Кошты на аўтамабільнае паліва пакуль не павялічваюцца
Упершыню з пачатку году «Белнафтахім» напрыканцы тыдня не падняў кошты на паліва. Агулам з пачатку году кошты на АЗС павялічваліся дзевяць разоў, паведамляе Белсат.
За дзевяць тыдняў бягучага году кошты на аўтамабільнае паліва ў Беларусі павялічваліся дзевяць разоў. Кожны тыдзень рост складаў адну капейку. «Белнафтахім» тлумачыў павышэнне коштаў падзеннем курсу беларускага рубля.
Рост коштаў на паліва адбываўся на фоне падзення коштаў на нафту. У канцэрне адзначалі, што зніжэнне коштаў на сыравіну ў канцы лютага «дазваляе фармаваць аптымістычны прагноз адносна далейшай дынамікі цэнаў на нафтапрадукты на ўнутраным рынку ў сакавіку». Але намёкі на тое, што кошты знізяцца, у першы тыдзень сакавіка не спраўдзіліся.
Па стане на 6 сакавіка нафта «Brent» патаннела на 9,23 % да $ 45,27 за барэль. Прамежкавыя кошты «West Texas» упалі на 10,1 % да $ 41,28, гэта самае вялікае аднадзённае падзенне з 2014 года і самы нізкі ўзровень з 2016 года.
У сувязі з гэтым у шэрагу краінаў кошты на паліва знізіліся. «Белнафтахім» кошты захаваў на ранейшым узроўні.
Летась паліва ў Беларусі даражэла 28 разоў, пазалетась – 27 разоў. Кошты павялічваліся на адну капейку.