Кабякоў: Расія пацвярджае намер рэфінансаваць плацяжы Беларусі па дзярждоўгу на 2015 год
Пра гэта сёння журналістам заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, падводзячы вынікі візіту ў Казахстан, дзе на палях пасяджэння Рады кіраўнікоў урадаў СНД адбыліся двухбаковыя сустрэчы.
У Казахстане Андрэй Кабякоў правёў перамовы з расійскім прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым. Паводле слоў кіраўніка беларускага ўрада, расійскі бок плануе цалкам выканаць раней
узятыя на сябе абавязацельствы аб магчымасці рэфінансавання плацяжоў, якія Беларусь сёлета ажыццяўляе па знешніх даўгах перад Расійскай Федэрацыяй.
У цэлым двухбаковыя сустрэчы ў Казахстане Андрэй Кабякоў ахарактарызаваў як вельмі змястоўныя, накіраваныя, перш за ўсё, на развіццё гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
Кіраўнік беларускага ўрада выказаў упэўненасць, што «у бліжэйшы час гэта дасць пэўны вынік».
БелТА