Калі ў нас усё так добра, чаго ж нам так дрэнна?
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур нечакана выступіў у ролі псіхатэрапеўта. Калі да яго прыслухацца, дык у нас усё настолькі добра, што хоць да раны прыкладай. Маніпуляцыя лічбамі і недагаворкі — ці добра гэта?
Пасля справаздачы Лукашэнку кіраўнік галоўнага банка краіны проста сачыўся мёдам. Па тых меркаваннях, якія Калаур выказаў дзяржСМІ, інфляцыя будзе запавольвацца, ЗВР у нас «на ўзроўні», і хвалявацца няма пра што. А калі разабрацца?
Інфляцыя — усё? Не, пачакайце
«Урад і мы прымаем меры для таго, каб інфляцыя зніжалася. Нашы прагнозы аптымістычныя. Мы чакаем, што прайшлі пік высокай інфляцыі і яна паступова будзе запавольвацца. Адпаведна будзе працягнуты працэс зніжэння ставак па крэдытах і ўсё гэта ў сукупнасці стварае нармальныя ўмовы для рэальнага сектара эканомікі па даступнасці крэдытаў», — сказаў Калаур.
У нармальным выпадку, у такой фразе дадаюць умовы: «калі не». А калі заўтра Беларусь напоўніцу ўступіць у вайну Расіі з Украінай? А калі заўтра Пуціну перамкне ў галаве, і ён нанясе па Украіне ядзерны ўдар? А калі заўтра — нават проста без усялякіх жахаў — абрынецца расійскі рубель, да якога прывязаны рубель беларускі? Скажам, расійскі Цэнтрабанк вырашыць, што ягоная валюта «пераацэненая», і апусціць рубель працэнтаў на 20?
Аднак Калаўр нічога не сказаў на гэты конт. Такім чынам ствараецца карцінка, нібыта ў нас усё добра. Хаця насамрэч — не.
Але галоўнае, чаго не сказаў Калаўр — што ён разумее пад «пікам высокай інфляцыі». Колькі гэта ў працэнтах?
Напрыклад, па прагнозах экспертаў даследчага цэнтру BEROC «прадуктовая» інфляцыя на канец 2022 года складзе 19%. Базавая інфляцыя (то-бок тая, якая выключае «знешнія фактары» кшталту рэгулявання цэн, іх сезоннага падзення-павышэння і інш.) ужо складае 20%. Калі рубель за няпоўны год абясцэніўся на пятую яго частку — гэта «пік высокай інфляцыі» ці не?
Сусветны банк у сваім апошнім прагнозе ацэньвае гадавую інфляцыю ў Беларусі ў 2022 годзе ў 18,7%, а Міжнародны валютны фонд — 16,5%. Raiffeisenbank International у жніўні выдаваў аж тры прагнозы па інфляцыі ў Беларусі. У аптымістычным сцэнары прагнозу інфляцыя ў Беларусі па выніках 2022 года складала 16,3%, у базавым сцэнары — 17,5%, у песімістычным сцэнары — 26,9%.
У любым разе, ніводны прагноз не прадугледжвае ўрадавага мэтавага ўзроўню інфляцыі ў 6% на гэты год.
ЗВР як «безадклікальны дэпазіт»
Старшыня праўлення Нацбанка выказаў упэўненасць, што ЗВР сёлета не апусцяцца ніжэй за 7 млрд долараў. «ЗВР у нас вагаюцца ў межах 7,5 млрд долараў. Мы пагасілі знешні доўг, як і планавалі, за кошт ЗВР — 900 млн долараў. І чакаем да канца года, што ЗВР, як і запланавана, ніжэй за 7 млрд долараў не будуць», — сказаў ён.
Цікава, якія 900 млн крэдыту мы аддалі? І Калаур нічога не сказаў па крэдытах, якія мы не аддалі. А не аддалі мы крэдыты Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця і працэнты па еўрабондах.
І яшчэ вялікае пытанне, што такое беларускія ЗВР? Як распавядаюць адмыслоўцы праекту «Кошт ўрада», нашыя ЗВР цяпер больш падобныя на «безадклікальны дэпазіт».
ЗВР Беларусі складаюцца з трох асноўных актываў: золата ($3,4 млрд або 42% ад усяго аб'ёму), спецыяльныя правы запазычання (SDR — $1,3 млрд або 18% ад усяго аб'ёму — спецыяльная валюта МВФ). І нарэшце, рэзервовыя актывы ў замежнай валюце ($3 млрд або 40% ад агульнага аб'ёму).
Нядаўна Байдэн падпісаў дакумент, які блакуе нашыя SDR, хоць іх і раней было цяжка пераплавіць у рэальныя грошы. Такім чынам, 18% нашых ЗВР — гэта «мёртвы груз», які не ператворыцца ў грошы ні ў якім разе (прынамсі, пакуль не зменіцца палітычная сітуацыя).
Золата, хоць і з'яўляецца рэзервам, не можа быць лёгка і проста канверсавана ў жывыя грошы, а з-за санкцый прадаць яго таксама складана — хутчэй за ўсё, гэта можна зрабіць толькі з вялікім дысконтам. Такім чынам, $3,1 млрд ляжаць у сховішчах Нацбанка прыгожымі штабелямі зліткаў, але ў рэальнасці яны больш падобныя на цэглу.
З 2020 года фінансавы сектар Беларусі знаходзіцца пад пагрозай або дзеяннем прамых санкцый. Гэтыя санкцыі былі ўзмоцненыя з-за ўдзелу Беларусі ў «спецаперацыі» Расіі ва Украіне. Мы ведаем, што ў выніку гэтых санкцый частка расійскіх рэзерваў, якая захоўвалася за мяжой, была замарожаная. Гэта значыць грошы сталі недаступныя да выкарыстання.
Беларускі Нацбанк, у адрозненне ад расійскага, ніколі не расказваў, у якіх краінах яны трымаюць «рэзервовыя актывы ў наяўнай валюце». Вядома толькі, што ў свой час, да пачатку вайны, наш Нацбанк вывеў «гатоўкай» з Еўропы каля 1 млрд долараў.
Такім чынам, з прыгожай сумы $7,5 млрд ЗВР гарантавана мы маем толькі 1 млрд — і тое не факт, бо пасля падзей лютага колькасць валюты ў рэзервах знізілася прыкладна на гэты ж мільярд — грошы пайшлі на тое, каб збіць тады валютную паніку. Застаецца $2 млрд, пра якія мы нічога не ведаем. І Калаeр упарта маўчыць наконт даступнасці для нас гэтых двух мільярдаў.
«Нават калі выказаць здагадку, што ўсе гэтыя $3 млрд знаходзяцца ў поўным распараджэнні ўрада, зразумела, што гэта зусім не такая вялікая сума, як можа здацца. Гэта менш, чым Беларусь звычайна плаціць па валютным дзярждоўгу за адзін каляндарны год (як правіла, каля $3,5 млрд)», — адзначаюць эксперты «Кошту ўрада».
Ці бываюць лішнімі «лішнія грошы»?
І ўжо зусім дзіўна было чуць ад Калаўра ягоную інтэрпрэтацыю зніжэння ўкладаў у замежнай валюце. Літаральна ён сказаў: «Па замежнай валюце ёсць невялікае скарачэнне дэпазітаў. Прыкладна каля паўмільярда долараў. Але гэтыя рэсурсы банкаўскай сістэме і не патрэбныя былі, паколькі прадпрыемствы зарабілі на знешнім рынку валютную выручку і скарачалі валютнае крэдытаванне».
Вы можаце ўявіць сабе чалавека, тым больш банкіра, які кажа, што «паўмільярда долараў» непатрэбныя? Па-мойму, Калаур — адзіны і ўнікальны ў сваім родзе.
Шкада, што Калаур не паведаміў, за які тэрмін скараціліся валютныя дэпазіты. Таму будзем лічыць, што за апошнія месяцы. Тым больш, што менавіта ў апошнія месяцы насельніцтва выступае на рынку чыстым прадаўцом валюты. Гэта азначае, — людзі здымаюць свае зберажэнні, і проста праядаюць іх, што не дзіўна ў разрэзе нашай інфляцыі.
Як вядома, у беларусаў ёсць тры станы беднасці: «грошай няма», «грошай няма зусім» і «трэба мяняць валюту». Са словаў Калаура можна зразумець, што людзі падыходзяць да апошняй рысы беднасці. А валютныя зберажэнні таксама не бясконцыя.
Усё гэта нездарма
Застаецца толькі варажыць, чаму Калаур і нашыя ўрадоўцы маніпулююць лічбамі і статыстыкай, робячы выгляд, што ў нас «усё добра». Гэта — нездарма, і абгрунтаванне вельмі прагматычнае.
На адной з прэс-канферэнцый эканаміст Леў Львоўскі каротка выказаўся ў тым духу, што звышаптымістычныя заявы нашых чыноўнікаў уплываюць на розныя паказчыкі — такія, як эканамічнае самаадчуванне насельніцтва, збіваюць трывожныя настроі, паніжаючы, напрыклад, «чаканую інфляцыю». Карацей, чым больш аптымістычна выказваюцца чыноўнікі, тым менш хвалюецца насельніцтва, і тым менш яно паддаецца паніцы, калі, напрыклад, «трэба бегчы набываць валюту».
Але ў такіх маніпуляцыях ёсць і адваротны бок. Чым больш людзі ўпэўненыя, што ў нас «усё добра», тым больш балюча па іх ударыць, калі акажацца, што «ўсё дрэнна». Такія маніпуляцыі, у выпадку, калі ўрад «не выплыве», значна павялічваюць верагоднасць сацыяльнага выбуху ў краіне.
Узгадайце, што ў Сінявокай доўгі час «не было кавіду». І гэтае «не было кавіду» (у тым ліку) у выніку вылілася ў «Саша 3%» і восень 2020 года.