Смерць Альфрэда Мікуса — вялікая страта не толькі для беларускай, але і для сусветнай фатаграфіі

12 ліпеня зранку ў Любанскім раёне памёр Альфрэд Мікус. Гэтае імя вядома кожнаму аматару фатаграфіі ў Беларусі і шматлікімі фотапрафесіяналам за мяжой.

image__2__2_logo.png

Альфрэд Мікус меў шэраг найпрэстыжнейшых міжнародных узнагарод — залатыя медалі FIAP (Міжнародная федэрацыя фотамастацтва), UPI (Міжнародны саюз фатографаў) і іншых вядомых фотасупольніцтваў. Таксама ён адзіны з беларускіх фатографаў некалькі год запар трапляў у самы аўтарытэтны даведвальнік "Who`s Who in Photography", які выдаецца Амерыканскім Фатаграфічным Супольніцтвам (PSA).
Незвычайнасць творчасці Мікуса была ў тым, што ён вельмі захапляўся старажытнымі беларускімі традыцыямі, абрадамі і ўвогуле жыццём простых людзей. Шчырасць і пранізлівасць яго твораў нікога не пакідала абыякавым. Альфрэд, ці як яго называлі сябры "дзядзя Фрэд" альбо проста "Фрэд", не прапускаў аніводнага народнага абраду. Ён аб'ездзіў усю краіну і яго ведаюць паўсюль, дзе захоўваюць старажытныя традыцыі і святкуюць сапраўды народныя святы.
Заўсёды са сваёй "фірмовай" усмешкай, вельмі добразычлівы, сапраўдны майстар... Альфрэд вельмі любіў Беларусь і быў упэўнены, што турыстам трэба паказваць не шэрыя праспекты і помнікі Леніну, а жыццё маленькіх гарадкоў ды вёсак — толькі там можна ўбачыць сапраўднае жыццё.
Альфрэд Мікус яшчэ 9 ліпеня здымаў Свята традыцыйнай народнай кухні ў вёсцы Пласток Любанскага раёну "У Пласток на квасок", а сёння, 12 ліпеня, у Сусветны дзень фатаграфіі, яго не стала...
Вялікая страта не толькі для беларускай, але і для сусветнай фатаграфіі.