«Вячэрні Бішкек»: Бакіеў з сям’ёй і дырэктар БНБК пакінулі Беларусь
Паводле непацверджанай інфармацыі стала вядома, што ў сувязі з падзеямі ў Беларусі былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў разам з сям’ёй ужо пакінуў краіну.
Пры гэтым у якім кірунку ён з’ехаў, пакуль таксама невядома. Зрэшты, «Вячэрні Бішкек» выказвае здагадку, што ён рушыў да свайго сына Максіма Бакіева, які яшчэ ў 2010 годзе атабарыўся ў Лондане, і былога прэм’ер-міністра Даніяра Усенава, які, як кажуць, ужо знаходзіцца ў сталіцы Вялікабрытаніі.
Наколькі інфармацыя аб ад’ездзе адпавядае рэчаіснасці, будзе зразумела ў хуткім часе, але кіргізскі бок больш хвалюе пытанне, дзе знаходзяцца актывы Бакіевых, якія яны раней вывелі з Кыргызстана.
Ёсць меркаванне, што, калі ўцёкі былога прэзідэнта КР пацвердзяцца, то ўвесь яго бізнес у Беларусі павінен перайсці на карысць Кыргызстана, бо былі выкарыстаныя тыя самыя актывы.
Да прыкладу, ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» (БНБК), якае вядзе будаўніцтва аграпрамысловага комплексу. Пры гэтым беларускія СМІ паказваюць, што сярод акцыянераў карпарацыі лічацца экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго сыны Марат і Максім. У пацвярджэнне гэтага не варта забываць, што гендырэктарам карпарацыі стаў не хто іншы, як Данііл Урыцкі, ён жа былы прэм’ер Даніяр Усенаў, якога ў дзень выбараў наведаў Лукашэнка.
Акрамя Усенава ў беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, на стварэнне якой прыцягнута больш за $628 млн. кітайскіх крэдытаў, таксама працуюць сын цяперашняга першага віцэ-прэм’ера Беларусі Мікалая Снапкова і даўняя сяброўка Лукашэнкі Надзея Каткавец.