Францішак Багушэвіч: Паўстанец, які працаваў следчым, але марыў быць пісьменнікам
184 гады таму, 21 сакавіка 1840 года, у фальварку Свіраны нарадзіўся адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Яго творчасць стала падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя.
Прадмова-запавет Францішка Багушэвіча і нават нацыянальны маніфест да «Дудкі беларускай» і цяпер адгукаецца ў беларусаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умерлі». Пасля паўстання Багушэвічу прыйшлося пражыць каля дваццаці гадоў на чужыне, а вярнуўся дадому ён амаль напрыканцы жыцця, нагадвае palatno.
Паўстанец, які марыў быць пісьменнікам
Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў вёсцы Свіраны — цяпер гэта тэрыторыя сучаснай Літвы. Яго бацькамі былі прадстаўнікі беларускай дробнай шляхты. Пасля нараджэння Францішка сям’я пераехала на Ашмяншчыну, дзе бавіў час у сялянскім асяроддзі.
Скончыў Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбургскі ўніверсіт, адкуль яго адлічылі за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Багушэвіч заспеў Паўстанне Кастуся Каліноўскага і актыўна ў ім удзельнічаў. Вядома, што ён быў паранены падчас аднаго з баёў. Пасля падаўлення паўстання царскімі ўладамі Багушэвіч уцёк на тэрыторыю Украіны — там паступіў у юрыдычны ліцэй. Асноўнай прафесіяй Францішка становіцца следства: ён паспеў адпрацаваць у Расіі і Украіне.
У 1881 годзе яшчэ адзін беларус Ігнат Грынявіцкі забіў імператара Аляксандра II, а праз два гады каранавалі Аляксандра III — і той абвясціў амністыю. Так, у 1883 годзе, амаль праз дваццаць гадоў пасля паўстання Францішак Багушэвіч вярнуўся на радзіму.
Ён працягваў займацца адвакацкай дзейнасцю, а яго кліентамі вельмі часта станавіліся сяляне. Напрыканцы жыццё захацеў кінуць службу, каб займацца творчай дзейнасцю.
Памёр 28 красавіка 1900 года ў бацькоўскай сядзібе ў Кушлянах. Багушэвіч пахаваны ў Жупранах — аграгарадку ў Ашмянскім раёне.
Прадмова да «Дудкі беларускай»
Францішак Багушэвіч пісаў на беларускай лацінцы, таму ў арыгінале прадмова да «Дудкі беларускай» таксама напісаная на лацінцы. Творчымі псеўданімамі Багушэвіча былі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка.
Упершыню Багушэвіч пачаў друкавацца пасля Паўстання Каліноўскага, прыкладна, у 1880-я гады. Яго першыя вершы былі напісаныя па-польску — іх знайшлі ва ўкраінскім Львове. Асобны перыяд жыцця ў Францішка прайшоў пад знакам публіцыстыкі: пісаў нататкі і артыкулы для польскамоўнага часопіса «Край» пад рознымі псеўданімамі.
У 1891 годзе выйшаў першы зборнік Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Даследчыкі творчасці Багушэвіча адзначалі, што аўтар напісаў яшчэ два зборнікі — «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка». На жаль, іх лёс дагэтуль невядомы: іх збіраліся надрукаваць і выдаць ужо пасля смерці Багушэвіча, аднак гэта не было зроблена. Багушэвіч пісаў паэмы, байкі, сатыру, апрацоўваў народныя казкі — спрабаваў сябе ў розных жанрах.
Прадмова
«Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя — са жменя таго народу, — якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б! А можа, і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў — больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму?
Глядзіце таксама
Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!
Спрадвеку, як наша зямелька з Літвой злучылася, як і з Польшчай з’ядналася дабравольна, дык усе яе «Бяларусяй» звалі, і недарма ж гэта! Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая; нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася.
Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы.
Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панавання князя Вітэнэса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасці, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаванне князёў Літоўскіх, а после Вітэнэса Літоўскі князь Гядымін злучыў зусім Беларусію з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменьца места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь! Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…»