Крук: «У адзін момант стоп-кран можа сарвацца»
«Raiffeisen Bank International» абмежаваў супрацоўніцтва з «Беларусбанкам». Цяпер адна з найбуйнейшых аўстрыйскіх банкаўскіх груп не будзе ажыццяўляць міжнародныя пераводы для дзяржбанка Беларусі.
Чаму гэта вельмі непрыемная пстрычка па носе з далейшымі прагрэсуючымі дрэннымі наступствамі? Эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў «BEROC» Дзмітрый Крук у інтэрв’ю «Салідарнасці» патлумачыў, якімі могуць быць наступствы такога рашэння.
— Чаму, на вашу думку, «Raiffeisen Bank International» пайшоў на такі крок?
— Думаю, што на гэтае рашэнне паўплывалі апошнія падзеі. Беларусь зноў з’явілася на першых палосах еўрапейскіх СМІ ў сувязі са скандаламі ў спорце, эскалацыяй міграцыйнага канфлікту. Гэта паслужыла трыгерам. А базай якраз з’яўляюцца фінансавыя сектаральныя санкцыі, пад якія раней трапілі «Беларусбанк», «Белінвестбанк» і «Белаграпрамбанк».
З гэтых санкцый вынікае, як я яго называю, інфармацыйны эфект. З’яўленне ў санкцыйным спісе назваў трох канкрэтных банкаў прыводзіць да таго, што часта іх контрагентам прасцей перастрахавацца: не праводзіць дадатковы кантроль або вывучэнне, ці маюць гэтыя банкі права праводзіць адпаведную здзелку, а таксама ці знаходзіцца здзелка за межамі забароненага пераліку аперацый ці не.
А калі гэтая здзелка для контрагента не крытычная і важная (а часцей за ўсё для еўрапейскіх контрагентаў так і ёсць), ім прасцей у прынцыпе адмовіцца ад іх вядзення.
— Як рашэнне RBI паўплывае на працу «Беларусбанка»?
— У заяве «Raiffeisen» гаворыцца пра міжнародныя плацяжы ў адрас «Беларусбанка». Статыстыкі, колькі ідзе пераводаў ад аднаго банка іншаму, у публічным доступе няма. Гэтую інфармацыю не раскрываюць, можна толькі меркаваць, які там аб’ём здзелак.
Аднак я не думаю, што ён празмерна вялікі і гэта імгненна адаб’ецца на нейкіх фінансавых паказчыках для «Беларусбанка». Хутчэй не, чым так.
Але праблема ў тым, што гэты інфармацыйны эфект — паўзучы, але дзейсны. Гэта азначае, што само паведамленне «Raiffeisen» можа стаць трыгерам для іншых контрагентаў «Беларусбанка»: маўляў, лепш не мець з гэтым банкам спраў. І такім самарастучым чынам эфект можа далей набіраць сілу.
Адпаведна, таксічнасць «Беларусбанка» для контрагентаў можа ўзрастаць. Рана ці позна гэта можа закрануць і важныя здзелкі для банка, звязаныя з сур’ёзнымі аб’ёмамі фінансавання, а не проста з пераводамі.
Улічваючы, што «Raiffeisen» на прасторах Усходняй Еўропы — досыць сур’ёзнае імя, гэта адзін з найбольш актыўных заходніх банкаў, такая заява — істотная рэч і за ёй цалкам, як я ўжо казаў, могуць рушыць самаабмежаванні з боку іншых контрагентаў.
Для астатніх банкаў, якія знаходзяцца пад сектаральнымі фінансавымі санкцыямі, наступствы могуць быць падобнымі. Назваць рысу, за якой пачнуцца праблемы для банкаў, практычна немагчыма, але гэты эфект акумулюецца. І ў адзін цудоўны момант гэта можа адбыцца — як сарваць стоп-кран.
— Ёсць меркаванне, што пастанова «Raiffeisen Bank» — пачатак працэсу, які дэ-факта можа мець для беларускай фінансавай сістэмы прыкладна такія ж наступствы, як адключэнне ад сістэмы SWIFT.
— Не, з гэтым не пагаджуся. Гэта розныя па маштабе і па ступені ўздзеяння падзеі. Калі пераводзіць у аналогіі, то гіпатэтычнае адключэнне сістэмы SWIFT можна параўнаць з землятрусам з магнітудай 8-9 балаў. А заява RBI — гэта самы сціплы землятрус у 1 бал.
Гіпатэтычнае адключэнне SWIFTа — гэта імгненнае блакаванне ўсіх плацяжоў, маштабны шок для ўсёй фінансавай сістэмы. А адмова «Raiffeisen» — такая вельмі непрыемная пстрычка па носе з далейшымі прагрэсуючымі дрэннымі наступствамі, але без такога разбуральнага ўздзеяння.