І навошта тая станцыя? БелАЭС не будзе працаваць да сярэдзіны жніўня

Міністэрства энергетыкі 12 ліпеня паведаміла, што першы энергаблок БелАЭС адключаны ад сеткі аўтаматычнай абаронай генератара, «прычыны ўстанаўліваюцца, пасля іх вырашэння энергаблок будзе ўключаны ў работу». 23 ліпеня Мінэнерга заявіла, што на першым энергаблоку «праводзіцца рэвізія і дыягностыка абсталявання турбагенератара».

_20190527_bun_4524_jb8x2.jpg


Уключыць блок у сетку плануюць да сярэдзіны жніўня. Як разумець усе гэтыя сухія фармулёўкі? «Наша Ніва» звярнулася па каментар да энергетыка.

«З афіцыйных паведамленняў можна зрабіць выснову, што з рэактарам усё добра — "ляснула" электрычная частка. Груба кажучы, схема наступная: атамны рэактар выпрацоўвае гарачую вадзяную пару, пара пад ціскам круціць турбіну, турбіна круціць генератар, які выпрацоўвае электрычнасць непасрэдна ў сетку. І паломка, вынікае, у апошнім пункце, які з рэактарам не звязаны. Адзінае, што цяпер АЭС не дае ні кроплі энергіі ў сістэму, на гэта можна не звяртаць увагі, калі хапае магутнасцей іншых станцый у краіне. Але ўзнікае пытанне, навошта такая станцыя трэба. Як я памятаю, былі абяцанні паадключаць процьму электрастанцый пасля пуску АЭС — тую ж Лукомльскую ДРЭС, але з такімі частымі адключэннямі і няўцямнай работай АЭС гэтага рабіць пакуль што не выпадае.

Да таго ж, сам увод энергаблока назад у сістэму пасля выпраўлення хібаў — гэта справа не некалькіх хвілін, а вельмі складаная аперацыя, дзе трэба ўлічваць мноства фактараў, каб не заваліць усю энергасістэму», — сказаў энергетык.

Нагадаем, выплата па расійскім крэдыце за будаўніцтва АЭС павінна была пачацца 1 красавіка 2021-га, але была перанесена на 2023 год.