Адышоў у лепшы свет гісторык і літаратуразнаўца Аляксей Каўка
Сёння, 21 сакавіка, не стала літаратуразнаўцы Аляксея Каўкі. Навукоўцу было 86 гадоў. Аляксей Каўка з 1965 года жыў у Маскве і выдаваў там гісторыка-літаратурны альманах «Скарыніч».
Аляксей Каўка — беларускі гісторык і літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч — нарадзіўся 20 верасня 1937 года ў Чурвеньскім раёне ў вёсцы Машчаліна. Доктар філалагічных навук (1991), кандыдат гістарычных навук (1971).
Скончыў БДУ ў 1961 годзе, Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1971). 3 1965 года жыў у Маскве. Працаваў у 1970-1980 гадах у Інстытуце эканомікі сусветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР, у 1979-1982 гадах быў прадстаўніком Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з замежжам, дарадца амбасады СССР. 3 1987 года — галоўны рэдактар часопісу «Советское славяноведение», з 1989 года працаваў у Інстытуце сусветнай літаратуры імя Максіма Горкага Расійскай Акадэміі навук.
У 1976-1977 гадах напісаў «Ліст да рускага сябра» («Письмо русскому другу») — палемічны твор пра стан беларускай мовы і парушэнне моўных правоў у Савецкай Беларусі. Ліст распаўсюджваўся самвыдатам, патрапіў у Польшчу, затым — у Лондан, дзе быў выдадзены паралельна на рускай і англійскай мовах у 1979 годзе.
Дзякуючы таму, што Каўка меў дыпламатычны пашпарт, на Захад патрапіла паштоўка беларускага мастака Яўгена Куліка, якая была прысвечаная 1000-годдзю Беларусі (1980). Гэтая дата была адзначаная цэлым шэрагам акцыяў беларускае апазіцыі, сярод якіх і выпуск паштовак. Беларуская дыяспара ў ЗША аддрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Факт выхаду такой паштоўкі стаў прадметам разбору КДБ.
Таксама пераслаў на Захад рукапіс кнігі беларускага сацыёлага Алега Бембеля «Родная мова і сацыяльны прагрэс». Гэтая кніга сталася вынікам сацыялагічных даследаванняў і экспертных ацэнак статусу беларускае мовы ў БССР і сведчыла пра палітыку КПСС у нацыянальнай сферы. У 1985-м кніга была выдадзеная ў Лондане на беларускай мове і атрымала распаўсюджанне сярод колаў беларускае апазіцыі. Супраць аўтара адразу распачаўся пераслед, але пачатак перабудовы выратаваў яго. Гэтая кніга мела вялікае значэнне для развіцця беларускае грамадскай думкі ў другой палове 1980-х. У перасылцы рукапісу на Захад праз Варшаву Каўку дапамагаў гісторык, дзеяч беларускага руху ў Польшчы Юры Туронак.
Быў сябрам КПСС з 1956 году. У студзені 1991-га, на другі дзень крывавае драмы ў Вільні, даслаў з Ленінграду (быў там у камандзіроўцы) на імя Гарбачова ў ЦК, а таксама сакратару парткаму свайго інстытуту тэлеграму аб сваім выхадзе з «партыі — жандара і ворага нацыянальнага самавызначэння народаў».
У 1989-м быў абраны ў Сойм БНФ I-га склікання. Пасля адышоў ад партыйнае дзейнасці. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні ў Маскве акцыяў, накіраваных на абарону правоў чалавека ў Беларусі.
Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, савецка-польскіх адносінаў. Яшчэ канца 1970-х гадоў распрацоўваў праблемы адраджэння і станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, вывучаў творчасць Францыска Скарыны, Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Міколы Улашчыка і інш. Укладальнік літаратурна-навуковых штогоднікаў «Скарыніч».