Інфляцыя за студзень—кастрычнік дасягнула 14,8%
З пачатку года спажывецкія цэны Беларусі выраслі на 14,8%. У кастрычніку, паводле інфармацыі БелаПАН, інфляцыя склала 1,2%.
Найбольшы ўплыў на кастрычніцкую інфляцыю мелі цэны на харчовыя тавары і паслугі. Так, прадукты харчавання падаражэлі на 1,2% (з пачатку года — на 16,3%), платныя паслугі для насельніцтва — на 2,5% (на 22,6%). Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў кастрычніку выраслі на 7,2% (з пачатку года — на 30,1%).
Першапачаткова ўрад прагназаваў зніжэнне інфляцыі ў 2014 годзе да 11% (з 16,5% — у 2013-м). Аднак, як прызнаў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, выступаючы 10
лістапада ў Палаце прадстаўнікоў, рост спажывецкіх цэн складаецца на больш высокім узроўні.
Паводле слоў прэм'ера, значны ўплыў на змяненне цэн мае акцызная палітыка дзяржавы. "Сапраўды, інфляцыя складаецца вышэй за прагнозны ўзровень, але калі ачысціць яе ад росту
акцызаў на алкаголь і тытунёвыя вырабы, яна складзе 11%", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў наступным годзе ўрад плануе знізіць тэмп росту спажывецкіх цэн да 12%. "На 2015 год інфляцыю плануе на ўзроўні 12%, у тым ліку рэгуляваныя цэны вырастуць на
5,2%, астатні прырост — за кошт манетарных фактараў", — сказаў Мясніковіч.
Між тым аналітыкі расійскага "Ашчадбанка" чакаюць, што інфляцыя ў Беларусі ў 2015 годзе складзе 17%, а сёлета — 18%. Для зніжэння інфляцыі і памяншэнні націску на беларускі
рубель, гавораць эксперты, неабходна замарудзіць рост намінальнай зарплаты.
Падобныя рэкамендацыі адрасуюць беларускім уладам і прадстаўнікі міжнародных фінансавых арганізацый. Так, кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду Дэвід Хофман у кастрычніку ў
Мінску заявіў, што для стрымлівання інфляцыі і скарачэння знешніх дысбалансаў уладам "трэба рэзка скараціць дырэктыўнае крэдытаванне і не павышаць заработную плату ў астатні перыяд
бягучага года".
"Ураду неабходна зрабіць больш жорсткай бюджэтна-падатковую палітыку, каб кампенсаваць уплыў высокага квазіфіскальнага дэфіцыту на стымуляванне эканомікі, прычым гэта ўзмацненне
жорсткасці павінна быць яшчэ больш істотным, калі дырэктыўнае крэдытаванне не будзе скарочана", — падкрэсліў кіраўнік місіі МВФ.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН