Як выжыць у крызіс?

Сваімі парадамі з наведнікамі Прэс-клуба 24 мая дзяліўся вядучы праграмы "Асабісты капітал" тэлеканала Белсат, кандыдат эканамічных навук Міхал Залескі.

img_0470_logo.jpg


Эканаміст вёў сваю лекцыю ў досыць папулярным ключы. Ён агучыў тэзу, што ўвесь час грамадству даводзіцца адаптоўвацца да пэўных зменаў умоў існавання (у тым ліку эканамічных). Адаптацыя выпрацоўвае пэўныя эканамічныя звычкі. Усім вядома беларускае “Паміраць збірайся, а жыта сей”, альбо “Дзяржава робіць выгляд, што плаціць, мы – што працуем”. Але паколькі свет мяняецца, часам раней набытыя звычкі становіцца непрыдатныя для новых умоваў існавання. Калі ранейшыя звычкі становяцца непрыдатныя да сённяшняй сітуацыі, а патрыярхальнае грамадства спрабуе жыць па старых правілах, а не шукае новыя магчымасці ў сённяшнім і заўтрашнім дні, прыходзіць крызіс.
Міхаіл Залескі ілюстраваў сумную сітуацыю ў беларускай эканоміцы красамоўнымі статыстычнымі лічбамі. Напрыклад, калі не ўлічваць некалькі праведзеных беларускімі ўладамі дэнамінацый, вымалёўваецца курс беларускага рубля 210 мільёнаў за даляр. Валавая знешняя запазычанасць Беларусі на сённяшні дзень сягае 40 мільярдаў даляраў (4 тысяч на кожнага жыхара). Прычым, большая частка атрыманых крэдытаў была накіраваная не на развіццё, а на “праяданне”.
На думку эканаміста, так здарылася, паколькі наша краіна кіруецца “крэпкімі хазяйственнікамі”, намаганні якіх накіраваныя на здабыванне рэсурсу і яго асваенне. Іх стратэгія– захаваць працу, запусціць заводы – не была накіраваная ў будучыню. Значную ролю ў заняпадзе беларускай эканоміцы адыграў крызіс інвестыцыйнага працэсу. Няма механізму, каб грошы перацякалі з кішэні чалавека ў сферу, якая дае найбольшы прыбытак. Гэтаму ў свой час у значнай ступені паспрыяла апантаная барацьба з пасярэднікамі.


Адказ на пытанне, што ўсё-такі рабіць у крызіс, Міхаіл Залескі звёў да 2-х варыянтаў: зацягванне паясоў і пошук новых магчымасцяў, крыніцаў прыбытку. Большая частка ідзе па першым шляху.

“Лепей выжывае той, хто працуе ў некалькіх накірунках, намацвае глебу. У крызіс ніколі нельга спыняцца, трэба рабіць, каб не скатвацца ў стратэгію “звышзберажэння”.Трэба шукаць тое, за што людзі гатовыя плаціць”,


— адзначае Міхаіл Залескі.
Паводле эканаміста, каб выжыць у крызіс, трэба мець волю да жыцця. Веру, волю, веды і сілы, а таксама верыць у тое, што пераможаш. Важна не паддавацца спакусе пераходзіць на нізкакваліфікаваную працу, калі ёсць здольнасці працаваць галавой, а шукаць прымяненне сваім ведам.
Арганізатары зладзілі інтэрнэт-трансляцыю сустрэчы з Міхаілам Залескім. (Гэта ўжо другая імпрэза з цыклу “сустрэч з тварамі “Белсату”. У красавіку першай з гледачамі сустрэлася журналістка Святлана Калінкіна.) Эканаміст, выступы якога зазвычай адрозніваюцца іранічнасцю і вобразнасцю, і на гэты раз падчас нязмушанай, прыязнай гутаркі здолеў зацікавіць аўдыторыю, якая задавала яму разнастайныя пытанні.