Краіна можа апынуцца на мяжы дэфолту
Ва ўмовах крызісу дзяржава павінна дапамагчы выжыць бізнесу. Таму што інакш, пасля заканчэння форс-мажору, яна застанецца ні з чым. Калі не падтрымаць тых, каго раней грэбліва называлі «вашывымі блохамі», кепска будзе самой дзяржаве.
Вядомы брэсцкі прадпрымальнік Кірыл Борахаў, уладальнік сеткі ўстаноў грамадскага харчавання,
апублікаваў зварот да ўладаў і жыхароў горада, заклікаўшы аказаць падтрымку
малому бізнесу, каб не дапусціць калапсу гэтага сектара эканомікі.
Ён адзначыў, што не можа закрыць свае ўстановы на каранцін, таму што «афіцыйна ў нашай краіне каранціну няма, і мы не можам спаслацца на форс-мажор». «У нас ёсць абавязацельствы перад нашымі пастаўшчыкамі, арэндадаўцамі, дзяржавай, крэдытнымі арганізацыямі, супрацоўнікамі, і таму нам трэба працаваць, каб іх выканаць», — зазначае ён..
Па словах Борахава, паток кліентаў у яго ўпаў на 90 працэнтаў. Банк і некаторыя арандатары паставіліся з разуменнем і адтэрмінавалі плацяжы, але ўлады занялі чакальную пазіцыю. З-за гэтага Борахаў не можа закрыцца і ўзяць тайм-аўт. А кампенсаваць страты ніхто, падобна, не збіраецца.
«Адбываецца катастрафічнае зніжэнне эканамічнай і спажывецкай актыўнасці, якое ставіць многія прадпрыемствы пад пагрозу выжывальнасці. У кожнага з нас ёсць любімыя месцы, кафэ, бары, рэстараны, крамы, паслугі, любімыя майстры, прадаўцы, афіцыянты, рэчы і прадукты, якія робяць наша жыццё лепшым і камфортнейшым, знікненне якіх знервуе і зробіць наш горад горшым. Таму я прашу па-сяброўску падтрымаць лакальны бізнес, якім мы карыстаемся і любім, таму што калі мы гэта не зробім, то можам яго проста страціць», — напісаў прадпрымальнік у Фэйсбуку.
У падобнай сітуацыі аказаліся шмат якія бізнесоўцы.
Уразлівыя групы насельніцтва
Канешне, беларуская эканоміка наўрад ці вытрымае паўнавартасны каранцін, калі спыняць сваю працу прадпрыемствы і ўстановы. Каранцін — вельмі дарагое задавальненне для дзяржавы, і тут Лукашэнка мае рацыю. Аднак ва ўмовах крызісу дзяржава павінна дапамагчы выжыць бізнесу. Таму што інакш, пасля заканчэння форс-мажору, яна застанецца ні з чым.
Найперш трапляе ў групу рызыкі бізнес, у якога няма «падушкі бяспекі». Гэта, перадусім, індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя, а таксама малы і дробны бізнес. Несалодка давядзецца ў першую чаргу ІП, што гандлююць на рынках. Яны і раней скардзіліся на нізкую пакупніцкую здольнасць насельніцтва, з-за чаго людзі перасталі набываць тавар на рынках. Цяпер на рынкі народ увогуле не ходзіць з-за небяспекі заразіцца. Да таго ж, вакол краіны абвешчаны каранцін, і большасць з гэтых ІП проста не можа выехаць за межы краіны, каб абнавіць асартымент тавараў.
Турыстычны бізнес, забаўляльны, перавозкі і грамадскае харчаванне, цырульнікі, салоны прыгажосці і спартовыя залы — спіс тых, хто пацерпіць ад эпідэміі каронавіруса, павялічваецца штодня. І, на жаль, сапраўды, гэта — малы бізнес.
Насамрэч, страта малога бізнесу для дзяржавы — вельмі небяспечная. Калі не падтрымаць тых, каго раней грэбліва называлі «вашывымі блохамі», кепска будзе самой дзяржаве. Адзін з асноўных пунктаў папаўнення як мясцовых, так і рэспубліканскага бюджэту — гэта падаткі і штрафы. Напрыклад, «падатак на тавары, работы і паслугі», а таксама штрафы, у бюджэце сталіцы складае пятую яго частку. Калі ІП спыняць сваю працу, каму кантралёры будуць выпісваць штрафы на запланаваныя ў сталічных выдатках 14,7 мільярда рублёў? Самім сабе?
І так — у кожным горадзе. Праўда, ёсць надзея, што сённяшняя сітуацыя ўрэшце прымусіць улады ачомацца і не планаваць даходы ад штрафаў у праекты бюджэтаў.
Фота bi-impulse.ru
Не звольніць — кепска
У той жа час улада працягвае гуляць у «дзяржаву для народа». З-за неабвешчанага каранціну людзі не могуць «закансерваваць» свой бізнес. Да таго ж асабіста Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся наконт «звальненняў у прыватным сектары». Маўляў, альбо ніякіх звальненняў, альбо ты больш не працуеш.
На жаль, ад такога кіравання працэсам нічога добрага не атрымаецца. Таму што ў бізнесу будзе стаяць выбар: альбо не паслухацца кіраўніка дзяржавы і звольніць работнікаў з-за падзення попыту на паслугі на 80–90%, тым самым ратуючы сваю справу і маючы шанец на яе аднаўленне. Альбо збанкрутаваць — і ўсё роўна звольніць работнікаў.
Канешне, ёсць шмат прыёмаў, каб абысці забарону на звальненне — напрыклад, адправіць людзей у «вымушаны адпачынак за свой кошт». Нібыта, і загад выкананы (нікога не звольнілі), і нагрузка на прадпрыемства скарацілася. Але што будзе далей? У работнікаў застаецца псіхалагічная прывязка да старога месца працы, у іх, нібыта, няма стымулу шукаць новае месца заробку, застаецца надзея, што «з часам усё наладзіцца».
У выніку мы атрымаем безліч «нібыта працоўных беспрацоўных». І вінаваціць яны ў гэтым будуць дзяржаву, якая дала ім «ілюзію працаўладкавання». А шмат у каго — крэдыты, па якіх трэба плаціць рэгулярна і своечасова.
Таму больш сумленна было б усё ж патлумачыць людзям сітуацыю, а не карміць іх марнымі спадзяваннямі.
Падтрымка саміх сябе
Да 1 красавіка ўрад павінен быў распрацаваць меры для падтрымкі эканомікі. Планавалася, што ў першую чаргу будуць уведзеныя часовыя падатковыя і крэдытныя канікулы для кампаній, аказаная падтрымка індывідуальным прадпрымальнікам. На справе ж у час напісання гэтага матэрыялу (якраз 1 красавіка, калі такія планы ўжо павінны былі існаваць), малы бізнес такіх захадаў не дачакаўся.
Ёсць толькі праект указа Дзяржкаммаёмасці краіны, у якім прадугледжваецца прадстаўленне па заяве арандатара (пазыкаатрымальніка) нерухомай маёмасці адтэрміноўкі па аплаце арэнднай платы за карыстанне такой маёмасцю (кампенсацыі расходаў, звязаных з утрыманнем і эксплуатацыяй гэтай маёмасці) да 30 верасня 2020 года.
У сваю чаргу арэндадаўцы атрымаюць адтэрміноўку выканання абавязацельстваў у дачыненні да выплаты арэнднай платы за зямлю, падатку на зямлю, падатку на нерухомасць, што выплачваюцца арэндадаўцам (пазыкадавальнікаў) за кошт арэнднай платы (расходаў, якія кампенсуюцца пазыкаатрымальнікамі), з растэрміноўкай выплаты па 31 снежня 2020 года. Праектам дакумента таксама прадугледжваецца мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы да 30 верасня 2020 года.
Але, як заўсёды, не абышлося без хібаў. Усе пералічаныя нормы дакумента будуць распаўсюджвацца на арандатараў маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, а таксама ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў, у статутных фондах якіх больш за 50 працэнтаў акцый (доляў) знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы і (або) яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.
То-бок, дзяржава ў чарговы раз клапоціцца не пра малы і сярэдні бізнес, а пра свае інтарэсы. А ІП і самастойныя бізнесоўцы павінны выжываць, як могуць.
Што робяць іншыя?
Эпідэмія каронавіруса сталася выклікам не толькі для Беларусі. Над падтрымкай бізнесу задумваюцца ва ўсім свеце. Амаль усе краіны пачалі з дапамогі цырульнікам, таксістам, дызайнерам і рэстаратарам. Яны абяцаюць бязвыплатныя гранты і льготныя крэдыты малому бізнесу, індывідуальным прадпрымальнікам і самазанятым. Антыкрызісныя захады прадугледжваюць, найперш, падатковыя канікулы: адтэрміноўку плацяжоў і сацыяльных збораў з кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў. Ірландыя, напрыклад, уводзіць крэдытныя канікулы: адтэрміноўку плацяжоў па даўгах кампаній і фізічных асобаў, і датацыі з бюджэту на выплату заробкаў супрацоўнікам фірмаў, што вымушана прастойваюць з-за каранціну.
У Чэхіі, Нідэрландах і Вялікабрытаніі ўлады абяцалі ўзяць на сябе 80–90% аплатнай ведамасці прыватнага бізнесу на некалькі месяцаў. Захады ўключаюць кампенсацыю выдаткаў на скарачэнне персаналу, каб людзям выплацілі выходную дапамогу за некалькі месяцаў, а не звальнялі без капейкі. Аплачваецца адпачынак па догляду за дзецьмі, каб бацькі не спяшаліся выходзіць на працу, пакуль школы закрытыя. У Францыі — да двух тыдняў за кошт бюджэту.
У цэлым краіны «Вялікай дваццаткі» да канца сакавіка ўжо паабяцалі выдаткаваць каля $5 трыльёнаў грошай падаткаплацельшчыкаў на барацьбу з цяперашнім крызісам — гэта прыкладна 6% гадавога аб’ёму сусветнай эканомікі.
Але ў Беларусі ж няма каронавіруса, няма каранціну, і, адпаведна, няма звязаных з гэтым праблем, ці не так? У выніку такога «хавання галавы ў пясок» мы можам застацца без цэлага прыватнага сектару эканомікі.
Дзяржпрадпрыемствы ж у нас, збольшага, выжываюць на дзяржаўнай жа падтрымцы, дзякуючы ўсялякім датацыям. Калі ж загіне прыватны бізнес — не будзе падаткаў, паступленняў у бюджэт. Адпаведна, не будзе і грошай на дзяржпадтрымку. Ёсць рызыка, што ў выніку ляснецца ўсё разам.
Таму цяпер дзяржава проста абавязаная падтрымаць малы і сярэдні бізнес. Грошы на гэта знайсці можна — адмовіцца ад парадаў, «Славянскіх базараў», хакеяў і іншых спартовых мерапрыемстваў.
Шлях да дэфолту?
Валавы знешні доўг Беларусі на 1 студзеня 2020 года склаў $40,75 мільярда. Прыкладна 42% знешняга доўгу прыпадае на дзяржаўны доўг. Доўг Нацбанку перад знешнім светам складае 2,44% ад агульнага. Знешні доўг банкаў і нябанкаўскіх фінансавых арганізацый на 1 студзеня 2020 года склаў $5,0178 мільярда, а знешні доўг суб’ектаў гаспадарання — $15,2369 мільярда.
Калі ўлады не наважацца распрацаваць дзейсныя захады па падтрымцы бізнесу, ці будзе чым нам аддаваць гэтыя пазыкі? Краіна можа апынуцца на мяжы дэфолту.
І тут — як у медыцыне: чым больш «запусціш хваробу», тым цяжэйшым будзе лячэнне.