Прафесар Іван Данілаў: «Маё бачанне вайны, у якой я удзельнічаў, адрозніваецца ад афіцыйнага»
Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост доктар медыцынскіх навук, прафесар Іван Данілаў працягвае пісаць кнігі, у якіх выкладае сваё бачанне беларускай гісторыі, піша «Народная Воля».
За апошнія гады ў свет выйшлі чатырнаццаць кніг, сярод якіх «Запіскі заходняга беларуса», «Перажытыя рэжымы: нататкі ўдзельніка і сведкі», «Пастка: разнастайнасць бальшавіцкага тэрору». Праўда, з нядаўняга часу з кнігарань гэтыя выданні зніклі. Каб даведацца прычыны, я завітаў да аўтара.
— Іван Пятровіч, што здарылася? Чаму вашы кнігі паўсюль зняты з продажу?
— Я і сам не ведаю. Мне прыйшло афіцыйнае паведамленне, што «Белкніга» разрывае са мной дамову, і я павінен забраць свае кнігі з усіх кнігарань. Але мне цяжка хадзіць па кнігарнях (сёлета споўніцца ўжо 99 гадоў), таму кнігі звезлі ў адно месца — кнігарню «Эўрыка», тут блізка. А ўжо адтуль даставілі мне дахаты.
— Але па якой прычыне? Была зроблена нейкая экспертыза вашых кніг, іх прызналі шкоднымі?
— Ніякай экспертызы, наколькі я ведаю, не было. Чаму так сталася, я магу толькі здагадвацца. Відаць, маё бачанне Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам якой я з’яўляюся, адрозніваецца ад афіцыйнага. Ведаю, што не толькі мае кнігі былі прызнаны «крамольнымі», многія выдатныя пісьменнікі пацярпелі. Вядома, такая чыстка кнігарань да дабра не прывядзе.
— А што ў вашых кнігах пра вайну магло не спадабацца чыноўнікам?
— Мне і раней адзін знаёмец казаў: «Іван Пятровіч, ты пішаш не так, як было». А сам нашмат маладзейшы за мяне, вайны зусім не бачыў. Дзяржаўная прапаганда зусім задурыла людзям мазгі, паказвае толькі гераічную вайну. Суцэльная гераізацыя! А вайна ж далёка не заўсёды была гераічнай, навошта ж яе гераізаваць там, дзе была трагедыя, дзе мелі месца памылкі? Вось, напрыклад, я добра ведаю пра падзеі вакол Брэсцкай крэпасці. Я там нават у часы нямецкай акупацыі бываў, яшчэ перад тым, як у партызаны пайшоў. І размаўляў з многімі брэстаўчанамі. Скажам, былы палкоўнік чыгуначных войскаў Адзінцоў расказваў, як у ноч з 21 на 22 чэрвеня цягнікі ішлі ў адзін і другі бок. І пад’ехаў да брэсцкага вакзала эшалон, адкуль выскачылі ўзброеныя немцы. Супраціўлення на вакзале ім было аказана слабое, і яны разбегліся па ўсім горадзе. Як потым аказалася, нямецкія дыверсанты мелі адрасы ўсяго каманднага саставу. Савецкія афіцэры пасля гарматных выбухаў выскоквалі з будынкаў, а іх тут жа на парозе забівалі. Таму і не дзіва, што абаронца Брэсцкай крэпасці маёр Гаўрылаў быў самым старэйшым па званні — на дзве дывізіі.
— Не ўсе ж вашы кнігі пра вайну. Скажам, у свой час я з цікавасцю прачытаў «Запіскі заходняга беларуса».
— Чаму і яе мне вярнулі? Дык там жа пра рэпрэсіі, якія распачала камуністычная ўлада супраць жыхароў Заходняй Беларусі адразу пасля далучэння да СССР. Ужо восенню 1939 года пачаліся арышты і дэпартацыі. Я сам быў сведкам начных арыштаў. Калі вучыўся ў школе ў Пінску, то прысутнічаў пры арышце нашай кватэрнай гаспадыні. Я на свае вочы бачыў, як працуе НКВД, як трасуць кніжкі. А мне было загадана: «Будзеш панятым». А мне толькі 15 гадоў! З Пінска кожны тыдзень адыходзіў на ўсход цягнік з арыштаванымі. Вагоны былі без печак, а маразы ў тую зіму трымаліся вельмі моцныя… Я ўсё гэта апісаў у згаданай вамі кнізе.
— Столькі гадоў прайшло з таго часу! Няўжо вы так добра памятаеце падзеі васьмідзесяцігадовай даўніны?
— У мяне добрая памяць. Вучыўся я ў польскай школе, а там трэба было вельмі шмат вершаў вучыць. Гэта добра развівае памяць. Напрыклад, са школы я вельмі люблю Міцкевіча і да сёння цэлыя раздзелы «Пана Тадэвуша» магу чытаць на памяць — у арыгінале, як вучылі ў школе. Слухайце: «Літва! Радзіма, як здароўе, дарагая!.. / Што варта ты, той толькі ўцяміць і спазнае, / Хто цябе страціць. Сёння прыгажосць тваю я / Зноў бачу і апісваю, бо ўсцяж сумую…» (Чытае цэлы раздзел з паэмы па-польску; тут тэкст цытуецца ў перакладзе П. Бітэля — М.С.).
— Ого! Памяць у вас сапраўды фенаменальная. Іван Пятровіч, вы ж медык па адукацыі, доктар медыцынскіх навук, хто вас падштурхнуў заняцца напісаннем гістарычных кніг?
— Ініцыятарам быў мой сябра светлай памяці Арсень Ліс, вельмі таленавіты чалавек. Ён займаўся фальклорам, гісторыяй літаратуры, пісаў кнігі пра мастакоў, выдатна ведаў беларускую і ўкраінскую літаратуру. Мы часта разам хадзілі на прагулкі, ён паслухаў мае расказы і параіў запісваць усё і складаць у асобныя папкі. Ліс таксама зацікавіў мяне лёсам палітыка і мовазнаўца Браніслава Тарашкевіча — аўтара першай беларускай граматыкі. І цяпер я пішу кнігу «Пастка для Тарашкевіча». Як яго завабілі ў СССР, сустрэлі вельмі прыязна, паабяцалі горы залатыя. А ў 1937 годзе арыштавалі ў Маскве і асудзілі да расстрэлу.
— Мала каму ўдалося павучыцца па граматыцы Тарашкевіча. А дзе вы так добра вывучылі беларускую мову? Няўжо ў польскай школе?
— У польскай школе беларускай мовы ад настаўнікаў я не чуў ні разу. Усё самавукам. Той жа Арсень Ліс спрыяў — з ім я размаўляў толькі па-беларуску. Мова — гэта жывы арганізм, які павінен мець магчымасць развівацца. У нас з мовай бяда, русіфікацыя поўная. Мяне гэта вельмі непакоіць. Я часта ўспамінаю радкі Максіма Багдановіча: «Народ, беларускі народ, / ты цёмны, сляпы, быццам крот. / Табою ўсягды пагарджалі, / цябе не пушчалі з ярма, / і душу тваю абакралі — / у ёй нават мовы няма». Так быць не павінна. А з вучобай было вось як. Немцы хутка акупавалі наш Драгічын, там адкрылася школа, і мы, дзеці, зноў пайшлі вучыцца. У школе ўсё засталося тое самае, толькі быў уведзены Закон Божы. Правучыліся прыкладна месяц, і выйшла распараджэнне рэйхскамісара Коха — для ўкраінцаў уводзіцца чатырохкласная адукацыя (Драгічын і ваколіцы немцы прыпісалі да Украіны). Я вучыўся ў 8-м класе. Ведалі б вы наш настрой, калі мы пакідалі школу!..
— Іван Пятровіч, у вас за плячыма дзевяноста восем з паловай гадоў, партызанка, фронт, цяжкае раненне… Падзяліцеся сакрэтам, як у такім паважным узросце захаваць цікавасць да жыцця і творчы настрой?
— Ніякага сакрэту ў мяне няма. Стараюся менш злавацца, па жыцці стараўся мець як мага менш ворагаў. Трэба заўсёды разумець іншых людзей, бачыш перад сабой дурня — лепш не звязвайся з ім. Вось, скажам, у праваслаўі і каталіцызме людзі ходзяць на споведзь. Паспавядацца — гэта што значыць? Не памятаць зла. Я перакананы, што ў злосных людзей зніжаецца імунітэт, і яны раней паміраюць. Імунітэт таксама зніжае звычайная прастуда. У свой час я праводзіў такі эксперымент — трымаў у халадзільніку белых мышэй. У іх хвост вельмі доўгі, там праходзіць вена, вельмі зручна тоненькай іголачкай набіраць кроў. І на прыкладзе мышэй я паказаў, што прастуда істотна зніжае імунітэт. Гэта тэма вельмі важная, а яе амаль не вывучаюць у медыцынскіх ВНУ.
— Дык чаму розныя людзі з рознай хуткасцю старэюць? Што такое старасць з гледзішча медыцыны?
— Я ж працаваў гематолагам доўгі час, дзесяць гадоў быў дырэктарам Інстытута пералівання крыві. Мусіў вывучаць і геранталогію. Разумееце, дзяленне клетак у маладым і старым арганізмах адбываецца па-рознаму. У падлеткаў кожная клетка стварае, прыкладна, сорак восем даччыных клетак. А вось у маім узросце — прыкладна пяць. Эфектыўны касцявы мозг, дзе вырабляецца кроў, у старасці застаецца толькі ў грудзіне і пазванках. Колькасць клетак змяншаецца — вось вам і старасць. Але гэтыя працэсы ў розных арганізмах працякаюць па-рознаму.
— Раней я бачыў у вашай кватэры бегавую дарожку. Вы займаліся на трэнажоры?
— Цяпер ужо не, тую дарожку дачка сабе забрала. Я штодзень хаджу па вуліцы, адольваю мінімум кіламетр. Абавязкова трэба хадзіць. Бо калі чалавек злёг ці мала рухаецца, то ў яго і сэрца, і ўсе мышцы працуюць горш. Чалавек створаны для працы, для руху. Калі ён займаецца інтэлектуальнай працай, то павінен шмат хадзіць, рухавасць — гэта здароўе.
— А ці трымаецеся вы нейкай дыеты?
— Не. Я ем усё — кашы розныя, кіслыя прадукты, асабліва люблю кефір. Бульбу ем, сала. Люблю гатаваць боршч са свінінай. Купляю свежую свініну, рэжу яе на маленькія кавалкі, шаткую капусту — кіслую і свежую (у роўных долях). Яна ў мяне заўсёды ёсць у запасе на балконе. А свініну купляю на Камароўцы — адразу кілаграмаў пяць, і ў маразільнік. А яшчэ кожную раніцу ем тушаную моркву, вельмі карысная і спажыўная. Звычайна пасля абеду я на гадзінку кладуся паспаць.
— А ці сябруеце вы з алкаголем?
— Дамашняе віно п’ю патроху перад ежай, кожны раз. Раблю яго сам, з вінаграду, што расце на лецішчы. Раней і ад каньяку не адмаўляўся. Падчас вайны ў партызанскім атрадзе піў моцную самагонку. Прыязджаеш з разведкі, замерзлы, паўшклянкі для сугрэву кульнеш і спаць. Пасля вайны, калі я быў студэнтам, часта сустракаўся ў Драгічыне са сваімі былымі партызанамі. А тады там у забягалаўках розных прадаваўся спірт. Хлопцы мяне туды ўсё зацягвалі, я ўжо баяўся дадому ездзіць. А потым гляджу — аднаго ўжо няма, другога, трэцяга…
— А якое ваша стаўленне да курыва?
— Я ніколі не курыў. Мой бацька быў заўзятым курыльшчыкам. Уставаў раніцай і адразу закурваў. Моцна кашляў і неяк спытаў у мяне парады, я тады ўжо закончыў медінстытут. Я сказаў: «Бацька, калі будзеш курыць, то ты не толькі кашляць не перастанеш, а хутка памрэш». Бацьку мая парада не спадабалася: «Вось вывучыў сына на доктара, а ён мне такое кажа!». Але прайшло зусім мала часу, і цягу да курэння як рукой зняло — кінуў!
— Значыць, сын-лекар для яго ўсё ж быў аўтарытэтам. А што скажаце наконт жанчын?
— Жонка мая шэсць гадоў таму памерла, і я, відаць, адналюб. Мужчына ж — вечны нявольнік (смяецца). У дзяцінстве — слухай маму, у сталасці — жонку, у старасці — дачку. Цяпер я слухаю дачку. Хоць Пушкін і пісаў, што «любви все возрасты покорны», але жанчыны мяне ўжо не цікавяць. Мы з жонкай пражылі доўгае жыццё. Ды ў наш час і разводаў столькі не было. На маю думку, правільна каталіцкая царква забараняе разводы. Калі б гэта ад мяне залежала, я зрабіў бы, каб развесціся было вельмі цяжка, каб гэта дорага каштавала. Хочаш развесціся — давай раскашэльвайся!
— Ці ёсць у вас сацыяльны работнік?
— А навошта ён мне? Я сам хаджу ў краму, сам есці гатую. Дачка толькі часам падыдзе, кватэру прапыласосіць.
— А калі вы апошні раз былі ў бальніцы як пацыент?
— Ой, даўно... (прыпамінае). У 1944-м пасля ранення тры месяцы праляжаў у шпіталі. І гадоў дваццаць таму рабілі мне аперацыю. Цяжка працуючы на лецішчы, я зарабіў грыжу. Падымаў мяшок цэменту 50 кілаграмаў і нёс…
— Дык старасць не радасць ці радасць часам усё ж здараецца?
— Амаль не здараецца. Старасць не радасць — гэта праўда. Помніце, у Хэмінгуэя ёсць прыпавесць «Стары і мора»? Стары, якому доўгі час не шанцавала на рыбалцы, вылавіў у моры вялікую рыбіну. Настолькі вялікую, што яна некалькі дзён цягала яго лодку па моры. Але стары не паддаўся і ўсё ж дацягнуў яе да берага. І аказалася, што ад рыбіны застаўся адзін шкілет — акулы паабгрызалі мяса. Пра што гэта прыпавесць? Пра старасць. Таму Хэмінгуэй і скончыў жыццё самагубствам. Застрэліўся, каб не ведаць старасці…
— Давайце не будзем на такой сумнай ноце заканчваць нашу гутарку. Вось вы штодня шпацыруеце па вуліцы імя камуністычнага дзеяча Куйбышава, які да Беларусі не мае ніякага дачынення. І падобных вуліц у Мінску — дзясяткі. А, скажам, вуліцы імя Васіля Быкава няма. Што вы з гэтай нагоды думаеце?
— Што няма вуліцы Быкава — гэта няправільна. Быкаў заслужыў самую ганаровую вуліцу! А Куйбышаў — не, нездарма расійскі горад, раней названы ў яго гонар, вярнуў сябе першапачатковую назву Самара. А навошта ў Мінску вуліца Шаранговіча? Я ж у адной са сваіх кніг паказаў, які гэта быў нягоднік і прайдзісвет. Куйбышаў, Кнорын, Мяснікоў і ім падобныя — гэта дзеячы не нашы, я супраць таго, каб іх імёнамі называліся беларускія вуліцы.