Перамовы Cop26 па клімаце адкладзеныя да 2021 года

Канферэнцыя ААН па клімаце будзе адкладзеная да наступнага года ў сувязі з каронавірусным крызісам.

climate_10.jpg

Перамовы ААН па клімаце, якія павінны былі адбыцца ў Глазга ў канцы гэтага года, былі адкладзеныя ў сувязі з тым, што ўрады па ўсім свеце змагаюцца за спыненне распаўсюджвання каронавіруса.
У заяве ААН, зробленай у сераду ўвечары, было пацверджана, што сустрэча больш за 26 тысяч удзельнікаў будзе адкладзеная да наступнага года. У ёй гаварылася, што новыя даты правядзення канферэнцыі будуць вызначаны пазней.
Міністр энергетыкі Вялікабрытаніі і прэзідэнт канферэнцыі Cop26 Алок Шарма заявіў, што «у цяперашні час свет сутыкаецца з беспрэцэдэнтным глабальным выклікам, і краіны засяроджваюць свае намаганні на выратаванні жыццяў і барацьбе з COVID-19».
«Мы будзем працягваць нястомна працаваць з нашымі партнёрамі над рэалізацыяй амбіцый, неабходных для пераадолення кліматычнага крызісу, і я з нецярпеннем чакаю ўзгаднення новай даты правядзення канферэнцыі», — сказаў ён.
Джон Совен, выканаўчы дырэктар Greenpeace Вялікабрытанія, заявіў, што жыццёва важна, каб гэтая затрымка не дазволіла ўрадам адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў па барацьбе з кліматычным крызісам.
«Рашэнне адкласці перамовы па клімаце ў Глазга было непазбежным, улічваючы надзвычайную сітуацыю, з якой у цяперашні час сутыкаецца свет, — сказаў ён у інтэрв’ю газеце Guardian. — Але пакуль саміт адкладаецца, надзвычайная сітуацыя з кліматам не можа быць адкладзеная».
Некаторыя бачныя эксперты па клімаце асцерагаюцца, што зацягванне перамоваў будзе азначаць, што ўрады адмовяцца ад больш жорсткіх абавязацельстваў па выкананні Парыжскіх мэтаў.
Так кіраўнік кліматычнай службы ААН Крысціяна Фігерэс, якая курыравала Парыжскі саміт у 2015 годзе, пагадзілася з затрымкай, але дадала: «Выкіды павінны дасягнуць піку ў гэтым годзе, калі мы хочам абмежаваць пацяпленне 1,5 ° C, і Парыжскае пагадненне ўсталявала саміт Cop26 як момант, калі ўсе краіны возьмуць на сябе больш высокія абавязацельствы, якія рэзка знізяць колькасць выкідаў у вырашальным наступным дзесяцігоддзі».
Самыя важныя перамовы па клімаце з часу Парыжскага пагаднення ў 2015 годзе павінны былі адбыцца ў лістападзе гэтага года. Сустрэчу планавалася правесці ў Глазга на арэне SEC, якую Шатландскі ўрад плануе ператварыць у палявы шпіталь для лячэння ахвяр віруса.
Паводле Зялёнага партала