Гены Васіля Шаранговіча

Калі Васіля Шаранговіча ў 1953 годзе прымалі ў камсамол, у яго спыталіся: “У каго верыш, у Леніна альбо Бога? Вася адказаў — у Леніна і Бога. У тыя часы такі адказ мог каштаваць вельмі дорага, а прыгадаў я яго для таго, каб нагадаць, што ў нашым жыцці не бывае толькі чорна-белых колераў. Летась Васіль Шарагновіч прэзентаваў мне кнігу ўспамінаў “Ген жыцця. А ў гэтым годзе я запісаў яго канцэнтраваны аповед пра галоўныя складнікі, што вызначылі яго лёс, які зараз і прапаную чытачам.

Ген мастацтва



1a15d41947a732c97943fa5624f570d7.JPG

Калі Васіля Шаранговіча ў 1953 годзе прымалі ў камсамол, у яго спыталіся: “У каго верыш, у Леніна альбо Бога? Вася адказаў — у Леніна і Бога. У тыя часы такі адказ мог каштаваць вельмі дорага, а прыгадаў я яго для таго, каб нагадаць, што ў нашым жыцці не бывае толькі чорна-белых колераў. Летась Васіль Шарагновіч прэзентаваў мне кнігу ўспамінаў “Ген жыцця. А ў гэтым годзе я запісаў яго канцэнтраваны аповед пра галоўныя складнікі, што вызначылі яго лёс, які зараз і прапаную чытачам.
Ген мастацтва
Мяне хрысцілі 14 студзеня 1939 года. Бацькі, асабліва мама, хацелі назваць Генадзем. Царква ж знаходзілася ў вёсцы Мікасецк, што ў шасці кіламетрах ад родных Качаноў. Кумы, дзядзька Пётр і цётка Ганна, па дарозе забыліся гэта незвычайнае для нашых мясцін імя. Што рабіць? Не вяртацца ж назад у такую сцюжу, а айцец Пятро Пароменскі параіў даць мне імя Васіль, бо 14 студзеня па царкоўнаму календару лічыцца днём святога Васіля Вялікага. Так і стаў Васілём, хаця ў народзе кажуць, што прозвішча даюць родныя, а імя трэба рабіць самому.
У школе вучыўся выдатна, з незвычайнай лёгкасцю. Напрыклад, я ніколі дома не вучыў на памяць вершы. Да школы было паўтара кіламетра, і пакуль ішоў, то, напрыклад, прачытаў па дарозе тое ж “Беразіно і на ўроку мог расказаць яго на памяць. Ведаў амаль усю “Новую зямлю Якуба Коласа, чытаў яе са школьнай сцэны, а таксама аднавяскоўцам.
Маляваць пачаў недзе з пятага класа, і першым настаўнікам была мама. Яна сама малявала ў вольны час, закончыла шэсць класаў польскай школы і ў юнацтве марыла стаць мастаком. Таму зусім натуральна, што яна ўсяляк падштурхоўвала маю схільнасць да малявання і паказвала мне, як намаляваць птушку, кветку альбо дрэўца ці пянёк. Бацька быў слынным кавалём, а таксама сталяром і слесарам, аб чым меў дыплом, атрыманы ў Вільні. Ён і мяне прывучаў да рамесніцкай працы, што ў далейшым жыцці вельмі спатрэбілася.
Думаю, генетычная аснова — амаль галоўны складальнік чалавечага лёсу. Гэта я адчуў на сабе, бо многае мне перадалося ад бацькоў, а можа і ад дзядоў.
Закончыўшы сем класаў з пахвальным лістом, захацелася прадоўжыць вучобу. А для гэтага трэба было ехаць у наш раённы цэнтр Мядзел, да якога трынаццаць кіламетраў. Бацькам клопат: трэба здымаць кватэру, даваць хоць нейкі харч. Сяляне ж пасля вайны жылі вельмі бедна, і таму з далёкіх вёсак рэдка якія дзеці вучыліся ў раённай сярэдняй школе.
Бацька дамовіўся з мядзельскай гаспадыняй, што я буду год у яе кватараваць за пабудаваную ёй веранду, а далей знаходзіў новыя магчымасці сваёй працай аплачваць выдаткі за кватараванне, бо грошай аніякіх у сям’і не было. Я і сёння ўдзячны бацькам, што, нягледзячы на цяжкія ўмовы, яны ўсімі сіламі падтрымлівалі маё імкненне да вучобы.
А тым часам цяга да малявання пачала памалу знікаць, і я стаў больш думаць аб матэматыцы, якую таксама любіў і якая мне лёгка давалася. Але ў сярэдзіне навучальнага года ў наш клас зайшоў нейкі высокі смуглявы настаўнік і сказаў: “Арганізоўваю гурток малявання, жадаючыя могуць прыходзіць. Гэта быў Генадзь Ігнатавіч Астроўскі, як я потым даведаўся — настаўнік матэматыкі, які адыграў лёсавызначальную ролю ў маім жыцці.

На адкрыцці выставы


На першыя заняткі гуртка прыйшло чалавек дваццаць, на другія — я і Міша Чарняўскі (у далейшым знакаміты гісторык-археолаг), на трэція — толькі я адзін. З Астроўскім паўгода мы пастаянна малявалі, сустракаліся пасля заняткаў амаль кожны дзень, і ён, убачыўшы мае поспехі, параіў паспрабаваць паступіць у Мінскую мастацкую вучэльню.
Крыху пра Генадзя Астроўскага. Гэта была асоба неардынарная, з тонкім пачуццём гумару, энергічны і добразычлівы чалавек. Акрамя захаплення мастацтвам, ён прыгожа граў на баяне, добра ведаў нотную грамату. У школе ўсе здзіўляліся, што ён са мной, вучнем 8-га класа, вітаецца за руку.
Ген настойлівасці
Закончыўшы восем класаў, я рашыўся падаць дакументы для паступлення ў Мінскую мастацкую вучэльню. Натуральна, ні капейкі ў бацькоў не было, але Астроўскі ўзяў усе выдаткі на сябе, і мы паехалі ў сталіцу. Такі вялікі горад я ўбачыў упершыню. Здалі дакументы і пайшлі ў мастацкую галерэю (Мастацкага музея тады не было), якая мясцілася ў доме на плошчы Свабоды, дзе зараз знаходзяцца розныя прафсаюзы. Наведалі салон-магазін, дзе Астроўскі накупіў розных фарбаў і пэндзляў, дайшлі да аўтавакзала і паехалі дадому.
Потым, зноў жа з дапамогай майго настаўніка, я прыехаў у Мінск здаваць уступныя экзамены. Спачатку маляваў так, як умеў, але заўважыў, што паступаючыя малююць штрыхамі, і наступны малюнак паспрабаваў зрабіць гэтаксама, але, натуральна, нічога слушнага не атрымалася, бо за яго я атрымаў “тройку, і зразумела, што паступленне не ўдалося.
Але гэта няўдача ніколькі не засмуціла, і ўвесь наступны навучальны год я працаваў упарта. Зноў падаўшы дакументы ў вучэльню, выдатна вытрымаў уступныя экзамены. Паколькі я быў выдатнікам у школе, то астатнія экзамены здаваць не трэба было, і дырэктар мастацкага вучылішча сказаў, каб я пакаваў чамадан.
А ў каго ў вёсцы мог быць чамадан? Бацька змайстраваў з тоненькіх дошак нешта падобнае на чамадан, з якім я і прыехаў у Мінск. Апрануты быў, думаю, вельмі экзатычна: зялёны фрэнч, сінія галіфэ (бацькі танна купілі ў вайскоўца), вышытая маці кашуля, зробленыя бацькам боты. Гэта быў 1955 год. Бацькі далі 100 рублёў (пасля рэформы 1961 года гэта ўсяго 10 — заўвага аўтара). У чамадане быў кавалак сала, некалькі яек. Інтэрната ў мастацкай вучэльні не было, і неабходна было шукаць кватэру ці хоць бы вугал для жыцця.

Васіль Шаранговіч і Міхась Чарняўскі


Перад ад’ездам бацька сказаў мне: “Вася, ты накіроўваешся ў вялікую дарогу, дык жыві з людзьмі і сярод людзей. Яго словы я запомніў на ўсё жыццё і прытрымліваўся гэтага наказу. А яшчэ ён дадаў, што калі нічога не атрымаецца, то каб вяртаўся дадому працаваць разам у кузні.
Два дні я “поўзаў па Мінску з цяжкім чамаданам (не фанера, а дошкі ўсё ж такі) у пошуках кватэры. Спаў на вакзале ці на якой-небудзь лаўцы. Так нічога не знайшоўшы, думаў ужо ад’язджаць дадому. І тут пашанцавала. Каля нашай вучэльні, што месцілася тады ў будынку Опернага тэатра, я сустрэў двух хлопцаў, з якімі разам паступаў. Яны якраз знайшлі кватэру і шукалі “трэцяга, якім я і апынуўся.
Калі пачаў вучыцца, то высветлілася, што на 1-ы курс набраны дзве групы: адна з тых, хто закончыў сем класаў, другая — з сярэдняй адукацыяй. Прыйшлося разам з віцебскім хлопцам Васем Ціханенкам ісці ў вячэрнюю школу, каб атрымаць агульную сярэднюю адукацыю.
Днём вучыўся маляваць, а вечарам ішоў у дзявятую вячэрнюю школу, што месцілася на Юбілейнай плошчы. Наступілі сапраўдныя галодныя гады, і я часам на вуліцы страчваў прытомнасць ад малакроўя. Бывала, падаў проста на асфальт.
Настаўнікі вячэрняй школы, як і ў Мядзельскай, зноў раілі мне кідаць маляванне і заняцца сур’ёзна матэматыкай. Я гэтага не зрабіў, але неяк непрыкметна захапіўся шахматамі. А праз нейкі час, ужо будучы студэнтам другога курса, пачаў займацца ў гуртку пад кіраўніцтвам міжнароднага майстра Шагаловіча.
Аднойчы я сыграў з ім унічыю, што з’явілася сенсацыяй. Майстар Шагаловіч пачаў мяне ўгаворваць кідаць мастацкае вучылішча і сур’ёзна заняцца шахматамі, бачачы ў маёй асобе будучага гросмайстра.
Тым часам стаў заўважаць, што цяга да шахмат мацнела, і ў вучылішча я браў эцюднік і шахматную дошку. І што дзіўна — гледзячы на “натуру, мне мроіліся клетачкі, на якіх бегаюць шахматныя фігуркі.
Я зразумеў, што трэба займацца нечым адным, і праз некалькі дзён, раненька прыйшоўшы да навучальных майстэрань, што непадалёку ад круглай плошчы, спусціўся да Свіслачы і з мосту кінуў у ваду шахматы, развітаўшыся з імі назаўсёды.

2002 год. Сяменая вандроўка ў Парыж


Ген выпадковасці
Мастацкае вучылішча скончыў у 1960 годзе. Як выдатніку, мне павінны былі выдаць чырвоны дыплом, але нешта пераблыталі і выпісалі сіні. Па маёй як бы “віне ўсе выпускнікі павінны былі чакаць два дні да атрымання дыпломаў.
У той час выдатнікі мастацкага вучылішча мелі права паступаць у інстытут па свайму жаданню, лепшыя ж павінны былі атрымаць накіраванне Міністэрства адукацыі. Я рашыў не паступаць у інстытут, а паехаць працаваць у Брэст па размеркаванню. Справа ў тым, што акрамя мяне ў сям’і было яшчэ трое (два браты і сястра) малодшых дзяцей, якія таксама хацелі вучыцца і якім трэба было дапамагаць.
Але тут здарылася нечаканае. Выклікаюць у ваенкамат, каб прызваць у армію, і падстрыгаюць “пад нуль. Я і забыўся, што падчас вучобы была адтэрміноўка. Мне аднакурснікі параілі паступаць у інстытут, бо там ёсць ваенная кафедра.
Паехаў дадому ў свае Качаны, каб параіцца з бацькамі. З мястэчка Мядзел прыйшоў дахаты толькі ноччу, пагрукаў у акно і напалохаў маці, якая ўбачыла на двары нейкага лысага юнака. Бацькі мне сказалі, што лепш вучыцца ў інстытуце, чым тры гады “аддаваць доўг радзіме невядома за што.
Словам, падаў заяву ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут за гадзіну да заканчэння прыёму дакументаў. Да гэтага да мяне падышоў аднакурснік па вучылішчы Пеця Свентахоўскі і запытаў, на якое аддзяленне я збіраюся паступаць. Пачуўшы, што на жывапіснае, ён стаў упрошваць падаць заяву на графіку, бо ўсе, хто меў права паступаць у інстытут, падалі заявы на жывапіс, і ніхто — на графіку. А паступіўшы на графіку, я потым змагу перавесціся на жывапіс, але затое не буду пры паступленні замінаць іншым.


Пагадзіўшыся з такім довадам, перапісаў заяву і паступіў на графічнае аддзяленне. Мне так спадабалася графіка, што я ў далейшым ніколі нават не падумаў, каб перавесціся на жывапіснае аддзяленне. Вось так выпадкова вырашыўся накірунак маёй далейшай творчай дзейнасці.
Ды і з будучай жонкай я таксама, можна лічыць, сустрэўся выпадкова, хоць тая сустрэча стала “выключэннем на ўсё жыццё. Адбылося гэта 8 мая 1960 года. Мой сябра, будучы пісьменнік, Адольф Варановіч (на жаль, ужо нябожчык) ніяк не мог пазнаёміцца з якой-небудзь дзяўчынай, тым больш саромеўся свайго імя (вядома ж, водгук вайны). Ён папрасіў мяне пайсці з ім на танцы ў парк Горкага, бо тады існавала такая мода, што дзяўчаты і хлопцы прыходзілі на танцы “парамі. Мне не хацелася ісці, але трэба ж было дапамагчы сябру. І вось на гэтых танцах я пазнаёміўся з Галяй, як высветлілася пазней, студэнткай філфаку БДУ. У далейшым мы сталі сустракацца, а ў 1962 годзе ажаніліся і ўжо 48 гадоў ідзём па жыцці поруч. Жонка жыла ў Віцебску, а я тут, у Мінску, да заканчэння інстытута. А гэта чатыры гады.
Закончыўшы тэатральна-мастацкі інстытут, абараніў дыпломную работу “Ілюстрацыі да паэм Янкі Купалы на “выдатна. А перад абаронай было абавязковае размеркаванне. Мне хацелася ехаць у Віцебск на выкладчыцкую працу ў педінстытут: там жыла мая жонка, цесць быў значным партыйным начальнікам, і ён, напэўна, дапамог бы атрымаць нейкую кватэру. Гэта пытанне вельмі турбавала, бо я з 13 гадоў туляўся па розных чужых кватэрах і інтэрнатах. У Мінску ж не бачыў ніякіх шанцаў хоць на нейкае сваё жытло.

Шаранговіч - студэнт вучэльні


Аднак старшыня камітэта па друку Р. Канавалаў прапанаваў мне застацца ў сталіцы мастацкім рэдактарам у выдавецтве “Беларусь, паабяцаўшы за год даць кватэру. І я застаўся ў Мінску.
Праз год мяне запрасілі ў свой жа родны тэатральна-мастацкі інстытут на выкладчыцкую працу, і я звярнуўся да таго ж Канавалава, каб ён адпусціў мяне з работы, бо я працаваў па накіраванню.
Хутка мяне абралі старэйшым выкладчыкам, а ў 1972 годзе — загадчыкам кафедры графікі. І гэта ў 33 гада, ды, як кажуць, пры жывым прафесары П. Любамудраве. Такога ў інстытуце яшчэ не было.
Кафедру давялося арганізоўваць практычна з нуля, паколькі ў свой час яна была закрытая, а цяпер адноўлена. Творчую работу не запусціў, а можна сказаць стаў працаваць з яшчэ большым імпэтам. На чарговым з’ездзе Саюза мастакоў мяне выбралі старшынёй рэвізійнай камісіі, а праз пяць гадоў — сакратаром Саюза мастакоў і старшынёй камісіі па рабоце з моладдзю, хаця сам я быў яшчэ зусім малады. Гэта грамадская дзейнасць накладвала на мяне яшчэ большую адказнасць. Працаваць давялося вельмі многа, так што сям’і і асабліва маленькай дачцэ мала ўдзяляў увагі. Сыходзіў з дому, калі яна яшчэ спала, і вяртаўся, калі ўжо засынала.
Дзеля праўды трэба сказаць, што мае высілкі на творчым і педагагічным шляху былі належным чынам адзначаны. У 1975 годзе мне прысвоілі званне дацэнта, у 1978 — званне заслужанага дзеяча мастацтваў, а ў 1981 годзе я стаў прафесарам, зноў жа самым маладым у гісторыі нашага інстытута.
Ген непакорнасці
Тым часам у тэатральна-мастацкім інстытуце разгортваліся свае падзеі. У 1984 годзе вымушана была пайсці з пасады рэктара Э.П. Герасімовіч, а на яе месца нечакана быў пастаўлены загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва А. В. Сабалеўскі.
Справы ў інстытуце пагоршыліся, калектыў стаў развальвацца проста на вачах, і гэта не засталося незаўважаным у “вярхах. Небезвядомы І. І. Антановіч, загадчык аддзела культуры ЦК КПБ, бачачы памылку ў прызначэнні, прапанаваў мне стаць першым прарэктарам (прарэктарам па навучальнай рабоце). Я, напэўна, з паўгода думаў. Угаворвалі як калегі, так і Антановіч. Усё ж такі згадзіўся, і на пачатку 1986 года быў прызначаны прарэктарам. І вось цяпер увесь груз выпраўлення становішча ў інстытуце зваліўся на мяне. Творчая работа адышла на другі план і, як потым высветлілася, вельмі надоўга.
У 1989 годзе рэктар А. Сабалеўскі быў звольнены з пасады, а в. а. рэктара інстытута міністр культуры прызначыў мяне. У гэты самы час уступіла ў дзеянне новае дэмакратычнае правіла — рэктары ВНУ не прызначаюцца, а выбіраюцца калектывам, уключаючы студэнтаў, а дакладней, прадстаўнікамі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў. Яны ж, у сваю чаргу, выбіраюцца ўсімі падраздзяленнямі ВНУ. У першым туры выбараў тайным галасаваннем з сямі прэтэндэнтаў больш 50% галасоў набраў адзін я і ў другім туры быў выбраны аднагалосна.
Трэба сказаць, што я стаў першым і апошнім рэктарам, якога выбраў калектыў, бо потым гэта правіла было адменена. Думаю, што выбары кіраўнікоў калектываў адыгрывалі станоўчую ролю. Бо ў такім разе кіраўнік адчувае абвостранаю адказнасць перад даверам калектыву, а не перад рознага рангу чыноўнікамі. Усё гэта я адчуў на сабе.
Падчас свайго рэктарства, а 90-я гады былі вельмі складанымі як у эканамічным, так і ў палітычным плане, мне ўдалося правесці шэраг рэформаў. Першае — гэта ў 1991 годзе рэарганізаваць тэатральна-мастацкі інстытут у Беларускую акадэмію мастацтваў. Першапачатковая назва аніяк не адпавядала сутнасці інстытута — была адкрыта падрыхтоўка спецыялістаў кіна- і тэлемастацтва, ужо існаваў факультэт дызайну.
За заслугі перад мастацтвам і мастацкай адукацыяй у 1991 годзе мне было прысвоена ганаровае званне “Народны мастак Беларусі.
Паступова акадэмія мастацтваў пераходзіла на беларускую мову навучання. Усё справаводства было пераведзена на беларускую мову адразу з маім прыходам на пасаду рэктара. У навучальныя планы былі ўведзены беларуская мова і літаратура, беларуская гісторыя. Увесь калектыў акадэміі не прымусова, а натуральна стаў карыстацца беларускай мовай.
У 1995 годзе акадэмія шырока адзначыла 50-годдзе з дня заснавання, яе грамадскі аўтарытэт стаў вельмі высокім.
Цягам часу я адчуў пільную ўвагу да акадэміі і асабліва да сваёй персоны з боку ўладных структур. Залішняя дэмакратычнасць, панаванне беларускай мовы, удзел выкладчыкаў і студэнтаў у грамадскіх акцыях — усё гэта не магло задаволіць вышэйшыя эшалоны ўлады.
І вось у 1997 годзе пад канец прыёмных экзаменаў у акадэмію мастацтваў заявілася камісія ў складзе начальніка ўпраўлення паліўна-энергетычных рэсурсаў Дзяржкантролю нейкага Ложачніна і яго паплечніка. Ужо ў размове са мной яны выказалі абсурдныя абвінавачванні. Вядома ж, гэтыя людзі былі далёкія ад мастацтва, як неба ад зямлі. Пад вечар таго ж дня яны зніклі, экзамены праз некалькі дзён закончыліся, і я пачаў забываць непрыемную сустрэчу.
А праз нейкі час, прыйшоўшы раней на работу, я яшчэ да 9-ці раніцы пазваніў першаму намесніку міністра культуры Ул. П. Рылатку, а той у мяне пытаецца: “Вы што, на працы? А газету “Советская Белоруссия не чыталі? Тады пачытайце. Адчуўшы нешта нядобрае, выйшаў на вуліцу, купіў вышэйназваную газету і там прачытаў, што я зняты з працы за “міфічныя парушэнні пры правядзенні ўступных экзаменаў. Так, “добра папрацаваў тагачасны віцэ-прэм’ер небезвядомы палкоўнік Замяталін!
У гэтым годзе спаўнялася 30 гадоў маёй педагагічнай і 35 гадоў творчай дзейнасці. Вось дык падарунак!
Неўзабаве мяне запрасіў міністр культуры А. У. Сасноўскі і прапанаваў стаць дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея, але я адмовіўся. Тады міністр прапанаваў узначаліць музей сучаснага выяўленчага мастацтва, якога не існавала, а была толькі пастанова Савета Міністраў аб яго стварэнні. Усё трэба было пачынаць з чыстага ліста, і я згадзіўся.
Стварыў новы ў Беларусі музей, ён стаў папулярным не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. За час працы ў музеі выканаў шэраг творчых работ, бо вольнага часу было больш, чым у Акадэміі.
А тут незаўважна наблізілася сямідзесяцігоддзе. Напісаўшы аўтабіяграфічную аповесць “Ген жыцця, выдаўшы альбом аб сваёй творчасці, арганізаваўшы ў сваім жа музеі юбілейную выставу, я падаў заяву аб звальненні з пасады дырэктара і нарэшце стаў вольным мастаком, аб чым марыў са студэнцкіх гадоў.