Чым глыбей пазнаеш Бацькаўшчыну, тым больш яе любіш

Здаецца, ніхто так не любіць свой край, як краязнаўцы. Гэта пацвердзіла і маё знаёмства з краязнаўцам са Стоўбцаў, падпалкоўнікам міліцыі ў адстаўцы Міхасём Кутасам.



kutas_6.jpg

Міхась Кутас з сынам Аляксеем і старадаўнімі абразамі, што засталіся ў спадчыну ад бабулі Альжбеты

Я даведаўся, што ў Стоўбцах ёсць такі апантаны бацькаўшчынай чалавек не так даўно, на пачатку красавіка. Менавіта ў гэты час ініцыятарамі кампаніі #brukavanka — актывістамі аргкамітэту «Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага» і грамадскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» Віктарам Яўмененкам і Дзянісам Кобрусевым быў арганізаваны прэс-тур, удзельнікам якога я і стаў.

Цікавасць да гісторыі з маленства прывіла Міхасю ягоная бабуля Альжбета з заможнага роду Салохаў, якая жыла ў хаце продкаў у вёсцы Шэшкі, што на Стаўбцоўшчыне, была вельмі набожнай і ніколі не маніла. Яе бацька Пятрусь працаваў аканомам у мясцовых паноў Гаціцкіх, і бабуля шмат чаго распавядала з былых часоў.

Так, менавіта ад яе Міхась даведаўся, што паны Гаціцкія былі адукаванымі, выхаванымі і неблагімі людзьмі, якія з павагай ставіліся да вяскоўцаў, кожнага ведалі па імені і з кожным віталіся за руку. Вось чаму потым у школе хлопчыку было дзіўна чуць пра нейкіх дрэнных паноў, якія прыгняталі людзей… Альжбетавыя пераказы містычных легендаў і паданняў сівой даўніны, а таксама яе ўспаміны дапаўняла мноства старадаўніх рэчаў у бабулінай хаце, якой на той час было не менш за 150 гадоў.

Сярод хатніх цікавостак былі пацямнелыя друкаваныя абразы і вяршаліна драўлянага прыдарожнага крыжа, цудоўна ўпрыгожанага разьбою і каваным металам на грошы пані Гаціцкай. Менавіта бабуля выратавала гэтую самую прыгожую частку вясковай святыні пасля наведвання Стаўбцоўшчыны ў 1959 годзе першым сакратаром ЦК КПСС Мікітай Хрушчовым, які заявіў, што ў Заходняй Беларусі засталося шмат храмаў…

Цікавасць да мінуўшчыны падагравалі і школьныя настаўнікі гісторыі — былая партызанка Любоў Давыдаўна Ткачова і былы афіцэр Савецкай Арміі Уладзімір Рыгоравіч Разумкоў. Удзельнікі Другой сусветнай вайны, яны добра ведалі свой край — радзіму народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, людзей і славутасці Стаўбцоўшчыны. Дарэчы, расповед Уладзіміра Рыгоравіча пра расстрэл у 1941 годзе бязвінных слухачоў паскораных афіцэрскіх курсаў па бязглуздаму абвінавачванню ў дэзерцірстве прымусіў Міхася больш удумліва паглядзець на гісторыю мінулай вайны.

Паколькі за польскім часам Стоўбцы знаходзіліся ўсяго за 15 кіламетраў ад мяжы з БССР, у горадзе шмат што нагадвала пра даваеннае мінулае. Гаворка ідзе пра будынак гарадской турмы з дотам (зараз музычнай школы), адкуль у жніўні 1924 года вызваліла вязняў група вядомага савецкага разведчыка, будучага героя Савецкага Саюза Станіслава Ваўпшасава, будынак мясцовага суду (зараз — райвыканкаму), дзе доўгі час месціліся геадэзічныя знакі з выявай гербу Польскай дзяржавы — белага арла на чырвоным полі. Увогуле, сам памежны статус Стаўбцоўшчыны ў 1921–1939 гадах і па сёння прываблівае да гэтага краю цікавасць аматараў гісторыі, прыгодаў і вандраванняў.

Першае знаёмства са сведчаннем мінулага адбылося ў Міхася яшчэ падчас вучобы ў школе, калі ён бавіў час у хаце другой бабулі — Ядвігі. Менавіта тады хлопчык упершыню ўбачыў сапраўдную зброю — расціснуты кожух ад савецкага аўтамата ППШ, які з каскай і штыком ад вінтоўкі СВТ знайшлі ў ваколіцах Шэшкаў ягоныя старэйшыя стрыечныя браты. Гэтыя рэчы і паклалі пачатак збору краязнаўцы.

А вось што распавёў сам Міхась Кутас пра найбольш цікавыя экспанаты сваёй калекцыі.

Кавалак старажытнага скрутку Торы

Дзесьці ў 1978 годзе, калі адзінаццацігадовым хлопчыкам быў на летніх вакацыях у Шэшках, на гарышчы хаты Альжбеты каля коміну ў саломе сярод усялякай старызны знайшоў кавалак пергаменту з тэкстам на іўрыце — старажытнай габрэйскай мове. А калі ў 1990 годзе бабуля Альжбета памерла і хату разбіралі, захаваў гэты фрагмент манускрыпту — габрэйскай Торы (Пяцікніжжа Майсея, што складаюць першыя пяць кніг біблейскага Старога Запавету — Быццё, Выхад, Левіт, Лічбы і Другі закон).Так у маёй калекцыі апынуўся гэты рукапіс, якому не менш за 400 гадоў. Дзеля захавання гэтага рарытэту мяркую змясціць яго паміж двух лістоў шкла. Адкуль фрагмент Торы апынуўся ў бабулінай хаце? Не выключана, што падчас вайны на гарышчы хаваліся мясцовыя габрэі.   

kutas_1.jpg

Міхась Кутас з фрагментам Торы

Срэбраныя лыжкі Радзівілаў

Мой сябар працаваў таксістам і прыкладна ў 1996 годзе пазнаёміў мяне з чалавекам, якому ў спадчыну дасталіся чатыры срэбраныя лыжкі 1889 года вытворчасці з нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў. Гэтыя лыжкі — дзве сталовыя і дзве для гарбаты — раней належалі ягонай бабулі, якая да 1939 года працавала кухаркай у Нясвіжскім замку Радзівілаў. І калі ў Заходнюю Беларусь прыйшлі Саветы і занялі радзівілаўскую ардынацыю, бабуля ўцякла ад бальшавікоў і прыхапіла з сабою на памяць чатыры срэбраныя лыжкі з манаграмай сваіх гаспадароў. Каб гэтыя рарытэты апынуліся ў маёй калекцыі, мне давялося за іх выкласці амаль свой тагачасны месячны заробак.  

kutas_2.jpg

Срэбраныя лыжкі з Нясвіжскага палацу Радзівілаў

Залаты ордэн імператара Франца-Ёсіфа

Мясцовы прадпрымальнік і калекцыянер Леанід Клінцоў напрыканцы Другой сусветнай вайны нарадзіўся ў Аўстрыі ў сям’і савецкага афіцэра. У спадчыну ад бацькі, які ў акупаванай краіне кватараваў у нейкім замку, Леаніду дастаўся і гэты цудоўны залаты з эмаллю імператарскі аўстрыйскі ордэн Франца-Ёсіфа — дзяржаўная ўзнагарода Аўстра-Венгрыі. На ордэне — асабісты дэвіз імператара Франца-Ёсіфа I «Viribus unitis» (з латыні — «Аб’яднанымі намаганнямі»), літары «FJ», лічбы «1849», двухгаловы чорны аўстрыйскі арол з імператарскай каронай і рэлікварый. Узнагарода была зацверджана Францам-Ёсіфам 2 снежня 1849 года, у дзень гадавіны каранацыі манарха, і існавала да 1918 года, калі Аўстра-Венгерская імперыя Габсбургаў прыпыніла сваё існаванне. Калі Леанід Клінцоў збяднеў, ён распрадаў сваю калекцыю. Менавіта тады я і прыдбаў гэты ордэн.

kutas_3.jpg

Кінжал «бебут»

Гэты крывы каўказскага ўзору кінжал «бебут», па-майстэрску скаваны ў 1915 годзе ўральскімі збройнікамі з гораду Златавуст, быў на ўзбраенні казакаў-артылерыстаў у войску Расійскай імперыі падчас Першай сусветнай вайны. Кінжал быў знойдзены недзе гадоў 20 таму мясцовымі жыхарамі ў прыпечку адной з закінутых хат вёскі Кнотаўшчына, што ў Мікалаеўшчынскім сельсавеце на Стаўбцоўшчыне.   

kutas_4.jpg

Кінжал «бебут»

Савецкія даваенныя манеты

У Стоўбцах жыве краязнаўца, мой сябра Іван Жыцкі, які шмат гадоў займаецца ўшанаваннем памяці воінаў Савецкай Арміі, загінуўшых на Стаўбцоўшчыне ў гады Другой сусветнай вайны. У лясным урочышчы каля чыгуначнай станцыі Коласава спадар Іван на свае грошы ўзвёў помнік палеглым, сабраў вялікі архіў дадзеных пра вайсковыя часткі і злучэнні, якія прымалі ўдзел у абароне і вызваленні нашага краю ад нацыстаў. Іван Жыцкі распавёў, што 28 чэрвеня 1941 года савецкія войскі ў ваколіцах Стоўбцаў збілі варожую заслону і паспрабавалі прарвацца на Мінск. Аднак нацысты акружылі савецкія часткі і амаль поўнасцю зніштожылі агнём артылерыі і мінамётаў. У красавіку 2008 года мы знайшлі ў раёне гэтых баёў парэшткі савецкага салдата Рыгора Сямёнавіча Сямёнава з Ленінградскай вобласці Расіі. Гэтыя парэшткі ў чэрвені 2008 года былі перапахаваныя ў брацкую магілу на плошчы Неўміручасці ў Стоўбцах. А тры савецкія даваенныя манеты, знойдзеныя разам з парэшткамі Рыгора Сямёнава, нагадваюць мне пра гэтага рускага салдата, які загінуў на беларускай зямлі.  

kutas_5.jpg