Аляксей Марачкін

Наша гутарка адбылася ў майстэрні вядомага мастака Аляксея Марачкіна (Алесь Мара), што месціцца ў знакамітым «Доме над Свіслаччу». Аляксей Антонавіч патлумачыў, што атрымаў яе яшчэ ў 1992 годзе пры кіраўніцтве Станіслава Шушкевіча. Дарэчы, гэта была апошняя майстэрня, пабудаваная на сродкі Саюза мастакоў пры падтрымцы дзяржавы. Сёння такое немагчыма, бо Марачкін не з тых, каму існуючая ўлада нешта дае ўвогуле. Акрамя гумовых палак, канешне…

Першыя колеры



743394beff4b1282ba735e5e3723ed74.jpg

Наша гутарка адбылася ў майстэрні вядомага мастака Аляксея Марачкіна (Алесь Мара), што месціцца ў знакамітым «Доме над Свіслаччу». Аляксей Антонавіч патлумачыў, што атрымаў яе яшчэ ў 1992 годзе пры кіраўніцтве Станіслава Шушкевіча. Дарэчы, гэта была апошняя майстэрня, пабудаваная на сродкі Саюза мастакоў пры падтрымцы дзяржавы. Сёння такое немагчыма, бо Марачкін не з тых, каму існуючая ўлада нешта дае ўвогуле. Акрамя гумовых палак, канешне…
Першыя колеры
Аляксей Марачкін нарадзіўся ў вёсцы Папоўшчына (Чэрыкаўскі раён Магілёўскай вобласці) 30 сакавіка 1940 года, на рэлігійнае свята мучаніка Аляксея, але памылкова ў пашпарце напісана — 10 сакавіка. Справа ў тым, што падчас ваенных закалотаў пасведчанне аб нараджэнні не захавалася. І ў школе дзень сваіх народзінаў ён назваў амаль наўгад, бо дакладна ведаў толькі год. Пазней спытаў у маці, калі адзначаецца «святы Аляксей», і пачуў — напрыканцы сакавіка, а калі паглядзеў царкоўны каляндар, то ўбачыў — 30-га.
Назва вёскі Папоўшчына для савецкай улады і яе ваяўнічага атэізму гучала непрывабна, таму вёску перайначылі ў Новую Слабаду, але ніхто яе так і не пачаў называць па-новаму.
Бацькі будучага мастака — Антон Мікалаевіч і Хадора Хролаўна. Імя маці даволі рэдкае. Так атрымалася, што літару «ф» у той мясцовасці не вымаўлялі. Яе як бы не было ўвогуле: Хведзя, хвасоля...
Часы вайны помняцца як праз сон, але дзіцячыя ўспаміны ўсё ж захаваліся. Прыгадаўся адзін з выпадкаў. Аднойчы Марачкін схаваўся ў жыта, каб лепш было глядзець на бойку паміж нямецкімі самалётамі і савецкімі «стракозамі» (іх называлі менавіта так), і ўбачыў, як за адным самалётам з’явіўся чорны дым. Выбуху не было. Прайшло больш за сорак гадоў, і калі пачалі асушаць балоты, знайшлі той самалёт. Расказвалі, што, як паднялі яго з вады, то ўбачылі — у торфу захавалася амаль усё. Загінуўшы савецкі лётчык быў як жывы. Пазней дазналіся яго імя і паставілі помнік.
А яшчэ запомнілася вяртанне з вайны бацькі. Было гэта раніцай. Ён прыйшоў з палявой вайсковай торбай за плячыма. Ніякіх трафеяў там, мабыць, не было. Адзінае, што з’явілася ў доме новае, — вялізны стос каляровых паштовак. Гэта былі рэпрадукцыі розных карцінаў.
Захапленне фарбамі
Седзячы на печцы, патэнцыйны мастак любіў разглядаць гэтыя паштоўкі. Было вельмі цікава — Леанарда да Вінчы, Тыцыян, Рэмбрант... Пазней арыгіналы ён убачыць у розных музеях свету і заўжды будзе ўспамінаць тыя, з дзяцінства, паштоўкі. І той момант, калі захацелася нешта намаляваць самому.
Яшчэ ў школе ён марыў паступіць у мінскую вучэльню, якая рыхтавала мастакоў. Пасля ўступных экзаменаў тагачасны дырэктар Краснеўскі сабраў чалавек пяць-шэсць (сярод якіх быў і Аляксей Марачкін) і сказаў: усіх вас прыняць не магу, тым больш, што па конкурсу вы не праходзіце, раю ўзяць нашы экзаменацыйныя лісты і паехаць у Віцебск у мастацкі тэхнікум. Дарэчы, там калісьці спрабаваў вучыцца Васіль Быкаў. На той час там пачалася рэарганізацыя. Былы тэхнікум ператваралі ў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Так хлопцы і зрабілі.
На апошнім, чацвёртым, курсе пабраўся шлюбам. Вучыцца хацелася далей, але Аляксей добра ўяўляў, што наперадзе чакае армія, і таму як настаўнік па малюнку і чарчэнню ў 1962 годзе паехаў па размеркаванні ў глыбокае Палессе. У вёску Рубель Столінскага раёна.
Служыў пад Барысавам, у знакамітых Пячах. Калі прызываўся, на плячах трымаў эцюднік з фарбамі. Адзін з сяржантаў на размеркавальным пункце спытаў: ты што, на рыбалку сабраўся ці ў армію? Мабыць, гэта нагадала яму «скрыню» для зімовай рыбалкі. Давялося патлумачыць.
У «вучэбцы» навучылі кіраваць танкамі, аднак больш часу ён маляваў плакаты ў Доме афіцэраў. І маляваў добра, таму далей нікуды не адправілі. На адным з плакатаў замест «воин — будь бдителен» напісаў «воин — будь спокоен». Ніхто гэтага не заўважыў.
Арганізаваў для афіцэрскіх дзяцей студыю выяўленчага мастацтва. Дарэчы, сярод іх быў руды хлопчык Мікола Ісаёнак — сёння гэта вядомае прозвішча ў беларускім мастацтве.
Пасля войска вырашыў перабрацца бліжэй да Мінска. Працаваў два гады настаўнікам у СШ № 4 у Жодзіна. І паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
Так атрымалася, што ў гэты час народны мастак Беларусі Іван Восіпавіч Ахрэмчык неафіцыйна (пра гэта студэнты даведаліся пасля), тайна ад Масквы (ведала толькі беларускае кіраўніцтва) адкрыў у БДТМІ, дзе быў загадчыкам кафедры, факультэт жывапісу. Афіцыйна ўсе паступалі на «дызайн і інтэр’ер», а неафіцыйна вучыліся зусім іншаму.
Жыццёвыя сюжэты
Ахрэмчык ведаў, што Марачкін «ціхі дысідэнт», але імкнуўся не звяртаць на гэта асаблівай увагі. Наадварот, папярэджваў. Маўляў, трэба быць асцярожным, бо інакш вучобы не закончыць. На жаль, у гэтым Аляксей не быў паслухмяным. Дух супраціву натхняў і ўзбуджаў.
Цікавы выпадак. Усім студэнтам загадалі напісаць што-небудзь да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна. Ён зрабіў «Смаленне чорнага кабана». Можна толькі ўявіць, які вэрхал падняўся. У рэктарат патэлефанавалі з Міністэрства асветы, і Марачкіна выклікалі ў адпаведныя інстанцыі. Але ён застаўся на сваіх пазіцыях, бо не бачыў ніякай крамолы ў сваім творы. Хапіла нават нахабства сказаць чыноўнікам, што «вождь» пралетарыяту любіў таксама паесці сала.
Перад дыпломам Марачкін паказаў свайму кіраўніку эскізы да карціны «Гуканне вясны», хацеў напісаць менавіта гэты твор. Традыцыйная беларуская тэма. Не тое, што рабіць яе забаранілі, проста параілі намаляваць іншае. Дакладней, Жодзінскі аўтазавод з яго магутнымі БелАЗамі.
А «Гуканне вясны» ён потым усё ж такі намалюе. Доўгі час гэта карціна будзе сярод пастаянных экспанатаў Нацыянальнага мастацкага музея, але прыйдуць «новыя кіраўнікі дзяржавы», і яе схаваюць. Гэтак жа адбылося і з карцінай «Вераніка і Максім», якую перад візітам Лукашэнкі ў «новы корпус музея» паслугачы рэжыму хуценька прыбралі з экспазіцыі.
Па вялікаму ж рахунку, Аляксей Марачкін лічыць сябе прадстаўніком незапатрабаванага пакалення, бо ў яго маладосці трэба было маляваць толькі так, як загадала КПСС. А ён ніколі не працаваў «на заказ». Не маляваў ні Леніна, ні Маркса з Энгельсам. На карцінах Марачкіна — іншыя героі: Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі, Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт Вялікі, Іван Луцкевіч, Цётка…
Сёння за нешта падобнае, магчыма, атрымаў бы (калі б сябраваў з уладай) дзяржаўную прэмію, але Марачкін імкнецца абысціся без такой ласкі. У 90-я гады, калі Саюз мастакоў вылучаў яго на званне заслужанага дзеяча мастацтва, прынцыпова адмовіўся.
Палітра жыцця
Магчыма, гэта задужа пафасна, але з гадамі Марачкін пачаў разумець, што МЫ — НАРОД, НАЦЫЯ і, каб не згубіцца ў свеце, павінны не забываць, адкуль і хто мы. Творчы арыенцір ён узяў на этнаграфічнасць і гістарычныя партрэты. Нават у нейкім сэнсе абмежаваў у сабе пошукі «чыстага мастацтва».
У 1990 годзе пры Саюзе мастакоў Беларусі была створана суполка «Пагоня». Менавіта «пры», бо ад самастойнай рэгістрацыі амаль адразу яны адмовіліся. Таму што ў нашай дзяржаве гэта стварае вельмі шмат праблем.
Марачкін быў маральна падрыхтаваны да перабудовы, і таму цалкам лагічна тое, што менавіта яго прызначылі загадчыкам кафедры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтва. Дагэтуль ён займаўся вольнай творчасцю і некалькі гадоў быў галоўным мастаком у мастацкім фондзе БССР — адказваў за мастацка-ідэйны ўзровень таго, што рабілася ў нашых вытворчых майстэрнях.
На гэтай пасадзе Аляксей Марачкін пратрымаўся крыху больш за 10 гадоў. Новыя ўлады выціснулі з пасады загадчыка кафедры, і, на яго погляд, паступілі неразумна, бо тым самым як бы падштурхнулі запоўніць нішу нонканфармізму, мастацтва супраціву. Марачкін пачаў маляваць карціны тыпу «Плошча Каліноўскага», «Звычайны нацюрморт» і г. д. Знакаміты Звон волі — гэта таксама Марачкін і яго аднадумца скульптар Шатэрнік.
У 2005 годзе Аляксея Марачкіна абралі Старшынёй Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (угаварылі паэт Генадзь Бураўкін і акадэмік Радзім Гарэцкі), якім прабыў да лета мінулага года. Пасада вельмі значная для грамадскай біяграфіі Марачкіна, аднак менавіта ён быў адным з тых, хто сустрэў рэформы апошняга часу вельмі насцярожана, і, як лічыць сёння, мякка кажучы, расчараваны яе дзейнасцю.
Перш за ўсё таму, што адчуў хвалю так званай «управляемой оппозиции». На яго думку, залішне многае сёння вырашаецца таемна, у нейкім закуліссі.
Найбольш яскрава гэта праявілася падчас правядзення апошняга з’езда. 21 арганізацыя (цягам года) адмовілася даць памяшканне для яго правядзення. Марачкін агучыў, што іх гатовыя прыняць у Вільні, і раптам пытанне было вырашана. Многія ўспрынялі гэта як «кароткі павадок».
У тым, што для правядзення з’езда лепш за ўсё было абраць Вільню, куды б маглі прыехаць беларусы, якія да не спадобы існуючай уладзе (Івонка Сурвіла, напрыклад), Аляксей Марачкін упэўнены і сёння. Як і ў тым, што «Бацькаўшчыне» нельга працаваць пад нечым кантролем. Пакінем гэта без каментараў. Адзначым толькі, што ёсць і супрацьлеглая думка.
Як і многія, Аляксей Марачкін пытаецца ў сябе: «Навошта мастаку палітыка?» І разумее, што не можа інакш, бо вельмі востра рэагуе на падман, знявагу, цемрашальства. Можа, у іншых гэтае адбываецца іначай. Ён не вінаваціць тых мастакоў, пра якіх некалі склаў такія радкі: «Штодня малюю хмызнякі і застаюся на вякі...» Толькі адны хмызнякі ён маляваць не зможа ніколі. Мастаку не да душы фальш, якая адчуваецца паўсюдна. Асабліва ў культурнай палітыцы. На жаль, сёння з усяго беларускага (мова, культура) робіцца звычайны сувенір. Каб было што паказаць за мяжой — зубры, буслы, ручнікі і таму падобнае.
Аляксей Марачкін. Алесь Мара. Мастак. Паэт. Грамадскі дзеяч. Асоба — ва ўсіх сваіх іпастасях. І ва ўсіх — выбітная. Адзін з найбольш заўважных архітэктараў беларускага адраджэння хвалі 1990-х, беларускага трэцяга сектару, ён сам па сабе — трэці сектар. Як у Хемінгуэя: кожны чалавек — мацярык. Тым больш такі, такога маштабу і таленту, як Аляксей Марачкін.
Ён не можа схавацца пад стол, пад падушку альбо зрабіць выгляд, быццам нічога не адбываецца. Не змагаецца за нейкую пасаду, але і не парывае з Народным Фронтам, у якім з самага пачатку існавання. Мастак не можа здрадзіць сваім думкам і стаць на калені перад цемрай. І галоўнае — Аляксей Марачкін не адзін такі.