«Эфіопія прызначыла консулам сына Лукашэнкі — і сарвала джэкпот»
Аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у новым выпуску «Пульса Леніна» тлумачыць, што магло спатрэбіцца Лукашэнку ў афрыканскай краіне і хто будзе мець больш карысці ад такога супрацоўніцтва.
Нядаўна ў СМІ з'явілася навіна з Адыс-Абебы пра сустрэчу віцэ-прэм'ера і міністра замежных спраў Эфіопіі з беларускай дэлегацыяй у асобе кіраўніка прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрыя Лукашэнкі і даволі вядомага бізнесмена, ганаровага консула Беларусі ў Зімбабвэ Аляксандра Зінгмана. Без апошняга, наколькі можна меркаваць, не абыходзіцца аніводная важная сустрэча афіцыйных асоб Беларусі на афрыканскім кантыненце. Аднак выпадак у эфіопскай сталіцы цікавы не толькі гэтым. Афіцыйны твітар МЗС Эфіопіі прадставіў Дзмітрыя Лукашэнку як свайго ганаровага консула ў Беларусі, а эфіопскі міністр і зусім назваў яго «нашым паслом», піша Павел Мацукевіч.
Назваўшы паслом, міністр, вядома, моцна ліслівіў — мабыць, каб стымуляваць актыўнасць наваспечанага ганаровага консула. Нябожчык міністр Макей таксама звяртаўся да такіх трукаў. Выступаючы на першай канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі ў 2017 годзе ў Мінску, ён жартам прапанаваў лічыць, што «колькасць дыпламатычнай службы Рэспублікі Беларусь павялічана на колькасць ганаровых консулаў» — у святле таго, што СМІ, якія пісалі пра гэтую канферэнцыю, прылічылі ганаровых консулаў да дыпламатаў.
Аднак калі адкінуць ветлівасць і рэверансы і падыходзіць да пытання строга, то ганаровы консул не з'яўляецца ні консулам, ні дыпламатам, ні чыноўнікам, ні супрацоўнікам МЗС або амбасады. На гэтую тэму быў асобны «Пульс» (спасылка тут). Згодна з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах, кожная дзяржава мае права вырашаць, ці будзе яна прызначаць або прымаць ганаровых консулаў.
Такім чынам, ганаровыя консулы — з'ява ў міжнародных адносінах факультатыўная. Беларусь і Эфіопія яе прызнаюць і ёю карыстаюцца, як і вельмі многія краіны ў свеце.
Каго хочуць бачыць, як правіла, дзяржавы ў ролі сваіх ганаровых консулаў? Тут усё проста: прадстаўнікоў мясцовых эліт з розных сфер. У ідэале — уплывовых асоб, пажадана максімальна набліжаных да «імператара», аўтарытэт, сувязі і / або фінансавыя магчымасці якіх можна выкарыстоўваць для прасоўвання інтарэсаў. Менавіта таму той факт, што Эфіопія займела на ролю свайго ганаровага консула ў Беларусі сына Лукашэнкі, можна лічыць сарваным джэкпотам. Бліжэй за сыноў да правадыра, мабыць, толькі шпіц.
Іншым дзяржавам, якія маюць ганаровых консулаў у Беларусі, пашанцавала менш, але ўсё роўна ў даведніку МЗС складана знайсці на гэтых ролях простых смяротных. Прыклады: ганаровым консулам Бангладэш у Беларусі з'яўляецца Аляксандр Шакуцін, Бахрэйна — Рафаэль Мусаеў, Венгрыі — Сяргей Нядбайлаў, Грэцыі і Румыніі — Павел Тапузідзіс, Грузіі — Сяргей Цяцерын, Замбіі — Аляксандр Зайцаў, Ісландыі — Аляксандр Машэнскі. Інфармацыю пра гэтых людзей, калі ёсць яе дэфіцыт, лёгка нагугліць.
Ганаровы консул не атрымлівае заробку ад краін, якія прадстаўляе. Ён выконвае свае функцыі на грамадскіх пачатках, нясе выдаткі на ўтрыманне офіса і гэтак далей. У яго могуць быць пэўныя льготы, якія ад краіны да краіны могуць быць рознымі. У Беларусі яму належаць спецыяльныя аўтамабільныя нумары, у іншых краінах бывае, што толькі налепка на нумар. Можа таксама прадастаўляцца «доўгая» віза на ўезд у краіну. У любым выпадку, аб'ём магчымых прывілеяў і імунітэтаў зусім не супастаўны з «пакетам» штатнага консула або дыпламата.
Патэнт на выкананне функцый ганаровага консула звычайна бестэрміновы — а значыць, гэтая місія можа быць пажыццёвай. Аднак у любы момант патэнт (выдае бок, які накірошвае) і экзекватура (бок, які прымае) могуць быць адкліканы або ануляваныя — або па ініцыятыве той краіны, якую ён прадстаўляе, або той, у якой прадстаўляе.
У чым цікавасць ганаровага консула? Усё індывідуальна. Ганаровымі консуламі часта з'яўляюцца паспяховыя ілюдзі, якія ўжо адбыліся і якім у жыцці чагосьці такога не хапала. На Захадзе, да таго ж, у парадку рэчаў салідным людзям несці нейкую ганаровую грамадска значную нагрузку. Але могуць быць і канкрэтныя бізнес-інтарэсы, што злучаюць ганаровага консула з краінай, якую ён прадстаўляе. У кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца асобна.
Дакладнай інфармацыі на тэму інтарэсаў Дзмітрыя Лукашэнкі ў Эфіопіі няма, але калі казаць пра дзяржаўныя, то яны звязаны з экспартам усяго, што вырабляецца ў Беларусі, і доступам да карысных выкапняў, якімі багатая Афрыка. Яшчэ складаней разабрацца з інтарэсамі Эфіопіі ў Беларусі, якія дагэтуль сябе асабліва ніяк не выяўлялі.
Гугл знаходзіць у Эфіопіі каву (пастаўляецца ў Беларусь) і вялікі спектр карысных выкапняў — ад прыроднага газу, плаціны і золата да калійнай і каменнай солі. І гэта першы магчымы матыў. Другі звязаны з тым, што аснова эфіопскай эканомікі — сельская гаспадарка, а гэта азначае рынак збыту трактароў і іншай тэхнікі. Патэнцыйна вялікі рынак, таму што Эфіопія адносіцца да ліку найбольш густанаселеных краін Афрыкі (звыш 120 млн. жыхароў), саступаючы ў гэтым толькі Нігерыі.
Невыпадкова да 2018 года ў Адыс-Абебе дзейнічала пасольства Беларусі, але знешнегандлёвыя разлікі не апраўдаліся, і дыпмісія пераехала ў Кенію. Паводле інфармацыі адтуль, асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў Эфіопію з'яўляюцца трактары і іншая сельгастэхніка. Гэта якраз адзін з бізнэсаў, якім займаецца ўжо згаданы спадарожнік Дзмітрыя Лукашэнкі ў Адыс-Абебе — Аляксандр Зінгман. Мабыць, гэтая бізнес-схема мяняецца, хоць і не факт.