Як не атрымаць тэрмін, калі вы знайшлі чужую банкаўскую картку?

У турмах Беларусі знаходзіцца шмат асобаў, якія трапілі за краты праз неабачлівыя паводзіны з банкаўскімі карткамі. «Прысесці» можна нават за разлік па чужой картцы ў краме, калі яе ўласнік па нейкіх прычынах забыў, што даў яе вам для паходу за пакупкамі. Што ўжо казаць, калі вы знайшлі картку на зямлі і зрабілі нешта не па-законе. Разбіраемся.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg

Самае неразумнае, што можна зрабіць, калі знайшлі чужую картку, — паспрабаваць зняць грошы ці расплаціцца знойдзенай карткай. Такія дзеянні будуць тлумачыцца як злачынства.
Крадзеж грашовых сродкаў з выкарыстаннем банкаўскіх картак падпадае пад дзеянне арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Найбольш распаўсюджаным відам крадзяжу з'яўляецца крадзеж самой банкаўскай карты і атрыманне пін-кода ад яе з мэтай скарыстання ёю для атрымання наяўных грашовых сродкаў або здзяйснення пакупак. Аднак пры пэўных абставінах здзяйсненне крадзяжу магчыма і без уводу пін-кода.
Як распаўсюджаны прыклад можна прывесці наступны выпадак:

Пракуратурай аднаго з раёнаў сталіцы было падтрыманае дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе (па ч. 2 арт. 212 КК) у дачыненні да адной асобы, якая падчас сумеснага распівання з пацярпелым спіртных напояў завалодала банкаўскай карткай апошняга.


Тая картка з'яўлялася бескантактавай, і абвінавачаны здзейсніў некалькі пакупак на суму, якая не патрабуе ўводу пін-кода. Пацярпелы выявіў знікненне карткі і грашовых сродкаў толькі па сканчэнні вызначанага перыяду часу, адразу для блакавання карты ў банк не звярнуўся — як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы.

Як бачым — схадзіў за «дагонкай», а атрымаў некалькі гадоў цвярозага знаходжання за кратамі.

 Але нават калі вы ўсё ж хочаце вярнуць выпадкова знойдзеную банкаўскую картку ўладальніку, ёсць некалькі падводных камянёў.

Пры сустрэчы з меркаваным уладальнікам, якога атрымалася знайсці праз сацыяльныя сеткі, вы можаце не пачуць падзякі, але наадварот — абвінавачанне ў крадзяжы. Вы ж нічога не ведаеце аб адэкватнасці ўладальніка, а таксама аб тым, які шлях зрабіла картка перад тым, як апынуцца ў вас. Можа, з яе ўжо скралі грошы? Пад псіхалагічным прэсінгам уладальніка карткі і сапраўды лёгка паверыць, што з рахунку знікла некаторая колькасць рублёў, і давядзецца дастаць грошы са сваёй кішэні.

Яшчэ адна памылка: размяшчаць аб'явы ў інтэрнэце, асабліва адкрыўшы дадзеныя карты. Калі яна пакуль не заблакаваная, рэквізітамі могуць скарыстацца ашуканцы. Да таго ж публікацыя рэквізітаў з'яўляецца парушэннем закону аб абароне асабістых дадзеных.

Немагчыма вызначыць уладальніка неперсаніфікаванай карткі з надпісам INSTANT CARD.

Калі ж вы прыйдзеце ў банк і запытаеце дадзеныя ўладальніка, каб вярнуць яму картку, вам адмовяць. Згодна з артыкулам 121 Банкаўскага кодэкса, гэтыя звесткі з'яўляюцца банкаўскай таямніцай.

Калі ж страціць картку здарылася вам, банкі раяць перавыпусціць яе ў любым выпадку. Нават калі вам вярнулі яе, вы ніколі не даведаецеся, праз колькі рук картка прайшла за гэты час. Да таго ж дадзеныя могуць быць пасля скарыстаны для электронных плацяжоў.


Каб не стаць ахвярай злачынцы, неабходна выконваць шэраг правілаў

— уводзячы пін-код у банкамаце, прыкрывайце клавіятуру рукой;

— пін-код нельга запісваць на картцы або захоўваць побач з карткай, напрыклад у кашальку або даступным для старонніх месцы, таму што ў выпадку крадзяжу або страты кашалька ў ашуканцаў будзе ўся неабходная інфармацыя для зняцця наяўных з рахунку;

— нікому не перадавайце сваю картку і не паведамляйце пін-код, у кавярні настойвайце на правядзенне аперацыі ў вашай прысутнасці;

— аплачваючы тавары ці паслугі па картцы, нельга пакідаць рахунак або выкідваць яго, бо на ім надрукаваны нумар карты:

— калі вам прыйшло паведамленне аб блакіроўцы карты, ператэлефануйце па тэлефоне банка, пазначаным на адваротным баку вашай карты;

— аглядайце банкаматы перш чым карыстацца імі, калі нешта здаецца вам падазроным, лепш скарыстацца іншым банкаматам;

— падключыце функцыю SMS-абвесткі;

— не заходзіце на сайты банкаў і крам, націскаючы па спасылках у паштовых паведамленнях і рэкламных банэрах, адрас бяспечней набіраць уручную;

— рэгулярна абнаўляйце антывірусныя праграмы на кампутары і тэлефоне;

— у выпадку крадзяжу або страты карткі трэба неадкладна паведаміць пра гэта ў банк, які выпусціў яе, і заблакаваць картку.