Беларусь разлічвае атрымаць сёлета ад «падатку на Google» каля 4 млн долараў

"Падатак на Goggle" — падатак на даданую вартасць, які будзе спаганяцца з замежных кампаній, якія прадаюць электронныя паслугі беларусам.

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Каля 4 мільёнаў долараў разлічвае сёлета атрымаць Міністэрства па падатках і зборах ад так званага "падатку на Google" — збору ПДВ з замежных кампаній-пастаўшчыкоў электронных паслуг. Такую лічбу назвала намесніца начальніка аддзела міжнародных адносін упраўлення міжнароднага падатковага супрацоўніцтва МПЗ Святлана Высоцкая, перадае БЕЛТА.

"Прагназаваць, колькі сродкаў дадаткова атрымае бюджэт ад "падатку на Google", пакуль рана. Усё залежыць ад колькасці замежных арганізацый і аказваных імі паслуг. Паводле ацэнак, колькасць такіх кампаній складзе каля сотні, а аб'ём паступленняў — каля 4 млн долараў", — патлумачыла чыноўніца.

Па яе словах, больш яснай карціна з сумамі ад гэтага падатку стане ў красавіку 2018 года, калі замежныя арганізацыі здадуць дэкларацыі па выплаце ПДВ за першы квартал года.

Змены ў Падатковы кодэкс Беларусі набылі моц 1 студзеня 2018 года.

"Падатак на Goggle" — падатак на даданую вартасць, які будзе спаганяцца з замежных кампаній, якія прадаюць электронныя паслугі беларусам.

Гэта значыць, такія фірмы, як Google (Google Play), Apple (App Store), Booking.com, разнастайныя сэрвісы продажу квіткоў на самалёты і аўтобусы будуць вымушаныя плаціць у беларускі бюджэт 20-адсоткавую таксу з кошту кожнай паслугі, рэалізаванай у Беларусі. Прычым плаціць яго будуць абавязаныя нават кампаніі, якія не маюць афіцыйнага прадстаўніцтва ў Беларусі.

Сайты, якія можна наведваць з Беларусі, верагодна, будуць абавязаныя падаваць беларускай падатковай інспекцыі справаздачы пра аб'ёмы плацяжоў з нашай краіны. Звычайна ў такім выпадку выкарыстоўваюцца спецыяльныя камп'ютарныя праграмы.

Таму, нават калі Wizz Air або французская чыгунка не мае юрыдычнага адрасу ў Малінаўцы, заплаціць у беларускі бюджэт яны будуць абавязаныя.

У міністэрстве кажуць, што Беларусь арыентуецца на спіс плацельшчыкаў, які ёсць у Расіі, у ім 132 кампаніі. Прычым у гэтым пераліку шмат вядомых кампаній — Alibaba, Amazon, Bloomberg, Booking.com, Nintendo, Samsung Electronics, The Financial Times, Uber B.V., Viber, Wargaming. 

euroradio.fm