Справа «касінера ў пагонах», альбо Як знішчаюць патрыётаў

Што і хто стаіць за пасадкай Юркойця? Ці можна гэта назваць часткай схемы па зачыстцы нацыяналістаў у пагонах, не вычышчаных у 1990-я і 2000-я? А можа гэта лакальныя разборкі ў сукупнасці з амбіцыямі і перасцярогамі асобных астравецкіх чэкістаў?

Алесь Юркойць, фота Ганны Бабіцкай

Алесь Юркойць, фота Ганны Бабіцкай


У сакавіку будзе два гады, як за кратамі знаходзіцца патрыёт, краязнавец ды ўзорны супрацоўнік Мытнага камітэта Алесь Юркойць. Напрыканцы снежня 2016-га разгляд справы быў прыпынены праз экспертызу, але ў лютым павінен аднавіцца.
Пра гучную справу астравецкіх мытнікаў, па якой праходзяць дзясяткі людзей, пісалі ўжо багата. Як агулам, так і персанальна пра Алеся Юркойця, старшага інспектара пераходу Каменны Лог, які разам з іншымі трапіў у жорны судовай сістэмы. Зараз, калі на даляглядзе ўжо бачны фініш, а менавіта вырашальнае судовае пасяджэнне, можна расставіць некаторыя акцэнты.

 

«Без ягонай цанаваўскай падачы не абышлося»

Варта згадаць, што Алесь Юркойць спачатку праходзіў па справе як сведка. Яго неаднаразова выклікалі ў раённае ўпраўленне КДБ на допыты. Чарговым разам, у сакавіку 2015-га, калі Алесь вяртаўся з допыту дадому, яму патэлефанаваў следчы, маўляў, не сыходзь нікуды. У хуткім часе пад’ехала машына, Алеся затрымалі.

Капэрты і паштоўкі Юркойця, дасланыя з турмы блізкім і сябрам

Капэрты і паштоўкі Юркойця, дасланыя з турмы блізкім і сябрам

З Астраўца ў Мінск, а дакладней у сумнавядомае СІЗА КДБ («Амерыканка»), Юркойця суправаджаў персанальна галоўны камітэтчык Астраўца. Усю дарогу паміж імі трывала размова, якую Алесь пасля дэталёва апісаў у лісце на волю:

«…Афіцыйна зарубіла ўсё кантора ў асобе Аляксандра Міхайлавіча Сухоцкага (размова пра Фэст касінераў, які меў ладзіць Алесь. — НЧ), які вось зусім нядаўна, як мне перадалі, пайшоў на павышэнне кудысьці. (…) Гэны Міхалыч брутальна забараняў любое іншадумства, надта баяўся, каб ягонай кар’еры не пашкодзіла. Ён жа персанальна на сваім асабістым самаходзе мяне апошнім разам у Менск прывёз. Вось пра ўсе гэтыя мерапрыемствы мы з ім большую частку дарогі і прагаварылі.

А побач сядзелі два яго маладыя калегі і толькі вачыма клыпалі, не маглі зразумець, каго і навошта яны вязуць у суперстудню алькатрасаўскую («Амерыканка». — НЧ). Ён жа са сваімі менскімі калегамі абодва апошнія дні майго тагасветнага жыцця ўвесь час стэлефаноўваўся, пакуль я сядзеў у суровых кабінетах з іншымі сокаламі. Таму без ягонай цанаваўскай падачы не абышлося».

Юркойць узгадвае ў лісце свайго галоўнага ''дабрадзея'' Аляксандра Сухоцкага

Юркойць узгадвае ў лісце свайго галоўнага ''дабрадзея'' Аляксандра Сухоцкага

 

Фэст касінераў і крытыка АЭС

Цікава, чаму сярод дзясяткаў затрыманых мытнікаў такая ўвага з боку камітэтчыкаў была нададзеная менавіта Юркойцю? Усё стае на свае месцы, калі разбірацца, што Алесь рабіў для Астравеччыны, будучы на волі. Найбольш вядомы прыклад — гэта гісторыя з памятным крыжам паўстанцам 1863 года, які ён разам з іншымі актывістамі ўсталяваў у вёсцы Слабодка на 150-годдзе пачатку Паўстання Каліноўскага.

Паркавыя скульптуры з пленэру, арганізаванага Алесем Юркойцем

Паркавыя скульптуры з пленэру, арганізаванага Алесем Юркойцем

Далей, у тым жа лісце, прыведзеным вышэй, Юркойць піша:

«…І крыж знесці менавіта ён (Сухоцкі. — НЧ)прыняў рашэнне, сам мне па дарозе пра гэта сказаў. Герояў трэба ведаць у твар, вось я дакладна ведаю галоўнага героя, якога проста ўводзіла ў шал, калі нехта яго не баяўся».

Крыж паўстанцам у Слабодцы на Астравеччыне

Крыж паўстанцам у Слабодцы на Астравеччыне

Алесь Юркойць сапраўды нічога не баяўся ды не меў звычкі трымаць язык за зубамі, калі справа тычылася прынцыповых рэчаў. Мала таго, што ён — чалавек у пагонах — рыхтаваў у 2014-м Фэст Касінераў, што ўжо гучыць неверагодна, дык яшчэ і выказваўся з крытыкай пабудовы АЭС. Выказваўся і як краязнаўца, бо Астравеччына — гэта Віленскі край, пярліна Беларусі, і як географ, адшукаўшы інфармацыю пра землятрус, зафіксаваны ў гэтых мясцінах каля 100 гадоў таму.

astraveckaja_aes.jpg


Калі вяртацца да Фэсту касінераў, то яго правядзенне сапраўды сарвалася ў апошні момант. У 2013-м Алесь правёў паэтычны слэм на возеры Кайміна — традыцыйным месцы адпачынку мясцовых жыхароў. Усё было легальна, прысутнічалі як прадстаўнікі дзяржустановаў, так і супрацоўнікі выязднога гандлю: плён быў, як кажуць, і культурны, і эканамічны.

Слэм, пры гэтым, быў толькі рэпетыцыяй Фэсту касінераў, які меў прайсці ў наступным — 2014 — годзе. На яго Юркойць атрымаў усе неабходныя дазволы, але, як чытаем у тым жа лісце, усё сарвалася праз умяшанне КДБ. З Алесем неаднаразова праводзілі «гутаркі» наконт ягоных актыўнасцяў ды дзеячаў культуры, якіх той запрашае ў Астравец. Але, здавалася б, чаго баяцца, калі гэта — гісторыя і краязнаўства, нават не палітыка?.. Аказалася, ёсць чаго.

Крыж паўстанцам у Слабодцы на Астравеччыне

Крыж паўстанцам у Слабодцы на Астравеччыне

 

Вадзілі да «аўтарытэтаў» пагутарыць пра мову

Ёсць сведчанні, што пасля арышту і змяшчэння ў СІЗА КДБ да Юркойця ўжываліся меры як псіхалагічнага, так і фізічнага ціску. Аднойчы яго збілі ледзьве не на вачах у адваката… Адвакат, у сваю чаргу, адмовіўся ад усялякіх каментараў па справе, таму і сцвярджаць з дакладнасцю пакуль, нібыта, і «няма пра што». Наогул, удзел адваката ў справе можна назваць фармальным: юрыста пускалі на сустрэчы хутчэй паглядзець, што Юркойць жывы.

У СІЗА МУС («Валадарка») прэсінг працягваўся. Гэтым разам з-за беларускай мовы: Алесь нават у зняволенні працягваў размаўляць па-беларуску. З гэтай прычыны Юркойця нават адмыслова вадзілі да мясцовых «аўтарытэтаў», каб тыя «папулярна патлумачылі», што рабіць так не варта, каб «нікога не падстаўляць».

Капэрты і паштоўкі Юркойця, дасланыя з турмы блізкім і сябрам

Капэрты і паштоўкі Юркойця, дасланыя з турмы блізкім і сябрам

 

«Спачуваю, але нічога не скажу»

Сімвалічна, што прыкладна дзесяць гадоў таму на Ашмянскай мытні здарылася амаль такая ж гісторыя: па справе аб хабары была затрыманая ўся змена, дзясяткі чалавек. Тады малады Юркойць, які толькі пачынаў кар’еру, ездзіў даваць паказанні па справе ў якасці сведкі… Выглядае жахліва, нібы зачараванае кола.

Фігуранты той даўняй справы толькі зараз выходзяць на волю, атрымаўшы па 10 гадоў зняволення. Адзін з былых мытнікаў, які быў асуджаны і зараз знаходзіцца на волі, адмовіўся ад сустрэчы, адно перадаўшы праз жонку, што спачувае, але ніводнага слова не скажа. І гэта чалавек, які фактычна і так усё страціў: працу, кар’ерныя перспектывы, 10 гадоў жыцця.

 

Паркавыя скульптуры з пленэру, арганізаванага Алесем Юркойцем

Паркавыя скульптуры з пленэру, арганізаванага Алесем Юркойцем

«Заслугоўвае не пакарання, а прызначэння мэрам Астраўца!»

Маштаб асобы Алеся і яго значнасць як для Астравеччыны, так і для ўсёй краіны, зараз ацэньваюць яго сябры. Літаратар і чалец Саюза пісьменнікаў Усевалад Сцебурака ў падобных ацэнках катэгарычны:

Усевалад Сцебурака, фота Вікторыі Трэнас

Усевалад Сцебурака, фота Вікторыі Трэнас

«Алесь Юркойць для Астравеччыны зрабіў болей, чым усе мясцовыя кіраўнікі разам узятыя. Ён паспяваў паклапаціцца пра малую радзіму на ўсіх дзялянках: ад турыстычнай і краязнаўчай да навукова-гістарычнай і культурнай. Пералічваць можна доўга: гэта рабіў і я, і многія іншыя людзі, што сталі на абарону Алеся, — Сяргей Дубавец, Зміцер Бартосік і іншыя. На маю думку, Алесь заслугоўвае не пакарання, а прызначэння мэрам Астраўца! У нармальнай Беларусі так і было б, бо ён той ідэальны гаспадар на сваёй зямлі, які, маючы разумную галаву, хрысціянскае выхаванне і нястомныя рукі, зрабіў бы гэты куток краіны сапраўднай цацкай!»

Усе без выключэння — і жонка, і сябры — не могуць сабе ўявіць, што Юркойць, патрыёт, адданы службовец, хрысціянін, сапраўды ўдзельнічаў у нейкіх карупцыйных схемах. Жонка Ганна, дарэчы, засталася адна з трыма дзецьмі, якія ўвесь час перапытваюць: «Дзе тата? Калі вернецца?..»

Узорная сям'я Алеся Юркойця, фота Анатоля Сцебуракі

Узорная сям'я Алеся Юркойця, фота Анатоля Сцебуракі

Неаднаразова Ганна Юркойць звярталася з хадайніцтвам аб вызваленні Алеся пад падпіску аб нявыездзе (так, дарэчы, ужо выйшлі на волю некаторыя фігуранты справы), але безвынікова.

Сям'я Алеся Юркойця, фота Анатоля Сцебуракі

Сям'я Алеся Юркойця, фота Анатоля Сцебуракі

Адмовілі нават тады, калі Ганна трапіла ў аўтакатастрофу і пашкодзіла сабе хрыбет, месяц пасля не ўстаючы з ложку. «Дзяржаўныя мужы» з юрыдычнай адукацыяй цынічна параілі звярнуцца да органаў апекі, а наконт мужа паведамілі, што «мера стрымання адпавядае цяжкасці злачынства». На дадзены момант Ганна яшчэ лечыцца, ходзіць на працэдуры.

Ганна Юркойць

Ганна Юркойць


Дзяржаўная палітыка або «феадальныя» разборкі?

Сёння, калі фінал працэсу не за гарамі, ужо адназначна зразумела, што апраўдальнага прысуду не будзе. Як і не можа быць, калі адны людзі ў пагонах судзяць іншых людзей у пагонах. Інакш — садзіць варта следчых, якія закінулі ў турму невінаватых. А такое ў нашых рэаліях немагчыма.

Улічваючы, што Юркойць ужо два гады правёў у СІЗА, а гэты прыроўніваецца да чатырох гадоў у калоніі, яму тэарэтычна могуць даць тыя самыя чатыры гады, выпусціўшы ў зале суда. Альбо — адправіць у калонію, дзе ён неўзабаве зможа падаваць прашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні. Усё залежыць ад рашэнняў «зверху», як у нас любяць казаць.

Крыж паўстанцам у Слабодцы на Астравеччыне

Крыж паўстанцам у Слабодцы на Астравеччыне

Што і хто стаіць за пасадкай Юркойця, узорнага мытніка і грамадзяніна? Ці можна гэта назваць часткай схемы па зачыстцы нацыяналістаў у пагонах, не вычышчаных у 1990-я і 2000-я? Ці гэта лакальныя «феадальныя» разборкі ў сукупнасці з амбіцыямі і перасцярогамі асобных астравецкіх чэкістаў?

Як бы там ні было, але як увесь працэс мытнікаў, так і персанальная справа Юркойця — гэта дыягназ сістэме. Бо пасля падобных выпадкаў у цывілізаваных краінах, як мінімум, кіраўнік Мытнага камітэту падае ў адстаўку. У нас жа ўсё «шыта-крыта». Бо галоўнае, не «як» служыш, а «каму».

Падчас суда па справе астравецкіх мытнікаў

Падчас суда па справе астравецкіх мытнікаў