Кошты выраслі на каўбасу. Затрыманы супрацоўнікі сеткі крамаў «Дабраном»

Адсправаздачыліся. КДК раніцай заявіў аб затрыманні «злачынцаў». 

kdk.jpg


Затрыманы дзве службовыя асобы гандлёвай сеткі «Дабраном».
Распачаты крымінальныя справы. Камітэт дзяржкантролю Беларусі паведамляе пра выяўленыя «факты неабгрунтаванага павышэння коштаў».
Сцвярджаецца, што згаданыя службовыя асобы, ведаючы пра забарону на павышэнне коштаў на тавары, «не забяспечылі прыняцце належных мер для недапушчэння іх росту ва ўласнай рознічнай гандлёвай сетцы таварыства». У выніку кошты выраслі на каўбасу, сыры, малочную і іншую прадукцыю — «не менш за 30 асартыментных пазіцый».


 6-7 кастрычніка «па завышаных коштах» іх прадавалі ў крамах сеткі па ўсёй краіне.

Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Лукашэнка заявіў аб забароне на павышэнне любых цэн у краіне.

Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па магазінах і жорсткую рэакцыю аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў падключыліся не толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.

Раней паведамлялася, што Дзяржкантроль завёў крымінальную справу за павышэнне коштаў у Магілёўскай вобласці. Крымінальную справу завялі і ў Баранавічах — там намеснік дырэктара гандлёвага аб'екта павысіў на 13% цану на адзін з харчовых тавараў. 10 кастрычніка стала вядома, што крымінальных спраў ужо больш за дзясятак. У Гомелі пад крыміналку трапіла прыватная кампанія, якая перапрадавала гародніну і садавіну бюджэтным арганізацыям з аптовымі надбаўкамі да 300 працэнтаў.