Кругазварот зямлі ў Беларусі

Смалявіцкія дачнікі прапануюць беларускім уладам перанесці кітайска-беларускі індустрыяльны парк на тэрыторыю іншага раёна, туды, дзе няма такой вялікай колькасці садовых таварыстваў.



5_2.jpg

Магчымасць мець пад сваім бокам нямала кітайцаў вельмі турбуе жыхароў Смалявічаў. Бо калі верыць Белстату, Беларусь мае з Кітаем толькі 4,7% гандлёвага таваразвароту, але кітайцаў паўсюль стала зашмат. У метро, у тралейбусах-аўтобусах. На прылаўках універмагаў кітайскіх прамысловых тавараў нашмат больш, чым беларускіх. Куды не кінь вокам — паўсюдна лэйблы «Made in China». І толькі дзе-нідзе, як кажуць, у гомеапатычных дозах, можна заўважыць нешта пад сціплай шыльдай «Зроблена ў Беларусі». Па дызайнерскіх распрацоўках першых пяцігодак — цвікі, патэльні, бытавая тэхніка пад айчыннымі назвамі, па выгляду падобная да імпартовых, бо, як бы гэта сказаць далікатна, цалкам запазычаныя. На савецкім слэнгу гэта называлася «цельностянутые технологии».

Карацей, беларуская прамысловасць больш шчыравала над колькасцю, а пра якасць прадукцыі забылася. Не дзіва, што яшчэ дваццаць гадоў таму мы абганялі кітайцаў па развіцці індустрыі, а зараз ужо Кітай нас абагнаў. І каго ж, як не кітайцаў, запрашаць будаваць індустрыяльны парк для краіны, якая развучылася рабіць добрыя рэчы і выгадна іх прадаваць?

Але дзе ж гэты парк яшчэ будаваць, як не ў Смалявіцкім раёне? Лепшай пляцоўкі і не знайсці: побач сталіца, міжнародны аэрапорт і вельмі спагадлівыя мясцовыя ўлады.

Смалявіцкія ўлады настолькі спагадлівыя да кітайцаў, што значная частка насельніцтва лічыць выканкам самастойным органам улады. Хаця на самай справе ён юрыдычна афармляе тыя рашэнні, якія зроблены ў Мінску.

Таму дачнікі, якім падаецца, што гэта менавіта смалявіцкі выканкам прымаў рашэнне наконт іх лецішчаў, патрабуюць правесці дзяржаўную экалагічную экспертызу, прызнаць несапраўднымі грамадскія абмеркаванні і ў месячны тэрмін правесці паўторныя абмеркаванні. Скаргу на гэты конт дачнікі адправілі на імя генпракурора Аляксея Канюка.

Мяркуем, усе кампетэнтныя інстанцыі, якія маюць дачыненне да праекта парка, да працэдуры выдзяленне ўчастку, да арганізацыі грамадскіх абмеркаванняў, зладжаных выканкам, маюць па праблеме дастатковую інфармацыю і ведаюць, што з гэтай інфармацыяй рабіць.

А сярод насельніцтва яшчэ трапляюцца экземпляры, якія верылі ў справядлівасць савецкай улады, і вераць у яе зараз. Ім падаецца, што грамадскія абмеркаванні ладзяцца для дасягнення кампрамісу інтарэсаў паміж уладай і насельніцтвам. Не, дыскусіі праводзяцца менавіта тады, калі начальства ўжо вызначылася з патрэбным для сябе рашэннем. Прыкладам, некалькі гадоў таму, ледзь не прысягаючы на канстытуцыі, Лукашэнка паабяцаў правесці рэферэндум наконт будаўніцтва АЭС. АЭС ужо будуюць перадавымі тэмпамі, а пра рэферэндум нешта нічога не чуваць. Затое зрабілі нібыта грамадскае абмеркаванне.

Па той жа схеме ўсё зараз робіцца і ў Смалявічах.

Вось людзі скардзяцца, што грамадскія абмеркаванні генеральнага плана Кітайска-Беларускага парка плошчай 8 048 гектараў правялі з парушэннямі заканадаўства. Маўляў, 16 красавіка ўдзельнікі абмеркаванняў падрыхтавалі пісьмовыя заўвагі і прапановы, сабралі каля 500 падпісантаў з ліку актыўных грамадзян, сяброў садаводаў-аматараў і вяскоўцаў, якія палічылі генплан кепскім. А іх ніхто не ўлічыў. Але дзяржава ў нас такая. Яна клапоціцца, каб нас спачатку абадраць, каб ніхто не заўважыў, а пасля паклапаціцца пра канстытуцыю.

Артыкул 44 Канстытуцыі РБ кажа нам пра тое, што дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і недатыкальнасці гэтай уласнасці. Але ж дзяржава мае не абавязак бараніць прыватную ўласнасць, але мае і права і абавязак праводзіць адчужэнне ўласнасці на карысць самой сябе, для задавальнення грамадскай патрэбы.

Прыкладам, больш за дваццаць гадоў таму ў Смалявіцкім раёне адбыўся натуральны зямельны перадзел: ад калгасаў адбіралі зямлю (хоць раней яна была выдзелена ім дзяржавай на вечнае і бясплатнае карыстанне) на карысць мінскім дачнікам. Хто гэтыя вельмі зручныя ўчасткі атрымаў? Той, хто меў лепшыя сувязі і прыязныя стасункі з абласнымі і смалявіцкімі ўладамі. Хто тады меў меншыя нефармальныя рэйтынгі, атрымлівалі лецішчы за 101-м кіламетрам ад МКАД.

А наогул, цікава атрымліваецца: раней сяляне адабралі зямлю ў паноў, пасля зямлю ў іх адабрала партыя і перадала калгасам, пасля вертыкальшчыкі адабралі зямлю ў калгасаў і аддалі дачнікам. А зараз адбіраюць, каб аддаць кітайцам. А смалявіцкія дачнікі ўсё яшчэ спадзяюцца, што ад іх зямлі адчэпяцца і забяруць зямлю дачнікаў у нейкім іншым раёне.