Юры Рубцоў на «хіміі» абвясціў галадоўку пратэсту
Грамадскі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, які адбывае пакаранне абмежаваннем свабоды ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну за абразу мінскага суддзі, абвясціў 22 cтудзеня бестэрміновую галадоўку.
«Я ўжо месяц знаходжуся ў гэтай папраўчай установе з нібыта шчаслівым № 7, — кажа
Рубцоў, — але гэтае «шчасце» нічым не пацвярджаецца: адміністрацыя так і не прапанавала працы з дэклараваным цяпер у краіне сярэдні заробкам у памеры 600 долараў. У
эквіваленце, канечне. Таму ад сёння я і абвясціў бестэрміновую галадоўку. І галадаць буду, пакуль мне не прапануюць працу са згаданым сярэднім заробкам альбо пакуль душа не пакіне цела. Я маю права
ахвяраваць сваім жыццём. Магчымы і такі варыянт — мяне выпусьцяць на волю, і я спыняю галадоўку. Улада павінна зразумець, што ў нас не павінна быць палітычных нявольнікаў».
Рубцоў заяўляе, што адначасна з галадоўкай і эканамічным патрабаваннем прадставіць працу з дэклараваным у краіне сярэднім заробкам у эквіваленце 600 долараў, ён выстаўляе і палітычнае
патрабаванне:
«Вылучыць штодзённа гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазіцыі, каб яна магла пазнаёміць грамадзянаў Беларусі з альтэрнатыўным поглядам на эканамічнае і палітычнае
жыццё ў краіне. Паводле беларускай Канстытуцыі, манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі альбо асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура іх, не
дапускаецца. Многія беларусы жывуць у палоне стэрэатыпаў, навязаных афіцыйнай прапагандай. У СМІ павінны быць альтэрнатыўныя погляды, крытыка цяперашняй палітыкі Лукашэнкі».
Як мяркуе Рубцоў, людзі павінны праз тэлебачанне пачуць , ці сапраўды ў нас годныя заробкі, нізкія кошты, найлепшая мадэль гаспадарання. Альбо — ці з'яўляецца паўзучае
абясцэньванне рубля дабром для краіны? Усяго за пару тыдняў беларусы збяднелі на траціну — і гэта пасля страшэннага абвалу нацыянальнай валюты ў 2011 годзе.
Свабода пацікавілася ў Рубцова, чаму ён прынцыпова стаіць на пазіцыі мець працу з заробкам у памеры 600 долараў?
«Хачу пераканацца, што такі заробак ёсць у рэальнасці. Напярэдадні мне прапаноўвалі працу на 4,5
мільёны рублёў. Але ж гэта толькі палова ад дэклараванага ўладамі сярэдняга заробку! Да таго ж з мяне будуць вылічваць падаткі на ўтрыманне міліцыянтаў, суддзяў, пракурораў — на
жабрацкі заробак я не магу і не хачу падтрымліваць існуючы рэжым», —заявіў Юры Рубцоў.
У кастрычніку 2014 году суддзя Цэнтральнага суду Мінску Наталля Вайцеховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за знявагу суддзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста
вясною — пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014». Рубцоў быў на шэсці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і
прывезлі ў суд у адных штанах.
Калі суддзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле словаў суддзі, назваў яго «падонкам». Касацыйную скаргу Рубцова Мінскі гарадзкі суд
адхіліў.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хельсынскі камітэт заявілі, што абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як
палітычнага вязня.
Чытайце таксама: Актывісты наведалі Рубцова на "хіміі".Юрый Рубцоў рыхтуецца
да галадоўкі пратэсту.
svaboda.org