Гэта не анекдот. На дырэктара малочнага прапрыемства завялі справу за... заніжэнне коштаў

Пасля таго, як улады выдалі Дырэктыву №10 «Аб недапушчальнасці росту цэнаў», выпадак, апісаны ў папяровай «Аршанскай газеце», выглядае проста анекдатычным, пішуь праваабаронцы.

1a433541e65414df20576fb99fc2bb65_xl.jpg

Камітэт дзяржкантролю, фіксуючы выпадкі завышэння цэнаў, пастанавіў пакараць «адзін з суб’ектаў гаспадарання малочнай галіны» за тое, што «пры наяўнасці магчымасцяў рэалізацыі прадуктаў па больш выгадных цэнах», дазваляў пакупнікам купляць малочныя вырабы танней.

«Аршанская газета» чамусьці не называе той суб’ект гаспадарання, дзякуючы якому людзі маглі хоць трохі з’эканоміць. Затое падрабязна апісвае штрафныя санкцыі, бо маўляў, прадпрыемству не атрымала магчымага прыбытку, і яму нанесены ўрон у суме больш за 270 тысяч рублёў. За гэта быў звольнены дырэктар і яго намеснік. Не абышлося і без крымінальных справаў — зусім як у выпадках, калі праверка знаходзіла факты падвышэння цэнаў. Усяго было распачата дзве крымінальныя справы, прычым адна з іх — у дачыненні да былога дырэктара.

Таксама выданне паведамляе, што ў рэгіёне штодня праводзіцца па некалькі праверачных рэйдаў у розныя крамы. Усяго праверана каля 200 аб’ектаў. Паводле апублікаваных вынікаў, у большасці гандлёвых аб’ектаў — а гэта і харчовыя крамы, і аптэкі, і сфера паслугаў — парушэнняў не знойдзена.

Дарэчы, дапамагаюць удзельнікам праверак і пільныя грамадзяне. Так, аршанец Ігар Эйдэльштэйн «прасігналізаваў», што ў адной з крамаў «Хіт» не працуе прылада для праверкі цэнаў, і што ў краме няма запалак. Калі на гандлёвы аб’ект прыбыла праверка, то высветлілася, што электронная прылада працуе як мае быць, і запалкі ёсць, але на іх няма цэнніка. Па выніках звароту пільнага грамадзяніна з адміністрацыяй крамы правялі тлумачальную гутарку.