюмэ ў рынак, што ён пісаў праграмы для БелВЭБа, і яго забіраюць з рукамі і нагамі.
Дырэктар па кадрах ідзе да начальства і кажа: Ад нас бягуць праграмісты! Што мы можам зрабіць? Падняць заробак. Як падняць? Скараціць выдаткі. Як іх скараціць? Уступіць у Парк высокіх тэхналогій.
У выніку ў банкаў з'яўляюцца асобныя ІТ-дэпартаменты, рэзідэнты ПВТ. Гэта дазваляе плаціць работнікам канкурэнтныя заробкі. Але органы гэта пачынаюць трактаваць як сыход ад падаткаў, бо банк займаецца няпрофільнай дзейнасцю, якая не апісаная ў ліцэнзіі», — кажа абазнаны банкір.
Паводле інфармацыі СМІ, вышэйапісаная схема з афіляванымі ІТ-кампаніямі з ПВТ і ёсць сэнсам фармальных прэтэнзій да БелВЭБа.
Па падобнай схеме — пасля праверкі — ужо пацярпеў старшыня праўлення «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнка.
Пытанні ў сілавікоў выклікала і таксама абсалютна легальная магчымасць ашчадзіць на падатках з дапамогай сістэмы назапашвальнага страхавання «Прыёрлайф», якой карысталіся банкіры для вываду дывідэндаў без выплаты падаходнага.
«Гэта распаўсюджанае ў свеце назапашвальнае страхаванне. Сэнс якога ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансерватыўна распараджаецца сродкамі — класічны пенсійны фонд. Яна абяцае табе даходнасць па праходжанні пэўнага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым пра пенсію, то па дасягненні гэтак званага «ўзросту дажывання».
Пры ўводзе грошай у гэтую сістэму страхавання ты пазбаўляешся неабходнасці выплачваць з гэтага падаткі — так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад работы ў банку.
Гэтым карыстаюцца не толькі банкіры. Вельмі падобная схема пры аплаце адукацыі ці нечага такога — існуе падатковае спісанне», — кажа нам суразмоўца з банкаўскай сферы.
«Многія банкі рабілі праграмы па заахвочванні супрацоўнікаў і менеджараў. Маўляў, ты класна працуеш, і калі будзеш працягваць гэтак жа, то мы кожны год будзем класці табе на ашчаджальнае страхаванне нейкую суму, заключым дамову на 10 год, і калі ты адпрацуеш 10 год, то табе ў адзін дзень будзе выплачана, умоўна, 20 тысяч долараў. Гэта распаўсюджаная і, падкрэслю, легальная схема», — кажа нам іншы банкір.
Вось гэтае страхавое адгалінаванне сюжэта — яшчэ адна рыса ў гэтай карціне.
Але што ў гэты час адбываецца з банкам «БелВЭБ»?
«Выстаўлены штраф на восем мільёнаў долараў у іншы час не ўяўляў бы праблемы. А цяпер, калі банкам не хапае ліквіднасці — гэта вялікія грошы.
«БелВЭБ» плаціць пакуль што адмаўляецца, аспрэчвае штраф, грошы падвіслі — ні туды, ні сюды. Кагосьці кормяць «заўтракамі» па дэпазітах, хтосьці не можа перавесці грошы», — рэзюмуе банкір.
Напярэдадні ўсёй гэтай гісторыі ліцэнзіі Нацбанка страцілі два намеснікі старшыні праўлення БелВЭБа.
На сёння, паводле інфармацыі СМІ, Мацюшэўскаму інкрымінуюць 424 артыкул — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Разам з ім затрыманы і іншыя людзі, якія, імаверна, маюць іншыя артыкулы, у залежнасці ад пасады. Сярод затрыманых таксама першы намеснік Мацюшэўскага Тарас Надольны, намеснікі старшыні Анатоль Барысевіч, Віктар Перапяліца і Дзмітрый Ляўданскі, член праўлення Анатоль Паўловіч і дырэктар па развіцці банка Аляксей Мазжухін.