Інфляцыя ў Беларусі за 11 месяцаў склала 6,6 працэнта. Што падаражэла найбольш?
У лістападзе 2020 года спажывецкія цэны ў параўнанні з папярэднім месяцам выраслі на 0,7%, у параўнанні са снежнем 2019 года — на 6,1 працэнта, гадавая інфляцыя склала 6,6 працэнта.
«Рост спажывецкіх цэн у гадавым вымярэнні на 0,4% шмат у чым абумоўлены падаражаннем за апошнія 12 месяцаў асобных нехарчовых тавараў і харчовых тавараў крытычнага імпарту (перш за ўсё за кошт паслаблення беларускага рубля і неспрыяльнай замежнай кан’юнктуры)», — патлумачылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРГ), перадае Радыё Свабода.
Паводле МАРГ, у гадавым вымярэнні па-ранейшаму найбольш выраслі цэны на тавары, імпартаваныя з-за мяжы (на фоне курсавых ваганняў):
- алей — падаражэў на 24,2%,
- электратавары — на 13,4%,
- тэлевізары — на 7,1%,
- сінтэтычныя мыйныя сродкі — на 9,4%.
Рост цэн за год на садавіну і агародніну паскорыўся да 10,5% (9,2% месяц таму).
У параўнанні з папярэднім месяцам у лістападзе найбольш падаражэлі:
- бульба — на 3,1%,
- памідоры — на 30,2%,
- агуркі — на 20,1%,
- перац — на 8,5%
У групе харчовых тавараў падаражэлі:
- мяса і мясапрадукты — на 0,5%,
- малако і малочныя прадукты — на 0,8%,
- алеі і тлушчы — на 2,8%,
- яйкі курыныя — на 5,2%,
- цукар — на 7,2%.
Таксама ў лістападзе (у параўнанні з кастрычнікам) планава павялічаныя тарыфы на ацяпленне (на 7,1%) і паслугі сувязі (на 2,5%). Адзначаецца рост цэнаў на цыгарэты (на 0,6%) і гарэлку (на 0,2%). На 1,7% падаражэлі лекі.
У сферы рэгуляванага цэнаўтварэння за месяц прырост цэн і тарыфаў у гадавым вымярэнні склаў 6,5%, удакладняюць у МАРГ.
- паслугі ЖКХ падаражэлі на 8,4%,
- пладоваагароднінная прадукцыя — на 10,5%,
- пасажырскі транспарт — на 15,5%,
- лекі — на 8%,
- адзенне — на 4,2%.
Паводле планаў ураду і Нацбанку, інфляцыя ў 2020 годзе не павінна была перавысіць 5%.