Апошнія надзеі ядзернага электарату пайшлі попелам. Пенсіі становяцца ўсё менш

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» заўважыў, што ўлады пачалі «засакрэчваць» звесткі пра пенсіі ў Беларусі. Звычайна такая практыка сведчыць, што з «засакрэчанымі» паказчыкамі пачынаюцца праблемы.

pensii_bednost.jpg


Пенсіянеры — гэта вам не айцішнікі або тлустыя каты-банкіры, якім можна адной рукой адвешваць аплявухі наводмаш, іншую пры гэтым запусціўшы ў іх кішэню і выцягваючы грошы. З пенсіянераў асабліва нічога не возьмеш, яны мала на што ўплываюць, акрамя аднаго — гэта аснова ядзернага, самага адданага электарату. Ёсць здагадкі, што многія з іх працягваюць спадзявацца і верыць да гэтага часу ў міф пра стабільнасць.

Хоць падстаў для гэтага становіцца ўсё менш. Канцэпцыя «абы не было вайны» ўжо не працуе — Беларусь аказалася ўцягнутай у крывавую вайну, прычым выступае на баку агрэсара. Пажылым людзям спрабуюць прадаць «стабільнасць»: маўляў, хоць пенсіі плацяць своечасова, але пенсіянеры вымушаныя весці асабістую бухгалтэрыю, спрабуючы выжыць, і, верагодна, разумеюць, да чаго ўсё ідзе.

Усё што адбываецца з пенсіянерамі — вельмі важна. Бо толькі працоўныя пенсіі ў нашай краіне атрымлівае больш за 2,3 млн чалавек, а яшчэ ёсць пенсіі па інваліднасці, сацыяльныя пенсіі. Пры колькасці насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2022 года 9,25 млн чалавек — гэта мінімум чвэрць ад усіх жыхароў краіны! Улічваючы, што цяпер за мяжу масава з'язджаюць тыя, хто наўпрост ці ўскосна (напрыклад — праз ПДВ або акцызы) плаціў у казну немалыя падаткі і зборы, становіцца зразумела, што праблема сродкаў, якія трэба пастаянна знаходзіць для Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, стаіць для ўрада вельмі востра. Грошай, якія паступаюць у ФСАН у выглядзе абавязковых збораў, рэгулярна не стае, даводзіцца латаць дзіркі за кошт бюджэту.

Пры ўсім пры гэтым відавочна, што пенсіянераў будзе станавіцца больш з кожным годам, а працуючых, якія іх могуць падтрымліваць падаткамі — усё менш.

Ёсць прыгожая лічба — сярэдняя прызначаная пенсія ў ліпені склала 550,4 рубля. Гэта значна вышэй за бюджэт пражытачнага мінімуму (цяпер ён складае 328,5 рублёў). Але ўсе мы ведаем, наколькі далёкі ад рэальнасці бюджэт пражытачнага мінімуму ў нашай краіне, таму суцяшэнне слабое.

Яшчэ адна прыгожая лічба — у сакавіку пенсію ў сярэднім па краіне павысілі на 7%, а ў бліжэйшы час падымуць яшчэ прыкладна на 10% да 638 рублёў. Але давайце разбярэмся, ці такая вясёлкавая гэтая статыстыка насамрэч.

Рэальныя пенсіі, нават пасля надбавак, даўно не дацягваюць да сваёй пакупніцкай здольнасці летась. І гэта становіцца сумнай тэндэнцыяй. У мінулым годзе толькі 3 месяцы з 12 былі азмрочаныя тым, што рэальныя сярэднія пенсіі аказаліся менш, чым у 2020-м. У гэтым жа годзе ўсё выглядае нашмат горш. У студзені рэальная пенсія па адносінах да гэтага ж месяца мінулага года была ніжэй на 3,5%, у лютым адрыў склаў 2,8%. У сакавіку, калі намінальныя пенсіі паднялі на 7%, іх рэальны эквівалент у адносінах да мінулага года ўсё роўна заставаўся адмоўным і склаў 1,9%. Пасля гэтага адрыў рос з кожным месяцам: ад мінус 2,7% у красавіку і траўні да мінус 3,6% у ліпені. Наўрад ці выратуе сітуацыю і чарговае павышэнне.

Сітуацыя пагаршаецца тым, што рост пенсій на 10% азначае, па сутнасці, уключэнне друкавальнага станка. Усе мы разумеем, што гэтая прыбаўка не абумоўлена прарывам у эканоміцы або нейкімі поспехамі ў прамысловасці. Грошы дадаюць для скарачэння страт ад інфляцыі, якая сёлета асабліва вырасла. А гэта значыць, што на рынак выльецца адчувальная, нічым не падмацаваная грашовая маса, якая напэўна яшчэ мацней раскруціць рост коштаў. Замкнёнае кола.

На заканчэнне хочацца адзначыць, што тэндэнцыя, якая закранула ўжо многія сферы, распаўсюдзілася цяпер і на пенсіянераў. Мы гаворым аб масавым засакрэчванні статыстычнай інфармацыі. Звестак па пенсіях становіцца ўсё менш. Чаму? Звычайна такая «маўчанка» пачынаецца вакол сфер, у якіх пачынаюцца праблемы, бо свяціць правалы не хочацца. А падзенне рэальных пенсій — гэта відавочны правал.