«Белавія» ўтрая павялічыла пасажырапаток на лініі Беларусь — Украіна

З Мінска без перасадак можна даляцець да Кіева, Адэсы, Запарожжа, Харкава.



belavia.jpg

belavia.by

За два месяцы пасажырапаток «Белавія» паміж Беларуссю і Украінай вырас утрая. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец падчас запуску новага маршруту — гэтым разам у Харкаў.

«З улікам павелічэння частаты палётаў у Кіеў і новага рэйсу ў Адэсу пасажырапаток ва Украіну вырас прыкладна ўтрая. Зараз да гэтага спісу далучаецца Харкаў дзякучы чаму, колькасць пасажыраў будзе павялічвацца і надалей», — адзначыў спадар Чаргінец, дадаўшы, што запаўняльнасць рэйсаў у Кіеў вельмі высокая. Па яго словах, амаль на такі ж ўзровень паступова выйшла Адэса, хоць спачатку ўсё было не так аптымістычна. Цяпер давядзецца актыўней папрацаваць на харкаўскім напрамку, адзначае Радыё Свабода.

Апроч таго, 22 снежня «Белавія» мае намер адкрыць чацвёрты штодзённы рэйс паміж Мінскам і Кіевам у міжнародны аэрапорт «Жуляны» ва ўкраінскай сталіцы:

«Мы назіраем прырост транзітных пасажыраў і, каб задаволіць існуючы попыт, прынятае рашэнне аб увядзеньні дадатковага рэйсу. Выбар аэрапорту абумоўлены тым, што ён знаходзіцца непасрэдна ў межах гораду, што дазваляе пасажырам эканоміць час на шляху ў аэрапорт», — заявіў з гэтай нагоды генеральны дырэктар авіякампаніі Анатоль Гусараў.

Ад 25 кастрычніка, калі Расія і Украіна ўвялі ўзаемную забарону палётаў, «Белавія» істотна павялічыла свой пасажырапаток на лініі Мінск — Кіеў: паводле афіцыйных дадзеных, у сярэднім за дэкаду паміж дзвюма сталіцамі перамяшчаецца больш за 5 тысяч чалавек. Раней такая колькасць збіралася за месяц. Рост пасажырапатоку дасягнуты перадусім за кошт павелічэння ўкраіна-расійскага транзіту праз Беларусь.

Пры канцы верасня Украіна заявіла пра забарону палётаў для расійскіх авіякампаній, якія ажыццяўлялі рэйсы ў анэксаваны Расіяй Крым. Потым спіс быў пашыраны на ўсіх расійскіх авіяперавозчыкаў. Следам пра ўвядзенне аналагічных захадаў у дачыненні да ўкраінскіх авіякампаній абвясціла Расія. Практычна адразу ж Беларусь прапанавала стаць злучальным звяном у паветраных зносінах паміж бакамі канфлікту.